Гудогайские школьники достойно представили Островцкий район на областном слёте юных инспекторов дорожного движения

Абласны злёт юных інспектараў дарожнага руху прайшоў на базе адпачынку “Купалінка” ў Гродна. У ім удзельнічала 19 каманд з Гродзенскай вобласці. Астравецкі раён прадстаўляла каманда “Зебра” Гудагайскай сярэдняй школы.


Да гэтай перамогі наша школа ішла доўга: штогод вучні траплялі ў тройку лідараў раённага конкурсу, аднак да першага месца не хапала некалькіх балаў. І нарэшце сёлета зборная ў складзе Аляксандра Васілеўскага, Андрэя Налівайкі, Анжалікі Гурштын, Ілоны Акушка, Алега Сільвановіча, Віялеты Антановіч, Ксеніі Мальдзіс і Максіма Пятровіча стала пераможцам раённых спаборніцтваў – і, як вынік, адправілася ў Гродна.

У гэтым годзе абласны злёт юных інспектараў дарожнага руху праходзіў напярэдадні свята Вялікай Перамогі: з 6 па 8 мая школьныя каманды дэманстравалі свае веды ў дзевяці разнастайных конкурсах, у якіх паказалі не толькі тэарытычныя і практычныя навыкі паводзін на дарозе, але і змаглі раскрыць свой творчы патэнцыял. Дзеці здавалі тэарытычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху, дэманстравалі ўменне фігурнага ваджэння веласіпеда, спрабавалі сябе ў конкурсе “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху”, паказалі на практыцы веды ў аказанні першай дапамогі пацярпеламу.

Адчуць сябе сапраўднымі ўдзельнікамі дарожнага руху дапамог веласіпедны конкурс, калі кожны ўдзельнік павінен быў праехаць індывідуальны маршрут у адпаведнасці з дарожнымі знакамі і правіламі.

Творчы патэнцыял вучні раскрылі падчас конкурсаў відэаролікаў “Мой атрад”, агітацыйна-мастацкага выступлення на тэму бяспекі дарожнага руху “Мара і рэальнасць”. Злёт праходзіў у рамках Трэцяга Глабальнага тыдня бяспекі руху ААН, таму кожнаму атраду прапанавалі падрыхтаваць газету на тэму “SaveKidsLives” (“Зберажом жыццё дзяцей”). Работу атрада Гудагайскай СШ суддзі назвалі лепшай у гэтай намінацыі – і кожны юны інспектар атрымаў каштоўны падарунак.

Падчас злёту быў час і на адпачынак. Прыемным сюрпрызам сталі арганізаваныя Дзяржаўтаінспекцыяй Гродзенскай вобласці паездкі ў аквапарк “Азёрны” і ў заапарк. Акрамя гэтага, кожны вечар школьнікаў чакала культурна-забаў-ляльная праграма, якая дала магчымасць знайсці новых сяброў.


Алена ШЫМКОВІЧ, намеснік дырэктара Гудагайскай СШ.