Главная медсестра районной больницы Валентина Андралойть: "В выборе в пользу медицины я не ошиблась - это по-настоящему моё..."
Слонімскае медвучылішча Валянціна закончыла з “чырвоным” дыпломам і за пуцёўкай у жыццё (чытай: па размеркаванне) яна прыйшла першай з курса. Пытанне, дзе працаўладкавацца, перад дзяўчынай не стаяла. Уласна гаворачы, паступаць у медыцынскую вучэльню яна вырашыла толькі для таго, каб пасля мець права працаваць у Доме малюткі.З “адказнічкамі” – немаўляткамі, ад якіх адмовіліся бацькі. З маленькімі камячкамі, непатрэбнымі ўласным мацяркам…
– Прашу накіраваць мяне ў Мінскі Дом малюткі, – стоячы перад дзвярыма камісіі, зноў і зноў паўтарала Валянціна.
І вось за паўкрока да таго, як агучыць гэтую просьбу, ужо стоячы перад членамі камісіі, дзяўчына раптам адчула неспакой – яе накрыла раскаянне: а як жа маці? Ёй жа ў апошні час нездаровіцца. А на ёй – агарод і гаспадарка… Я буду на метро ездзіць, а мама – не разгінацца ад градаў?..
– Прашу накіраваць мяне ў… Астравец. На радзіму, – прамовіла Валянціна.
Паўтараць просьбу не давялося – Астравец, прама скажам, не самы папулярны горад для маладых спецыялістаў.
– І ўсё роўна мне пашанцавала, – прызнаецца Валянціна Іванаўна Андралойць. – Таму, што я трапіла ў дзіцячае аддзяленне Астравецкай райбальніцы. У самае важнае, хоць і самае клопатнае аддзяленне. Іх так шкада – гэтых малышоў. Яшчэ і размаўляць не можа, а ўжо церпіць боль. Глядзіш у “шкляныя” вочкі хворага дзіцяці – і, здаецца, рукі падлажыў бы, каб толькі дапамагчы яму.
– У дзіцячым аддзяленні складана працаваць, – працягвае яна. – Далёка не кожная медсястра можа зрабіць укол малышу – мацярынскі інстынкт, відаць, на падсвядомым узроўні не дазваляе прычыніць дзіцяці боль. Не скажу, што мне было проста, але я ўпэўнівала сябе: праз гэты вымушаны боль ты ратуеш дзіця ад хваробы, а можа – і ад смерці.
– Ёсць і яшчэ адна перашкода, перажыць якую ўдаецца не кожнай з нас, – памаўчаўшы, дадае медыцынская сястра. – Гэта маці нашых маленькіх пацыентаў… Далёка не кожная з іх можа не паддацца эмоцыям, калі яе дзіця забіраюць у працэдурны кабінет. Нярэдка знаходзіць тонкую дзіцячую нітачку-вену нам даводзіцца пад крык дзіцяці з аднаго боку і пад праклёны яго маці – з другой… Спецыфіка работы…
На працягу 16-ці гадоў Валянціна Іванаўна працавала палатнай медсястрой дзіцячага аддзялення.
– І ў той перыяд у нашым аддзяленні амаль увесь час знаходзіліся “адказнічкі”, – узгадвае яна. – Іх перадавалі нам з радзільнага аддзялення. Адны з іх жылі ў нас тры месяцы, некаторыя – на працягу года. Вось ужо да каго мы спяшаліся з падвоенай энергіяй. Прыносілі з дому хто што меў: адзежу, якая засталася пасля нашых дзяцей, цацкі, нешта смачненькае… І малышы нас чакалі з нецярпеннем. І цягнуліся, як да родных… Потым, калі дзіця забіралі, персанал аддзялення яшчэ доўга адыходзіў ад суму і хвалявання: як там сустрэлі нашага малыша?..
…Потым былі сем гадоў працы ў якасці старшай медсястры інфекцыйнага аддзялення. А затым…
Абсалютна нечакана для самой Валянціны Іванаўны галоўны ўрач В.І. Тачоны прапанаваў ёй пасаду галоўнай медыцынскай сястры райбальніцы.
