Главное в работе островецких кардиологов - сердечное отношение к пациентам и коллегам





















Медыкі часам жартуюць, што мозг раённай бальніцы знаходзіцца недзе ў раёне адміністрацыі, сэрца – у кардыялагічным аддзяленні, а астатнія органы – крыху далей, па пераходу… Як вядома, у кожным жарце ёсць толькі доля жарту. Кардыялагічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы і на самой справе з’яўляецца цэнтральным не толькі па месцы знаходжання, яно – адно з асноўных (зрэшты, не асноўных тут, напэўна, няма). І ўсё ж – што можа быць важней, чым сэрца?

Спецыфіка раённай кардыялогіі ў тым, што на яго базе працуе адразу два аддзяленні: 30 кардыялагічных ложкаў і 20 – неўралагічных. Некага гэткі вымушаны мікс, магчыма б, раздражняў, а загадчык аддзялення Сяргей Станіслававіч Івашка лічыць такое суседства цалкам апраўданым і нават карысным:





– Неўралагічныя і сардэчна-сасудзістыя хваробы – вельмі блізкія. Да прыкладу, парушэнне мазгавога кровазвароту часта адбываецца з-за артэрыяльнай гіпертэнзіі. І калі хворы, паступаючы ў аддзяленне, знаходзіцца пад наглядам адразу двух урачоў – кардыёлага і неўролага, і прымае комплекснае лячэнне – то гэта толькі паскорыць яго выздараўленне.
Такім чынам, кардыёлаг Сяргей Станіслававіч Івашка працуе ў цеснай супольнасці з урачом-неўролагам Людмілай Рыгораўнай Шлыковіч. А яшчэ ва ўрачэбнай камандзе аддзялення – урачы Святлана Уладзіміраўна Радзько і Ірына Мар’янаўна Філатава. Усе – прафесіяналы высокага класа, спецыялісты першай катэгорыі.
– Так, нашы ўрачы – высакакласныя спецыялісты, – гаворыць Сяргей Станіслававіч. – І тым не менш мы – не богі. Сардэчна-сасудзістая паталогія апошнім часам імкліва маладзее. Выпадкі, калі ў саракагадовых здараюцца інфаркты міякарда, інсульты, ішэмічная хвароба сэрца, зараз зусім не рэдкасць. І я заўсёды гавару сваім пацыентам: няма такой цудадзейнай таблеткі, якую б прыняў – і назаўтра стаў здаровым. Часам да нас паступаюць былыя пацыенты з прэтэнзіяй: вось, маўляў, дрэнна лячылі, хвароба вярнулася… Такім я заўсёды гавару: а што вы самі зрабілі, каб перамагчы хваробу? Кінулі курыць, піць, сталі весці здаровы лад жыцця, скінулі лішнія кілаграмы? Калі не – то што ж хацець ад урача? Даўно вядома: калі пацыент аб’яднаецца з урачом, то яны перамогуць хваробу. А калі з хваробай, то адзін урач нічога не здолее зрабіць.





І ўсё ж ўрачам кардыялагічнага аддзялення ўдаецца зрабіць многае. Пра гэта сведчаць і шматлікія ўдзячныя водгукі пацыентаў.
Дарэчы сказаць, тычацца яны не толькі лячэння. У калектыве кардыялагічнага аддзялення ўжо даўно сфарміраваўся вельмі дружны, сардэчны, зладжаны калектыў, у якім, як гэта ні дзіўна, нават сёння амаль што няма так званай “цякучкі кадраў”. І пацыенты, што прыходзяць сюды паправіць здароўе, трапляюць у шчырую, амаль што сямейную атмасферу – нягледзячы на невыветрывальны пах лекаў і “месцы агульнага карыстання”. Гэтыя і іншыя непазбежныя нязручнасці бальнічнай палаты кампенсуюць шчырыя, сардэчныя адносіны да пацыентаў персаналу аддзялення. Многія працуюць тут дзясяткі гадоў, нават пасля выхаду на пенсію, як санітаркі Часлава Зянонаўна Пясляк і Галіна Іосіфаўна Андрушкевіч. Дарэчы, ветэранаў тут таксама памятаюць і шануюць: з удзячнасцю ўзгадваюць працу Марыі Адамаўны Саковіч, Галіны Міхайлаўны Шахніцкай, Людмілы Мікалаеўны Кардзіс, Валянціны Аляксандраўны Гайваронскай і іншых былых работнікаў.





