Гудогайские школьники провели акцию "Миссия – жить!"

миссия житьТэма ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў і сёння не губляе сваёй актуальнасці. Нягледзячы на вялікую колькасць інфармацыі, падлеткі лёгка паддаюцца ўплыву і спрабуюць забароненыя рэчы.

Менавіта таму, каб яшчэ раз нагадаць школьнікам і падлеткам аб пагубнасці ўжывання псіхатропных сродкаў і наркотыкаў, у Гудагайскай школе прайшоў тыдзень антынаркатычнай акцыі “Місія – жыць!”, аб’яўлены Упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Настаўнікі і школьнікі актыўна далучыліся да абласной акцыі і сталі арганізатарамі многіх цікавых і карысных мерапрыемстваў.
Так, гудагайскія школьнікі прынялі ўдзел у распрацоўцы лагатыпу антынаркатычнай акцыі, які размясцілі на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму, а потым сталі ўдзельнікамі псіхасацыяльнага анкетавання на прадмет ужывання алкаголю і наркатычных сродкаў.
Дзеці з задавальненнем арганізавалі выставу малюнкаў і плакатаў па здаровым ладзе жыцця, на перапынках дэманстравалі ролікі, прысвечаныя актуальным праблемам прафілактыкі ўжывання наркотыкаў, і ўдзельнічалі ў класных гадзінах “Я выбіраю здароўе”. Але і на гэтым мерапрыемствы не закончыліся. Самыя спартыўныя школьнікі сталі ўдзельнікамі эстафет, турніраў па валейболу і футболу.
А потым падлеткі выйшлі на вуліцы пасёлка і набытымі падчас тыдня ведамі падзяліліся з жыхарамі Гудагая – кожны атрымаў буклеты і стаў удзельнікам апытання “Жыццё без наркотыкаў – якое яно?”
Інфармацыйнымі матэрыяламі па ўжыванні алкаголю і наркатычных сродкаў педагогі падзяліліся і з бацькамі сваіх вучняў. А на агульнашкольным бацькоўскім сходзе прафілактычную работу з дарослымі правялі супрацоўнік Астравецкага РАУС В.С. Бабраўніцкі і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Т.М. Драган.
Самай цікавай і доўгачаканай для старэйшых школьнікаў стала дыскапраграма «Моладзь – за здаровы лад жыцця». Закончыўся тыдзень антынаркатычнай акцыі ўручэннем грамат і прызоў самым спартыўным і здаровым вучням нашай школы.
Каб сказаць наркотыкам «Не», неабходна быць упэўненым – у першую чаргу ў самім сабе, менавіта таму настаўнікі выхоўваюць у кожным дзіцяці пачуццё ўласнай годнасці і ўмацоўваюць культуру міжасабовых адносін, каб школьнікі не баяліся сваімі сумненнямі падзяліцца з дарослымі людзьмі і зразумелі, як важна часам у жыцці сказаць «не».

---------------------------------------
Наталля МАЛКОВА, настаўніца Гудагайскай СШ.