Где и как смогут отдохнуть островецкие школьники этим летом?
Не за гарамі лета, па якому ўжо ўсе засумавалі, асабліва дзеці, бо лета – гэта вольны ад вучобы час, адпачынак і знаёмства з новымі людзьмі. Штогод аддзел адукацыі, спорту і турызму прапануе школьнікам некалькі варыянтаў аздараўленчага адпачынку. Дзе і як змогуць адпачыць нашы школьнікі гэтым летам? Пра гэта наша гутарка з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму, якая курыруе пытанні аздараўлення і харчавання дзяцей, Вольгай Яўгеньеўнай Дэмбоўскай.
– Самым папулярным відам адпачынку ў малодшых школьнікаў з’яўляюцца так званыя прышкольныя пляцоўкі. На базе якіх школ яны размесцяцца і колькі будзе каштаваць аздараўленне ў іх?
– У бягучым годзе мы плануем аздаравіць 950 школьнікаў, прычым 485 з іх змогуць адпачыць у лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей, якія будуць арганізаваны на базе ўсіх школ раёна. Першая змена ва ўсіх дзённых летніках пачнецца 1 чэрвеня – на працягу 18 дзён тут адпачнуць 320 школьнікаў. У жніўні на базе СШ №1, СШ №2 і гімназіі №1 пройдзе другая змена, якая пачнецца 1 жніўня. Пакуль што пра кошт пуцёўкі гаварыць рана. Вядома, што павялічыцца памер бюджэтных сродкаў на ўдзешаўленне кошту пуцёўкі. Аднак, як толькі будуць вядомы ўсе цэны, мы абавязкова паведамім пра іх бацькам
– Якія яшчэ летнікі з дзённым знаходжаннем дзяцей будуць працаваць у нашым раёне?
– Сёлета, як і ў мінулыя гады, у раёне будзе працаваць летнік для юных спартсменаў на базе дзіцячай юнацка-спартыўнай школы, адпачыць у ім можна будзе з 1 па 21 чэрвеня.
Будуць селета працаваць і лагеры працы і адпачынку. Варта памятаць, што трапіць сюды змогуць школьнікі з 14 гадоў. Прычым перавагу мы будзем аддаваць дзецям з няпоўных, апякунскіх і шматдзетных сем’яў, тым, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх ці знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Так, школьнікі змогуць аб’яднаць працу і аздараўленне на базе Гудагайскай школы, у Гервяцкай СШ будуць адпачываць і працаваць не толькі вучні гэтай установы, але і школьнікі з Варнянскага НПК, Рымдзюнскіх школ з беларускай і літоўскай мовамі навучання. Дзеці, якія выкажуць жаданне адправіцца сюды, змогуць гэта зрабіць з 27 чэрвеня па 16 ліпеня. Дарэчы, у мінулым годзе сярэдняя заработная плата ў лагерах працы склала 540 тысяч рублёў.
З 1 жніўня летнік працы і адпачынку будзе арганізаваны на базе сярэдняй школы №2 – 20 вучняў з гэтай навучальнай установы, а таксама сярэдняй школы №1 і гімназіі №1 змогуць прынесці карысць сваёй навучальнай установе.
– Штогод дзецям прапануюць адпачыць у лагерах з кругласутачным знаходжаннем, якія месцяцца на базе школ? Што сёлета зможаце прапанаваць вучням?
– Такія летнікі будуць створаны на базе пяці навучальных устаноў. Вялікай папулярнасцю ў нашых школьнікаў і іх бацькоў карыстаецца летнік для актыву вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў “Вясёлка”, арганізатарам якога з’яўляецца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета ён размесціцца на базе прышкольнага інтэрнату Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання. Тут з 28 чэрвеня змогуць адпачыць 35 самых актыўных і таленавітых падлеткаў нашага раёна.
12 чэрвеня пераможцы і прызёры алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню сустрэнуцца ў Падольскай школе ў летніку “Алімпіёнік”, дзе дзеці змогуць не толькі адпачыць, але і паглыбіць свае веды па прадметах.
Прадоўжыць сваю работу і летнік эколага-краязнаўчай накіраванасці “Экакраязнаўцы”. Яго начальнік, намеснік дырэктара Варнянскага НПК Алена Іванаўна Юркойць падрыхтавала для сваіх выхаванцаў цікавую праграму, падчас якой знойдзецца час і на паходы, і на навуковую дзейнасць. Варнянская школа сустрэне юных эколагаў і краязнаўцаў 12 чэрвеня.
