Где в Островце можно посещать развивающие занятия для малышей?

На сайт раённай газеты звярнулася Ірына Яновіч, якая выхоўвае дзіця ва ўзросце 1,5 гады. Ірына цікавілася, дзе ў Астраўцы можна наведваць развіваючыя заняткі для маленькіх дзетак.

За адказам на пытанне мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч.
– Штогод на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 працуе так званая “Малышкіна школа”. На жаль, набліжаецца канец навучальнага года, таму заняткі для маленькіх дзетак, што яшчэ не на ведваюць дзіцячы сад, таксама заканчваюцца.
А вось з пачаткам новага навучальнага года зноў пачнецца набор дзетак у “Малышкіну школу”. Каб ваша дзіця стала яе выхаванцам, неабходна звярнуцца да адміністрацыі ДЦРД №1 (зрабіць гэта можна і па тэлефоне 22-1-42) і запісацца. Дарэчы, заняткі ў гэтай “школе” платныя. На сённяшні дзень адна гадзіна каштуе 8 100 беларускіх рублёў.
На летні перыяд на базе ясляў-сада №2 г. Астравец плануецца адкрыць групу кароткачасовага знаходжання дзяцей. Па дамоўленасці з бацькамі 2-3 разы на тыдзень на працягу не больш за 3,5 гадзіны дзеці могуць удзельнічаць у занятках, якія праводзяць выхавальнікі. Тут усе заняткі будуць праводзіцца на бясплатнай аснове. Больш падрабязную інфармацыю па адкрыцці гэтай групы можна атрымаць па тэлефоне 2-15-86.
Акрамя гэтага, дзеткі, якім споўнілася тры гады, з верасня могуць наведваць заняткі ў эстэтычным класе, што працуе на базе Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў.
Як паведаміла намеснік дырэктара гэтай установы Ірына Эдуардаўна Валэйка, заняткі ў эстэтычным класе праходзяць тры разы на тыдзень. Дзеці тут вучацца маляваць, танцаваць і спяваць. Кошт заняткаў у эстэтычным класе складае 40 000 беларускіх рублёў за месяц.


--------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.