Газификация улицы зависит от жителей

У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” звярнуліся жыхары вуліц Новая і Савецкая, якія размешчаны амаль што ў цэнтры Астраўца. Людзі скардзіліся на тое, што ў хуткім часе іх вуліцы стануць неперспектыўнымі, а ўсё з-за таго, што да дамоў не падведзены газ. Сёння для ацяплення сваіх дамоў жыхары гэтых вуліц выкарыстоўваюць дровы, якія каштуюць дорага – да прыкладу, многія, каб забяспечыць сябе дровамі, заплацілі каля трох мільёнаў рублёў. Таму жыхароў гэтых вуліц цікавіла магчымасць правядзення газу для ацяплення свайго жылля.

За адказам на пытанне мы звярнуліся да дырэктара ВУ “Астравецрайгаз” Марыі Нікадзімаўны Ігнатовіч:

– Некалькі гадоў назад жыхары гэтых вуліц звярталіся ў “Астравецрайгаз” з аналагічным пытаннем. І ім было растлумачана, што для гэтага трэба зрабіць. Тады, дарэчы, быў разлічаны прыблізны кошт правядзення газаправоду. Але ніякіх далейшых дзеянняў ад жыхароў гэтых вуліц не паследавала.
Пытанне гэта, канешне, складанае. Так склаліся абставіны, што бліжэйшы ад іх газаправод праходзіць па вуліцы Камсамольскай. Таму, каб абзавесціся газавым ацяпленнем, жыхарам вуліц Новая і Савецкая давядзецца праводзіць сабе газ менавіта ад Камсамольскай. Улічваючы тое, што сёння дзейнічае Указ Прэзідэнта краіны №368, згодна з якім аказваецца дзяржаўная падтрымка пры правядзенні газаправоду пад 70% працэнтаў яго кошту, то жыхарам давядзецца аплаціць толькі 30%. Гэта таксама не такая і маленькая сума. Але калі жадаючых будзе шмат, то і кошт для гаспадара кожнага дома будзе меншы.
Усё, што сёння трэба зрабіць жыхарам, – гэта звярнуцца ў райвыканкам з заявай аб газіфікацыі іх вуліцы. Пасля прыняцця райвыканкамам, а потым аблвыканкамам рашэння аб газіфікацыі. І ў наступным годзе вуліцы Новая і Савецкая могуць трапіць у спіс аб’ектаў, якія падлягаюць газіфікацыі.