Где отдохнуть детям летом?

Вось-вось надыдзе доўгачаканае лета – у школьнікаў пачнуцца самыя доўгія  канікулы, а ў бацькоў узнікне шэраг пытанняў, самае актуальнае з якіх: куды адправіць дзіця, каб яно з карысцю правяло летні адпачынак, а бацькі былі спакойныя?
Напярэдадні летніх канікул мы сустрэліся з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі Інесай Анатольеўнай Міхновіч і задалі некалькі пытанняў, прысвечаных адпачынку і аздараўленню дзяцей.

–  Ужо некалькі гадоў запар менавіта спецыялісты аддзела адукацыі арганізуюць дзіцячы адпачынак. Якія змены чакаюць дзяцей і іх бацькоў сёлета?
–  Як  і  ў  мінулыя  гады, адпачынак  дзяцей  будзе арганізоўваць  аддзел  адукацыі. Адзінае,  што  з    бягучага  года змяніліся  ўмовы  аздараўлення дзяцей  ў  прышкольных  і  стацыянарных  летніках.  Цяпер аздаравіцца ў іх змогуць толькі школьнікі з 6 да 15 гадоў.
–  Як сёлета будзе працаваць “Ластаўка”?
–  Як і ў мінулым годзе, у летніку будзе арганізавана чатыры змены. Першая з іх пачнецца з 3 чэрвеня і прадоўжыцца 9 дзён. Гэта так званы абаронна-патрыятычны летнік  для юнакоў і  дзяўчат,  што    закончылі  10 класаў. Юнакі будуць праходзіць практыку па курсе “Дапрызыўная падрыхтоўка”, а дзяўчаты засвояць  практычную  частку  курса “Медыцынская  падрыхтоўка”. Аздаравіцца падчас гэтай змены змогуць 60 юнакоў і 30 дзяўчат. У гэты ж час на базе “Ластаўкі” будзе  працаваць  яшчэ  адзін летнік  –  ваенна-патрыятычны для вучняў кадэцкага класа Гудагайскай  сярэдняй  школы. 20  школьнікаў  будуць  адпачываць у “Ластаўцы”, а праходзіць навучанне  на  базе  аддзела пагранічнай службы “Гудагай”.
Другая,  трэцяя  і  чацвёртая змены “Ластаўкі” будуць працаваць па 18 дзён: другая пачнецца з 15 чэрвеня, трэцяя – з 6 ліпеня,  чацвёртая – з 27 ліпеня. Падчас гэтых змен у “Ластаўцы” змогуць адпачыць дзеці ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў.Плануецца,  што  за  чатыры змены ў летніку адпачнуць 420 дзяцей: у першай змене – 110, у другой – 100,  трэцяй –150 і ў чацвёртай – 60 чалавек. Як і ў мінулыя гады, у летніку будуць  працаваць  прафесійныя педагогі з вопытам работы. Тут жа змогуць прайсці практыку і будучыя педагогі, якія вучацца ў педагагічных навучальных установах. Цяпер ідзе распрацоўка плана  работы  на  ўсе  чатыры змены  з  улікам  узроставых, псіхалагічных  і  фізіялагічных асаблівасцей дзяцей.
–  Час  ставіць  новыя патрабаванні да адпачынку дзяцей. Бацькам хочацца, каб для дзяцей у  летніках  былі  створаны найлепшыя    ўмовы. Што  было  зроблена  сёлета,  каб  палепшыць  матэрыяльна-тэхнічную базу “Ластаўкі”?
–  Ідзе  актыўная работа  па  падрыхтоўцы летніка  да  новага аздараўленчага сезону. За гэты год мы адрамантавалі чацвёрты корпус: тут былі заменены столь і падлога, устаўлены новыя дзверы, на вокнах з’явіліся жалюзі. Да пачатку першай  змены  будзе  набыта  новая мэбля.  Для  арганізацыі адпачынку  дзяцей  у  неспрыяльнае надвор’е набыты два тэлевізары, якія размесцяцца ў гэтым корпусе. Калі надвор’е будзе цёплым і сонечным, дзеці змогуць бавіць час у басейнах – іх набылі ў мінулым годзе, і яны будуць устаноўлены каля кожнага корпуса. Зроблены рамонт  у  сталовай,  тут  таксама з’явіцца новае тэхналагічнае абсталяванне  для  харчблока,  сучасныя  халадзільнікі  і пасудамыечная  машына.  На падрыхтоўку лагера зрасходавана 425 мільёнаў рублёў, якія былі выдзелены з раённага бюджэту.
