Хочу на ручки!

“Не насі дзіця на руках, а то прывыкне!”, “Не звяртай увагі, паплача – перастане”... Па праўдзе кажучы, гэтыя, невядома кім прыдуманыя правілы мяне шакіруюць. Хаця хто іх прыдумаў, няцяжка здагадацца – нашы бабулі-прабабулі, якія вымушаны былі працаваць з ранку да вечара, таму не маглі сабе дазволіць “прывучаць” дзіця да сябе. Аднак гэта хутчэй трагедыя таго часу, чым прыклад для пераймання.


Усе псіхолагі ў адзін голас сцвярджаюць, што маленькіх дзяцей нельга пакідаць плакаць, што дзеці, якіх носяць на руках, цалуюць, гладзяць – больш спакойныя, яны лепш растуць і развіваюцца.

Мой знаёмы неўролаг лічыць, што псіхіка чалавека фарміруецца да трох гадоў, і калі яе траўміраваць у такім раннім узросце – у далейшым чалавек будзе пакутаваць ад дэпрэсій, комплексаў і іншых цяжкасцей асабістага характару. І самы лепшы сродак ад дзіцячых неўралагічных захворванняў – гэта маміна любоў.

Аб гэтым пішуць і педыятры У. і М. Сірс у сваёй кнізе “Ваша дзіця”, якія, між іншым, вырасцілі васьмёра сваіх дзяцей. Дзіця не проста так не злазіць з вашых рук: яму жыццёва неабходна адчуваць цяпло мамінага цела, чуць стук яе сэрца – яно прывыкла да гэтага за девяць месяцаў унутрывантробнага існавання.

“Тысячагоддзямі немаўляты знаходзіліся на руках у мам, а не адзінока ляжалі ў ложку”, – нагадвае псіхолаг Жан Лэндлоф.

Ды ўвогуле, не трэба быць спецыялістам, каб разумець, што калі дзіця так хутка супакойваецца на руках менавіта ў мамы – значыць, гэта для яго важна. Значыць, яго цікавіць не столькі знаходжанне на руках, як такое, колькі цяпло і любоў мамы, пачуццё блізкасці і абароненасці. Навошта пазбаўляць яго душэўнай гармоніі?

Мяне вельмі засмучае, што сярод сучасных мам так шмат тых, хто прытрымліваецца жорсткага правіла нашых бабуль – “паплача-перастане”. Тым больш сёння, калі ёсць магчымасць знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцем 2-3 гады, калі ёсць пральныя машыны-аўтаматы, аднаразавыя падгузнікі і іншыя выгоды – а мама не можа знайсці часу ці жадання супакоіць дзіця і патрымаць яго на руках! Ды няхай лепш боршч будзе не звараны і падлога не вымытая! І ўжо тым больш не памруць без вашых “лайкаў” сябры ў “Аднакласніках” і іншых сацыяльных сетках.

А наконт “прывыкне – не прывыкне”... Цяжка ўявіць трохгадовае дзіця, якое замест таго, каб бегаць, будзе “вісець” у мамы на руках. Прывяду ўласны прыклад. Калі нарадзілася Поля, я не спускала яе з рук. Я рабіла хатнія справы разам з ёй. Калі Полі трэба было спаць, я клала яе сабе на грудзі і з кніжкай у руках чакала, пакуль яна прачнецца. І не таму, што яна прасілася – дачка добра засынала і ў сваім ложку. Гэта было маё ўнутранае жаданне, я адчувала важнасць такого блізкага кантакту паміж намі. Згадзіцеся, прывучаць да рук больш не было куды! Тым не менш яна не прывыкла. Сёння Поля просіцца на рукі толькі ў двух выпадках – калі баіцца незнаёмых і калі стоміцца ісці пешшу.

Перыяд “хачу на ручкі” проста трэба перажыць – дакладней, пражыць яго з радасцю. Пройдзе пару гадоў, і вы з настальгіяй будзеце ўспамінаць тыя дні, калі ваш сынок ці дачка былі такімі маленькімі, што вы маглі прыціскаць іх да сваіх грудзей.


Мама Полі.