За шмат гадоў працы на адным месцы кардыялагічнае аддзяленне стала родным для паставых медсёстраў Таццяны Васільеўны Грымбоўскай, Алены Генрыхаўны Сянюць, Жанны Антонаўны Блашкевіч, Кацярыны Станіславаўны Арлоўскай, Эдзіты Рыгораўны Скаскевіч, працэдурнай медсястры Іны Уладзіміраўны Гуртавенка. Побач з імі пераймаюць лепшыя традыцыі калектыву Наталля Віктараўна Кармаза, Марыя Віктараўна Бразевіч, Ірына Аляксандраўна Тамковіч, Алена Леанідаўна Казойць.
Сапраўднай гаспадыняй аддзялення з’яўляецца Галіна Міхайлаўна Казачэнка – нездарма ж і пасада яе называецца адпаведна – сястра-гаспадыня. Каб пацыенты былі накормлены ў час, а сталоўка блішчала чысцінёй, клапоцяцца Рэгіна Антонаўна Мілэйша і Наталля Андрэеўна Казлоўская. А пра чысціню і парадак у палатах і на калідорах дбаюць санітаркі.
А кіруе гэтым немалым – больш як два дзясяткі чалавек – калектывам сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу старшая медсястра Марына Тадэвушаўна Рынкевіч. І яе маладосць справе – не перашкода: Марына Тадэвушаўна набыла багаты вопыт у адной з бальніц Гродна. Вярнуўшыся на радзіму пасля змены сямейнага становішча, маладая жанчына стала працаваць у кардыялагічным аддзяленні. Стараннасці ёй не пазычаць, і сёння Марына Тадэвушаўна – правая рука загадчыка аддзялення ва ўсіх справах.
Сам Сяргей Станіслававіч Івашка – вопытны не толькі ўрач, але і загадчык аддзялення: сёлета спаўняецца 15 гадоў, як ён узначаліў раённую кардыялогію. І згуртаваны высопрафесійны калектыў – у многім яго заслуга.





Хоць, калі гаворка заходзіць аб гэтым, загадчык аддзялення сціпла пераводзіць гаворку на іншае. Расказвае аб тых новаўвядзеннях, што ўзніклі ў аддзяленні ў апошні час. Дыхтоўны рамонт, вядома, значна палепшыў умовы знаходжання пацыентаў у аддзяленні. А зараз вось яшчэ для цяжка хворых уздоўж сцен зрабілі спецыяльныя парэнчы – таксама зручнасць.





“Наперадзе планеты ўсёй” Астравец і ў плане розных інавацый. Нядаўна ў Мінску праходзіў рэспубліканскі семінар кардыёлагаў – і нашы медыкі ўдзельнічалі ў ім у рэжыме он-лайн – такія магчымасці дае тэлемедыцына: гэты праект актыўна ўкараняецца ў нашай раённай бальніцы.
Словам, кардыялагічнае ад¬дзяленне цэнтральнай раённай бальніцы з’яўляецца “сардэчным” не толькі па профілю захворванняў пацыентаў, але і па адносінах да хворых і да сваіх супрацоўнікаў. А калі спецыяліст, асабліва медык, уключае ў працэс лячэння не толькі веды і інтэлект, а яшчэ і сэрца – тады пацыент проста абавязаны выздаравець!


-----------------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.