Яшчэ 14 мільёнаў было выдзелена Гродзенскім прадстаўніцтвам па аздараўленні. Увогуле  кіраўніцтва  аддзела  адукацыі  і  летніка  зробіць усё магчымае, каб дзеці добра адпачылі і аздаравіліся і з новымі сіламі 1 верасня прыйшлі ў школу.
–  Зразумела,  што  адпачыць у “Ластаўцы” змогуць не ўсе школьнікі. Якія яшчэ летнікі з  кругласутачным  знаходжаннем будуць працаваць у раёне?
–  Такіх тры. Першы з іх, “Алімпіёнік”, як і ў мінулым годзе, размесціцца на базе Варнянскай  школы.  Сюды  прыедуць дзеці, у якіх ёсць дасягненні на алімпіядах і прадметных конкурсах. Працаваць ён  будзе з 15 чэрвеня, за змену тут адпачнуць 30 юных талентаў. Гэта спецыфічны летнік, бо ў ім спалучаецца вучоба, якая праходзіць да абеду, і адпачынак: пасля абеду  праводзяцца  выхаваўчыя  мерапрыемствы. Як правіла, у гэтым летніку адпачываюць дзеці  сярэдняга і старэйшага ўзростаў – з 7 па 10 класы.
Традыцыйна на базе Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання  будзе  арганізаваны летнік  для  актыву  вучнёўскага самакіравання  і  дзіцячых грамадскіх  арганізацый  “Вясёлка”. Адпачынак тут будзе наладжаны ў дзве змены. Першая пачнецца з 10 чэрвеня, другая – з 2 ліпеня. Напаўняльнасць кожнай змены  складзе  трыццаць  чалавек. Тут ужо змогуць адпачыць дзеці да 18 гадоў.
Сёлета мы аднавілі яшчэ адзін лагер,  які  працаваў  у  раёне некалькі гадоў назад. Гэта палатачны летнік, які размесціцца ў Альхоўцы. Тут адпачнуць 20 дзяцей. Жыць яны будуць у палатках, а ў выпадку неспрыяльных умоў надвор’я  будзе прадугледжана размяшчэнне  дзяцей  на  базе школы. У першую чаргу ў гэтым летніку  будуць  аздараўлівацца дзеці, якія займаюцца ў гуртку “Юны  турыст”  Міхалішкаўскай школы,  а  таксама  ўсе  жадаючыя  вучні  з  іншых  школ  раёна. Адпачынак у гэтым летніку прадоўжыцца дзевяць дзён і пачнецца ён 17 чэрвеня.
Калі скласці ўсе прыведзеныя лічбы, то атрымаецца, што  за лета ва ўсіх раённых летніках з кругласутачным  знаходжаннем дзяцей    змогуць  адпачыць  530 школьнікаў.
–  А  прышкольныя пляцоўкі сёлета таксама будуць працаваць?
–   Канешне. Ва ўсіх школах,  акрамя  Мальскага  і  Падольскага  НПК  і  Трокеніцкай базавай  школы,  будуць арганізаваны  аздараўленчыя летнікі  з  дзённым  знаходжаннем  дзяцей  –  ці  так  званыя  прышкольныя  пляцоўкі. Але  гэта  зусім  не  азначае, што  школьнікаў  з  Падольцаў і  Трокенікаў  мы  пакінулі  без увагі. Дзеці з гэтых школ будуць  падвозіцца  ў  Рытанскі НПК  і Варонскую пачатковуюшколу адпаведна.