– Прапанова Валянціна Ігнатавіча выклікала ў мяне амаль што шок. Пасада ж такая сур’ёзная – для яе патрэбна сапраўдная “жалезная лэдзі”, а я… Але таленавіты кіраўнік, наш галоўны змог мяне даволі хутка ўгаварыць: з 2009 года я – галоўная медсястра ЦРБ. А гэта значыць, адказваю за парадак у бальнічных сценах, за дзеянні і паводзіны персаналу сярэдняга і малодшага звяна. Работа нервовая, шматгранная. Першыя тры месяцы я прыходзіла дадому амаль без сіл – не хацелася нават размаўляць… Паступова ўсё неяк нармалізавалася. Хоць і сёння часам у канцы дня, падбіўшы вынікі зробленага за дзень, не магу не здзіўляцца. Асабліва складана стала працаваць у гэтым годзе: нізкая заработная плата медыцынскіх сясцёр і ў сувязі з будаўніцтвам АЭС з’яўленне новых рабочых вакансій справакавалі дэфіцыт кадраў сярэдняга звяна. Сёння замест васьмі медыцынскіх сясцёр у аддзяленнях працуе па пяць. Добра яшчэ, што тыя, хто застаўся, – добрасумленныя і адказныя работніцы. Прынамсі, на жыццядзейнасці аддзяленняў ЦРБ кадравы дэфіцыт не адбіваецца. Пакуль... Чакаем жніўня – менавіта ў гэтым месяцы ў медыцыну ўліваюцца свежыя сілы маладых спецыялістаў…
А ў жыцці Валянціна Іванаўна – тоненькая, вытанчаная жанчына, па маладжаваму выгляду якой і не скажаш, што ў яе ёсць сын Максім – сёлетні выпускнік школы алімпійскага рэзерву. І ўжо тым больш цяжка паверыць, яе што другому сыну Аляксандру, ужо жанатаму, наогул 26…
Яна любіць кветкі. Асабліва захапляецца лілеямі, якіх на клумбах бацькоўскага дома – пад трыццаць відаў!
– Якраз надышоў час іх цвіцення, – гаворыць Валянціна Іванаўна, – І мая душа патанае ў захапленні. Я так баюся прапусціць момант распускання чарговай кветкі!.. Калі была жывая мамачка, яна тэлефанавала мне: “Валюшка, блакітная пачала расцвітаць з раніцы!” І вечарам, забыўшыся пра стому, я бегла ў родны палісаднік… На вялікі жаль, мамы ўжо няма побач з намі, а тату, як і большасць мужчын, свет кветак не асабліва прываблівае…
Яна амаль не глядзіць тэлевізар, аддаючы перавагу чытанню кніг. Любіць жаночыя раманы – у іх апрыёры добрым заканчэнні Валянціна Іванаўна чэрпае пазітыў, якога так не хапае ў нашы дні. Назапашвае яго, стараецца прасякнуцца ім наскрозь, каб потым несці яго туды, дзе ён запатрабаваны найбольш – хворым людзям…
Часам, калі ў колавярчэнні бясконцых працоўных абавязкаў выдаецца вольная хвіліна, галоўная медсястра любіць ...марыць. Пра будучыню сваіх сыноў… Пра росквіт Астраўца і яго раённай лячэбніцы… Пра новыя лекі супраць самых небяспечных хвароб… Пра вартасную заработную плату медсёстрам і іншым работнікам медыцыны…
Або нахлынуць раптам успаміны, звязаныя, як гэта ні дзіўна, са… станцыяй пералівання крыві, дзе шмат гадоў адпрацавала санітаркай яе маці Галіна Францаўна Пілецкая – з маленькіх гадоў і да заканчэння сярэдняй школы Валянціна прыбягала да мамы на работу амаль штодня…
– Не ведаю, можа менавіта гэтыя “візіты” і прадвызначылі мой выбар жыццёвага шляху, – паціскае плячыма галоўная медсястра райбальніцы. – Але адно я магу сказаць дакладна: у выбары на карысць медыцыны я не памылілася – гэта сапраўды маё…
---------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
