Главное - не быть равнодушным к ближнему

Іх асноўная дзейнасць – клопат аб тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Галоўныя задачы – дапамагаць і абараняць. Абавязковыя якасці – спагада, цярпенне, разуменне. Аснова асноў – не быць раўнадушным да бліжняга: чуць, адчуваць, бачыць, спачуваць.

Пятага студзеня адзначаўся Дзень работнікаў сацыяльнай абароны.

Каб высветліць, як жывуць і працуюць работнікі сацыяльнай сферы, напярэдадні іх прафесійнага свята мы завіталі ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – і задалі ім пяць пытанняў аб галоўным. А калі спыталі ў дырэктара цэнтра Віктара Іосіфавіча Ждановіча, хто з яго падначаленых самы адказны, старанны, увогуле – лепшы, ён пералічыў… увесь калектыў. Ніколькі не сумняваюся ў словах Віктара Іосіфавіча – прыемна, што тут працуюць добрасумленныя і адданыя сваёй рабоце людзі. Аднак расказаць пра ўсіх не атрымаецца…



Пяць пытанняў аб галоўным

1. Як вы трапілі ў сацыяльную службу?

2. Якімі якасцямі не павінен валодаць сацыяльны работнік?

3. Што больш за ўсё запомнілася, здзівіла, уразіла за час работы?

4. У самой назве структуры закладзена, што ў цэнтры – абараняюць і дапамагаюць іншым. А ці былі выпадкі, што работа дапамагла вам? І чаму вы навучыліся ў сваіх, калі можна іх так назваць, падапечных?

5. Прадоўжыце фразу “Сацыяльны работнік – гэта…”

Ірына Станіславаўна Пашкевіч, загадчык аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання

1. Па адукацыі я настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Па размеркаванні прыехала працаваць у Трокеніцкую базавую школу. Праўда, хутка перайшла ў райкам камсамола. Цікавая там была работа – камсамольскія будоўлі, паездкі, спаборніцтвы. Маладыя былі, “гарэлі”. Тады нават і ўявіць не магла, што буду працаваць у сферы сацыяльнага абслугоўвання. Затым замуж выйшла, дзетак нарадзіла. Калі пасля дэкрэта пайшла ў аддзел адукацыі на работу ўладкоўвацца, мне прапанавалі: школа ці дзіцячы садок. Выбрала апошняе – і адпрацавала там 20 гадоў. Была і выхавацелем, і намеснікам загадчыка. Работа мне падабалася, калектыў у нас быў дружны, кіраўніцтва добрае. Аднак жыццё не стаіць на месцы, усё мяняецца. І так атрымалася, што сем гадоў назад я прыйшла ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І ні разу за гэты час не пашкадавала. Хоць, шчыра кажучы, спачатку нават не ўяўляла, што я магу тут рабіць. А зараз не ўяўляю сябе дзесьці на іншым месцы.

2. Высакамернасцю, няўважлівасцю, абыякавасцю. Перш за ўсё ў сацыяльнага работніка павінна быць сэрца. І гатоўнасць у любы момант дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Пажылым людзям, якія звяртаюцца да нас, часцей за ўсё хочацца, каб іх проста выслухалі.

3. Мне падабаецца наш дружны калектыў, даверлівая атмасфера, якая тут пануе,  узаемаразуменне, дапамога і згуртаванасць. У нашым цэнтры дзейнічаюць некалькі аддзяленняў, але ўсе важныя рашэнні мы прымаем толькі разам. Гэта вельмі прыемна.

А яшчэ 5 студзеня ў мяне дзень нараджэння. Якім жа было сюрпрызам, што якраз у гэты дзень адзначаецца і прафесійнае свята работнікаў сацыяльнай службы!

4. Дзякуючы нашым падапечным, я разумею, што недарэмна працую і жыву на гэтым свеце. І ў кожнага з іх можна нечаму навучыцца: мудрасці, удзячнасці, спагадзе. Ніводнае свята не праходзіць, каб нехта з іх не патэлефанаваў і не павіншаваў нас. А як прыемна пачуць такое простае “дзякуй”! Вось тады адчуваеш узаемасувязь з гэтымі людзьмі, іх цяпло і аддачу: Марыя Паўлаўна Леановіч, Марыя Іванаўна Багунова,

Тэрэса Іванаўна Свіла і многіямногія іншыя. На мой погляд, гэта найлепшая адзнака нашай работы.

5. Сацыяльны работнік – гэта чуллівы, адказны, нераўнадушны і добразычлівы чалавек.

Тэрэса Мечыславаўна Цехановіч, сацыяльны работнік, абслугоўвае пяць чалавек у Астраўцы

1. Напэўна, сам лёс прывёў у сацыяльную службу. Я працавала швачкай у Доме быта, але дома па суседству жылі дзве адзінокія жанчыны, якім была патрэбна дапамога. З гэтага і закруцілася ўсё. Уладкавалася я ў тады яшчэ райсабес сацыяльным работнікам і вось ужо на працягу васямнаццаці гадоў даглядаю адзінокіх старых.

2. Сацыяльны работнік не павінен быць злым, не павінен выстаўляць свае эмоцыі, прыходзіць да сваіх падапечных з дрэннай энергіяй, з настроем “устаўшы не з той нагі”. А яшчэ ён не павінен быць падманшчыкам, бо галоўнае паміж сацработнікам і падапечным – даверлівыя адносіны.

3. Запамінаецца, на жаль, сумнае: калі адыходзяць з гэтага свету мае падапечныя. Гэта як страціць роднага чалавека. Мы прывыкаем адзін да аднаго, становімся сям’ёй, таму ў такія моманты вельмі цяжка.