На  базе  гарадскіх  СШ  №1 і  гімназіі  №1  прышкольныя пляцоўкі  будуць  працаваць  у дзве  змены.  Першая  пройдзе ў чэрвені, другая – у жніўні. У астатніх  школах  сваю  работу прышкольныя  пляцоўкі  распачнуць з 1 чэрвеня. За 18 дзён у іх адпачнуць і аздаровяцца 545  дзяцей. У гэтых летніках будуць адпачываць дзеці да 15 гадоў. Акрамя  гэтага,  на  базе Спондаўскай, Альхоўскай і Гудагайскай школ будуць працаваць летнія лагеры  працы і адпачынку. Трапіць у іх змогуць дзеці з 14 да 18 гадоў пры прадастаўленні медыцынскай  даведкі  і  згоды бацькоў. Для арганізацыі работы гэтых летнікаў школы заключылі дагаворы  з  Астравецкім  лясгасам, а Гудагайская школа яшчэ і з СВК “Гудагай” і фермерскай гаспадаркай “Світанак-Л”. У кожнай з пералічаных школ будуць працаваць  і  адпачываць  па  12 дзяцей.
Для юных спартсменаў на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы штогод адкрываецца спартыўна-аздараўленчы летнік. Сёлета традыцыя будзе прадоўжана – дзеці будуць займацца спортам на базе спартыўнай школы з паралельным выкарыстаннем базы гімназіі №1.
–  Дзеці з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці-сіроты і інваліды змогуць адпачыць?
–  Безумоўна. Сёлета такім катэгорыям дзяцей, як і ў мінулым годзе, будзе аказана падтрымка. Сродкі  выдзелены  з абласнога і  раённага  бюджэтаў.  Таксама мы  спадзяёмся  на  падтрымку грамадскіх арганізацый і разуменне  кіраўнікоў  прадпрыемстваў, што працуюць у нашым раёне. Больш таго: для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з парушэннямі развіцця зроблены выключэнні – яны могуць аздараўлівацца ў летніках з 6 да 18 гадоў.
–  Колькі  будуць  каштаваць пуцёўкі і дзе іх можна набыць?
–  Хачу    нагадаць,    што кошт  пуцёўкі  складаецца  з бацькоўскай аплаты і дзяржаўнай датацыі.  Сёлета  кошт  пуцёвак у  параўнанні  з  мінулым  годам павялічыўся, бо залежыць ён у асноўным ад кошту  харчавання. Так, напрыклад, за адпачынак на прышкольных пляцоўках у залежнасці ад узростудзіцяці бацькі заплацяць за пуцёўку  ад 135 тысяч да 217 тысяч рублёў за 18 дзён, адпачынак у летніку працы і адпачынку складзе 171 300 беларускіх рублёў.  Адпачынак у палатачным летніку будзе каштаваць 546 900 рублёў. Адпачыць у “Алімпіёніку” можна будзе прыкладна за 620 тысяч рублёў, адпачынак у “Вясёлцы” складзе ад 699 300 да 741 200 рублёў. А вось цэны на адпачынак у “Ластаўцы” будуць  вагацца  ад  445  тысяч (абаронна-патрыятычная  змена) да 832 150 беларускіх рублёў для дзяцей 15 гадоў.
За пуцёўкамі неабходна звяртацца  ў  адну  з  арганізацый, дзе  працуюць  бацькі  дзіцяці. У  кожнай  створаны  камісіі  па аздараўленні. Калі бацькі жадаюць адправіць сваё дзіця ў летнік, яны звяртаюцца ў камісію з  заявай і атрымліваюць пуцёўку. Па рашэнні камісіі можа быць аплачаны поўны кошт пуцёўкі або яго частка. Варта таксама памятаць, што для залічэння ў летнік трэба прадаставіць медыцынскую даведку ад здароўі дзіцяці, заяву бацькоў, копію пасведчання аб нараджэнні  дзіцяці,  даведку, выдадзеную  па  месцы  працы бацькоў,  аб тым, што  ў бягучым годзе пуцёўку на дзіця за кошт  сродкаў  дзяржаўнага  сацыяльнага  страхавання,  бацькі не  атрымлівалі.  Для  дзяцей  з няпоўных сем’яў дакументы будуць крыху іншымі. І яшчэ – адпачыць дзве змены ў летніку з кругласутачным  знаходжаннем за кошт дзяржаўнай датацыі не атрымаецца.  Калі  дзіця  захоча адпачыць у летніку другі раз за  лета,  бацькам  давядзецца аплачваць поўны кошт пуцёўкі. Праўда, гэта не датычыцца дзяцей з няпоўных і шматдзетных сем’яў – яны змогуць адпачыць у летніку два разы – з дзённым і кругласутачным знаходжаннем.
–  Дзякуй за гутарку.


___________________


Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота Юрыя ГОРЫДА.