Не губляе папулярнасці і палатачны летнік “Вандроўнік”, змена якога доўжыцца дзевяць дзён. З 13 чэрвеня ў Міхалішках змогуць адпачыць 20 дзяцей з розных школ раёна, якія захапляюцца турызмам і якіх не палохае перспектыва правесці некалькі начэй у палатках.
Ужо некалькі гадоў запар Гудагайская школа сумесна з аддзелам пагранічнай службы “Гудагай” арганізоўвае ваенна-патрыятычны летнік “Дазор”, у якім адпачываюць школьнікі з кадэцкіх класаў гэтай навучальнай установы. Як і ў мінулыя гады, змена будзе праходзіць на базе дзіцячага аздараўленчага летніка “Ластаўка” і пачне сваю работу 6 чэрвеня.
– У раёне ёсць і стацыянарны дзіцячы аздараўленчы летнік “Ластаўка”. Колькі змен сёлета будзе ў ім і хто зможа адпачыць у Дайноўцы падчас летніх канікул?– Сёлета, у адрозненні ад мінулага года, на базе “Ластаўкі” будзе арганізавана чатыры змены. Падчас першай з іх тут будуць адпачываць не толькі гудагайскія школьнікі, але і юнакі, якія закончылі 10 клас, пройдуць практыку па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Працягласць гэтай змены будзе 9 дзён.
Адпачынак падчас астатніх складзе 18 дзён. Другая змена, якая пачнецца 23 чэрвеня, пройдзе пад назвай “Акадэмія зорак”, трэцяя – “Галактыка пад назвай “Дзяцінства” – прыме дзяцей з 13 ліпеня. За гэты час тут адпачнуць 220 школьнікаў. Чацвёртая змена запросіць усіх на “Пошукі прыгод” 3 жніўня. Дарэчы, у жніўні ў “Ластаўцы” будуць адпачываць не толькі астравецкія школьнікі, але і 20 дзяцей з Іўеўскага раёна. Усяго ж за летні перыяд у “Ластаўцы” змогуць аздаравіцца і добра правесці час 380 школьнікаў.
Дарэчы, для таго, каб дзецям тут было ўтульна, а бацькам спакойна, многае было зроблена па добраўпарадкаванні корпусаў і тэрыторыі летніка. Да новага аздараўленчага сезону праведзена замена падлогі ў першым спальным корпусе, устаноўлены новыя вокны на харчблоку, набыты дзве альтанкі, лаўкі, сталовы посуд і інвентар, пафарбавана спартыўнае абсталяванне, распачаты работы па замене пліткі ў санвузлах. Плануецца, што да канца мая будзе завершаны рамонт санітарных вузлоў – тут будуць устаноўлены кабіны і заменена сантэхніка; а таксама адрамантаваны корпусы, сталовая, клуб, адміністрацыйны будынак, набыты сталы для харчблока – для гэтага з раённага бюджэта выдзелена 200 мільёнаў рублёў.
Сёння “Ластаўка” выкарыстоўваецца не толькі падчас летніх канікул. Стала добрай традыцыяй арганізоўваць на базе летніка адпачынак для дзяцей падчас зімовых і вясенніх канікул. І такія мерапрыемствы сталі карыстацца папулярнасцю. Дарэчы, у маі на базе “Ластаўкі” будзе арганізавана ваенна-патрыятычная гульня, удзельнікамі якой стануць усе вучні раёна. У бліжэйшыя месяцы тут пройдзе міжраённы турыстычны злёт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама турыстычны злёт для супрацоўнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму. У планах – арганізацыя на базе нашага летніка сямейных святаў, правядзенне тэматычных тураў выхаднога дня для дарослых, арганізацыя дзіцячых гульнявых праграм.
Словам, сёлета кожнае дзіця зможа выбраць для сябе адпачынак на любы густ.
Больш падрабязную інфармацыю пра віды аздараўленчых летнікаў, кошт пуцёвак і тое, як і дзе іх можна будзе набыць, чытайце на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму ostrovec.grodno.unibel.bу ў раздзеле “Арганізацыя летняга аздараўлення”.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
