И на каникулах дети не забывали о книгах

книгаВось і скончыліся летнія канікулы – самая любімая пара для дзетак. Лета для хлопчыкаў і дзяўчынак – гэта пара адпачынку, калі можна пазабыць пра школу і ўрокі і ўволю набегацца з сябрамі, гэта пара новых прыгод, падарожжаў і цікавых сустрэч.

Дзіцячая бібліятэка імкнецца напоўніць вольны час школьнікаў цікавымі і карыснымі мерапрыемствамі, таму падчас летніх канікул у нас праводзіліся разнастайныя конкурсы, гульнёва-пазнавальныя праграмы, літаратурныя вандроўкі, кніжныя выставы.
Да Міжнароднага дня абароны дзяцей, святкаванне якога адбывалася ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, бібліятэка падрыхтавала выставу-прагляд новых кніг “Кніжнае сузор’е” і гульнёвую праграму “Казачнае лато”. Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь таксама была падрыхтавана выстава пад назвай “Наша маці – Беларусь!” , якая адлюстроўвала гісторыю і сучаснасць нашай Радзімы, хараство роднай прыроды, славутых куточкаў Беларусі.
На працягу лета частымі гасцямі нашай бібліятэкі былі дзеці школьных лагераў дзённага знаходжання. Так, на свята “Кветкі – усмешка прыроды!” былі запрошаны дзеці з лагераў гімназіі № 1 і Гудагайскай сярэдняй школы. Яны пачулі шмат прыгожых легенд пра кветкі, пазнаёміліся з выставай, прысвечанай гэтым раслінам, кветкавым гараскопам па датах нараджэння, паўдзельнічалі ў віктарыне. У чэрвені супрацоўнікі бібліятэкі наведалі аздараўленчы лагер “Ластаўка” з гульнёвай праграмай “Ура, канікулы!”.
Для школьных лагераў былі таксама праведзены такія мерапрыемствы, як “Чытаем беларускую кнігу”, конкурсная праграма “Пасябруйце з кнігай летам”, мэтай якіх стала абудзіць цікавасць дзяцей да кнігі. Патрыятычны характар насіў урок “Наш мир завещено беречь”.
Вельмі спадабалася выхаванцам і настаўнікам лагера СШ №1 гадзіна цікавых паведамленняў “Астравеччына спартыўная”. Яе ўдзельнікі даведаліся пра нашых землякоў спартсменаў, трэнераў і іх выхаванцаў, якія атрымоўваюць высокія ўзнагароды і званні, праслаўляючы тым самым наш горад і раён: Аляксея Маргужа, Яўгена Красоўскага, Аляксандра Філіповіча, Віталя Бандарэнку, Ігара Гануліча, Мікіту Ромаша, Яну Гануліч, Алесю Блашкевіч, Дзяніса Зуева і іншых. Паведамленне пра спартсменаў было дапоўнена гульнямі па розных відах спорту, спаборніцтвамі на найбольшую колькасць слоў спартыўнай тэматыкі.
Напярэдадні новага навучальнага года дзеці ўдзельнічалі ў гульнёва-пазнавальнай праграме “Падарожжа ў школьную краіну”: успаміналі школу, урокі, настаўнікаў. Цікавай была гульня “Збяры партфель з завязанымі вачыма”. Школьнікі павінны былі сабраць партфель з рэчаў, выкладзеных на стол, прычым усё гэта рабілася з завязанымі вачыма. Падчас мерапрыемства дзеці паўдзельнічалі і ў іншых віктарынах, конкурсах, гульнях, прысвечаных школе, разгадвалі загадкі.
Традыцыйна кожны год дзіцячая бібліятэка праводзіць конкурс летняга чытання “Лета і кніга”, мэтай якога становіцца актывізацыя чытання падчас летніх канікул. Удзельнікам мог стаць кожны, а пераможцамі сталі самыя актыўныя. Па ўмовах конкурсу дзеці павінны былі на працягу лета наведваць бібліятэку, чытаць кнігі, прымаць удзел у мерапрыемствах, адказаць на пытанні віктарыны. Кожны атрымаў спецыяльны буклет з заданнямі і ўмовамі конкурсу. Пераможцамі сталі Мілана Шапавалюк і Ульяна Ляўкевіч. Заахвочвальныя прызы атрымалі Дар’я Пунжаль, Анастасія Веська, Карына Гродаль, Надзея Грынцэвіч, Анастасія Кайрыс, Дзіяна Карабец і інш. А самай юнай удзельніцай конкурсу стала Яна Лаўрыновіч.
Кніга – сродак не толькі пазнання навакольнага свету, але і выхавання. І задача дарослых – заахвоціць дзяцей да чытання, прывіць любоў да кнігі. Мы, работнікі бібліятэкі, заўсёды імкнёмся да гэтага, асабліва падчас летніх канікул дзяцей.

-----------------------------
Таццяна Кошчыч, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі.