Главной причиной лесных пожаров является человеческий фактор

лесные пожарыВыкінуты праз адчыненае акно аўтамабіля акурак, непатушаны касцёр, выпальванне сухой расліннасці могуць прывесці да ляснога пажару.

З надыходам цёплага надвор’я ахова ляснога фонду перайшла на дзяжурства ва ўзмоцненым рэжыме: на выхадных па Гродзенскай вобласці, у тым ліку і ў Астравецкім раёне,  прагназуецца ІІІ клас пажарнай небяспекі.

– Калі на працягу некалькі дзён не будзе ападкаў, а слупок тэрмометра пацягнецца ўверх, то можна будзе казаць пра ІV клас пажарнай небяспекі, –  гаворыць інжынер па ахове і абароне лесу Астравецкага лясгаса Андрэй Аляксандравіч Шыкавец. – Многія памятаюць, што ў мінулым годзе на тэрыторыі нашага раёна была ўведзена забарона на наведванне лясоў. Такія меры – не чыясьці прыхамасць, а крайняя неабходнасць, таму што прычынай ляснога ўзгарання можа паслужыць на першы погляд бяскрыўдная іскра з глушыцеля аўтамабіля.

У гэтым годзе спецыялістамі лесапажарнай службы лясгаса ўжо зафіксавана лясное ўзгаранне ў фондзе Падольскага лясніцтва. Дзякуючы аператыўным дзеянням яго ачаг быў хутка ліквідаваны: лес і пасадкі засталіся цэлымі, а пашкоджаная плошча склала 0,2 гектары.

– Для аператыўнага тушэння лясных пажараў сёлета набыты спецыяльны ўсюдыход,  плануецца яшчэ набыць ёмістасць для авіяцыйнага тушэння. Акрамя гэтага, уздоўж дарог, месцаў адпачынку, населеных пунктаў зроблена мінералізацыя палос агульнай даўжынёй больш за 350 кіламетраў.расказвае Андрэй Аляксандравіч. –  Прафілактычныя меры з’яўляюцца самымі дзейснымі ў барацьбе з ляснымі пажарамі, таму праз сродкі масавай інфармацыі, сайт Астравецкага лясгаса мы даводзім да насельніцтва правілы пажарнай бяспекі ў лясах. Сёлета ўжо ўстаноўлена 35 шлагбаумаў і аншлагаў на супрацьпажарную тэматыку.  

З вышыні 40 метраў за бяспекай у лясах пільна сочаць тры спецыяльныя відэакамеры, а відарыс з іх у рэжыме ан-лайн бачны на экране камп’ютара.

Спецыялісты лясной гаспадаркі заклікаюць усіх жыхароў і гасцей Астравеччыны быць пільнымі ў лесе і на прылеглых да яго тэрыторыях, разводзіць вогнішча толькі ў прыстасаваных для гэтага месцах, не выкідваць акуркі праз акно аўтамабіляў і прытрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі пры паляванні, рыбалцы і ўвогуле знаходжанні ў лесе.

Як паказвае статыстыка, прычына лясных узгаранняў і пажараў – чалавечы фактар. Таму самы час вучыцца клапатліва адносіцца да лесу і весці сябе на ўлонні прыроды так, як дома. Вы ж не смеціце і не кідаеце акуркі ў сваёй кватэры?

Санкцыі

За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лесе прадугледжаны папярэджванне або штраф да 25 базавых велічынь. Калі ж такія парушэнні прывялі да знішчэння або пашкоджання ляснога фонду, давядзецца заплаціць не толькі штраф (ад 25 да 50 базавых велічынь), але і цалкам пакрыць нанесены ўрон.

Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.