4. У кожнага можна нечаму навучыцца. Вось, напрыклад, у Васільеўны (гаспадыня дома, дзе мы знаходзімся, 84-гадовая Марыя Васільеўна Драздовіч) я пра многае даведваюся: яна мне і навіны раскажа, і што адбываецца ў рэспубліцы, і пра палітыку, і на рэлігійныя тэмы пагаворым… Словам, пра ўсё і аб усім. Пасля можна і тэлевізар не глядзець (усміхаецца).

5. Гэта чалавек, які нясе цяпло, дапамогу і дабро людзям.

На развітанне я пытаю ў Марыі Васільеўны, ці хацела б яна памяняць сацработніка. Бабуля адмоўна заківала галавой: “Ні за што! Навошта мне нехта іншы? Я з першага дня Таню палюбіла. З ёй застануся і да апошняга!”

Людміла Францаўна Аўдзей, сацыяльны работнік, абслугоўвае восем чалавек у Астраўцы

1. Усё проста – прыйшла на работу і засталася. Колькі працую? Зараз успомню… Ды вось ужо пятнаццаты год атрымліваецца. Работа нармальная, а дзе ж усё проста і лёгка бывае? Зараз у мяне на абслугоўванні знаходзіцца восем чалавек, мужчына нават ёсць (усміхаецца).

Як з усімі спраўляюся? Ды проста. Галоўнае – выслухаць, не пярэчыць, не спрачацца, жыць дружна. А яшчэ для мяне важна спачатку вывучыць чалавека, яго характар. А далей ужо справа пойдзе.

– Ды Людачка ў нас малайчына, – умешваецца ў размову 81-гадовая Леанарда Іванаўна Ясевіч, у доме якой мы і заспелі Людмілу Францаўну. –Яна ў мяне ўсё-ўсё паспявае зрабіць хуценька. І ніколі мы не спрачаліся, жывём дружна. А з намі, старымі, ой як цяжка. Дзякуй вось Людзе і ўсім супрацоўнікам тэрытарыяльнага цэнтра, што не забываюць нас, не пакідаюць у бядзе, дапамагаюць заўсёды. Калі ведаеш, што хоць камусьці патрэбен, тады і жыць весялей.

2. Я лепш скажу, якія якасці патрэбны для сацыяльнага работніка. Ён павінен быць спакойным, цярплівым, не паказваць свой дрэнны настрой і абавязкова паважаць пажылых людзей.

3. Ды кожны дзень нечым запамінаецца. Адзін праходзіць лепш, другі – горш. Уражваюць і запамінаюцца людзі, да якіх прыходжу. Кожны з іх – асаблівы, непадобны, са сваім характарам.

4. На рабоце я вучуся разуменню іншых, спагадзе і цярплівасці. А ў сваіх падапечных – шчырасці, адкрытасці, уменню радавацца звычайным рэчам.

5. Гэта добрасумленны, неканфліктны і спакойны чалавек.

Святлана Валянцінаўна Сафранкова, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму

1. Шчыра кажучы, выпадкова. Так атрымалася, што пасля дэкрэтнага адпачынку я прыйшла ў райсабес – тады яшчэ тэрытарыяльнага цэнтра не было – і стала працаваць у аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму інспектарам па асноўнай дзейнасці. Курыравала Кямелішкаўскі, Падольскі і Трокеніцкі сельсаветы. Ці цяжка было? (Задумваецца) Па-рознаму. Справа ў тым, што наша работа – гэта работа з людзьмі. З людзьмі пажылымі і неабароненымі. З кожным трэба пазнаёміцца, пагаварыць, даведацца, пра што душа баліць, у чым чалавек мае патрэбу. Да кожнага індывідуальны падыход патрэбен. Канешне, бывае і складана, але ў асноўным цікава і прыемна, асабліва калі адчуваеш аддачу.

2. Ён не павінен быць абыякавым, раўнадушным, злым у адносінах да іншых людзей. Чалавек павінен суперажываць, спачуваць, дапамагаць бліжняму. Асабліва калі гэта тычыцца пажылых адзінокіх людзей. Яны ж, па вялікаму рахунку, безабаронныя. І ніхто з нас не ведае, дзе і як сустрэне сваю старасць.

3. Ніколі не забуду, як першы раз выехала на раён да пажылых людзей. Я толькі нядаўна ўладкавалася на працу, маладая была і яшчэ глядзела на свет праз “ружовыя” акуляры. Чамусьці ў маладосці мы думаем, што будзем заўсёды здаровымі, энергічнымі, поўнымі сіл і энтузіязму. А тады я ўбачыла, у якіх умовах жывуць адзінокія бабулі і дзядулі. Гады не шкадуюць нікога, незалежна ад сацыяльнага статусу і матэрыяльнага дастатку. Пакуль ты малады, то не задумваешся пра старасць. А яна ўсё роўна прыйдзе. Вось тады, у час той першай паездкі па раёне, я пачала гэта разумець.

4. Работа і стасункі з нашымі падапечнымі даюць вопыт. Я навучылася больш прыслухоўвацца, выслухоўваць людзей і чуць іх. Вось, бывае, пагавару з чалавекам, выслухаю праблемы, а праз некаторы час і сама сутыкаюся з нейкай падобнай сітуацыяй і ўжо ведаю, як паступіць.

5. Сацыяльны работнік – як член сям’і для адзінокіх людзей. Гэта сябар, дарадчык, памочнік, псіхолаг, медыцынскі работнік, другая рука… Сацыяльны работнік для іх – гэта ўсё!

----------------------------------------------------

Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.