Гарачыя пытанні – кампетэнтныя адказы
На працягу двух тыдняў у аддзеле адукацыі працаваў тэлефон “гарачай лініі” – кожны жадаючы мог атрымаць кампетэнтны адказ на свае пытанні ад намесніка начальніка аддзела адукацыі Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч.
Самыя актуальныя мы змяшчаем на сайце "Астравецкай праўды".
– Якім чынам сёлета будзе праходзіць прыём дзяцей у першыя класы, калі ім на першага верасня не споўнілася шэсць гадоў?
– З 1 верасня бягучага года ў сілу ўступае Кодэкс Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”. Згодна з ім у першы клас прымаюцца дзеці, якім на 1 верасня споўнілася шэсць ці больш гадоў. Але па жаданні бацькоў ці законных прадстаўнікоў дзіцяці дапускаецца прыём у першы клас дзяцей, якім шэсць гадоў споўніцца ў перыяд з 1 па 30 верасня.
Калі вы хочаце, каб ваш сын або дачка пайшлі ў школу раней, неабходна да 28 жніўня прыйсці ў школу па месцы жыхарства і напісаць заяву на імя дырэктара. Пасля гэтага ваша дзіця будзе залічана ў першы клас.
– Ці праўда, што ў наступным навучальным годзе плануецца ўвядзенне ў 3-4 класах безадзнакавага навучання? Калі так, то па якіх прадметах?
– Сапраўды, у 2011-2012 навучальным годзе ў трэціх класах пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па музыцы, выяўленчаму мастацтву, працоўнаму навучанню і фізічнай культуры і здароўі будзе выкарыстоўвацца безадзнакавае навучанне. Працэс гэты паэтапны – сёлета ацэнкі знікнуць у трэціх класах, у наступным годзе – у чацвёртых, і яшчэ праз год – у пятых. У пятым класе безадзнакавым будзе толькі выяўленчае мастацтва.
– Увесь час гавораць пра ўвядзенне экзамена за курс сярэдняй школы па замежнай мове. Калі гэта будзе зроблена? І ці будзе ўвогуле?
– Экзамен па замежнай мове будзе ўведзены абавязкова. Здаваць яго давядзецца тым выпускнікам, якія ў 2012-2013 навучальным годзе закончаць 11 класаў.
– Ці плануецца ў бліжэйшы час у гарадскіх установах адкрыццё класаў з беларускай мовай навучання?
– Ужо сёлета ў СШ №1 г.п. Астравец ідзе набор дзяцей у першы клас, у якім усе прадметы, акрамя рускай мовы і рускага літаратурнага чытання, будуць выкладацца на беларускай мове.
Дарэчы, у нашым раёне ва ўсіх сельскіх школах і дашкольных установах, акрамя Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, выкладанне вядзецца на беларускай мове. Калі будзе жаданне бацькоў, то ў гімназіі таксама можна адкрыць беларускамоўныя класы.
– Некалькі гадоў назад у школе было тры гадзіны фізічнай культуры на тыдзень. Потым адну скарацілі. Што будзе ў гэтым годзе?
– Згодна з тыпавым вучэбным планам на 2011-2012 навучальны год, удзядзенне трэцяй гадзіны па фізічнай культуры не прадугледжана. Але калі ў бацькоў і іх дзяцей ёсць жаданне наведваць больш заняткаў па фізічнай культуры, то ў кожнай школе пры неабходнай колькасці заяў можна арганізаваць работу факультатываў, гурткоў і секцый. Займацца спортам можна ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе і ў цэнтры пазашкольнай работы. Тут вам прапануюць вялікую колькасць секцый і гурткоў у любы зручны для вашага дзіцяці час.
– Наша дачка закончыла чацвёрты клас гімназіі. І нам бы хацелася, каб яна прадоўжыла навучанне ў пятым класе гімназіі. Цяпер дзяўчынка знаходзіцца на адпачынку ў Італіі і экзамены ў гімназію мы ўжо прапусцілі? Што рабіць?
– Згодна з палажэннем аб агульнаадукацыйнай установе, дазваляецца ў перыяд з 21 па 28 жніўня правядзенне ўступных іспытаў у гімназію для вучняў, якія не з’явіліся на іх па ўважлівых прычынах( хвароба або іншыя непрадбачаныя сітуацыі, што пацвярджаюцца дакументальна), але толькі пры наяўнасці свабодных вучнёўскіх месцаў.
У 2011-2012 навучальным годзе план прыёму ў гімназію складае 60 вучняў. Пры наяўнасці свабодных месцаў можна звярнуцца ў гімназію з заявай, і для вашай дачкі будуць арганізаваны ўступныя іспыты па беларускай і рускай мовах і матэматыцы па тэкстах, падрыхтаваных аддзелам адукацыі.
– Што рабіць, калі я не змагу прыняць удзел у тэсціраванні?
– Сёлета рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне праходзіла з 4 мая па 1 чэрвеня. У нашай вобласці зарэгістравацца можна было ў Гродна, Лідзе і Ваўкавыску.
14 чэрвеня выпускнікі будуць здаваць тэст па беларускай мове, 15 – па рускай мове, 17 – па гісторыі Беларусі, 19 – па матэматыцы, 21 – па грамадазнаўстве, 22 – па хіміі, 23 – па сусветнай гісторыі, 25 – па фізіцы, 26 – па біялогіі, 28 – па замежных мовах і 29 – па геаграфіі. Кожны выпускнік мае права прыняць удзел у тэсціраванні толькі па трох прадметах. Калі па ўважлівай прычыне вы не зможаце прыйсці на тэсціраванне, то спецыяльна для такіх абітурыентаў вызначаны рэзервовы дзень – 4 ліпеня. Перарэгістравацца на тэсціраванне ў нашай вобласці можна ў Гродна 27, 28, 29 і 30 чэрвеня з 9 да 19 гадзін па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 5. А само дадатковае тэсціраванне будзе праходзіць у Мінску, праспект Незалежнасці, 4. Пачнецца яно, як і ўсе тэставыя іспыты, у 11 гадзін.
Калі ў вас ці вашых бацькоў узнікнуць пытанні па тэсціраванні, можаце звярнуцца ў аддзел адукацыі па тэлефоне – 22-3-85 або ў камітэт дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці – 8-0152-74-52-72 ці ва ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама – 8-0152-77-04-47.
– Ці прадугледжаны сёлета змяненні ў Правілах прыёму ў ВНУ?
– Сёлета змены ў Правілы прыёму ў ВНУ не ўносіліся. Выключэнне складаюць правілы паступлення абітурыентаў ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці сферы культуры і мастацтва. На працягу двух апошніх гадоў у творчых навучальных установах праходзіў эксперымент, які меў на ўвазе асаблівую сістэму падліку агульнага бала абітурыента. Цяпер пры паступленні ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў залічэнне будзе ажыццяўляцца на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках уступнага выпрабавання па прадмеце “Творчасць”, сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
– У якія тэрміны прымаюцца дакументы ў ВНУ?
– Прымаць дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы пачнуць ужо з 9 ліпеня, а ў ВНУ другога патоку – з 16 ліпеня. Так, у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, Ваенную акадэмію, Камандна-інжынерны інстытут і Гомельскі інжынерны інстытут на ўсе формы дакументы падаюцца з 9 па 15 ліпеня.
У Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў дакументы можна падаваць з 9 па 13 ліпеня.
У іншыя дзяржаўныя і прыватныя ВНУ, акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі, у ВНУ сельскагаспадарчага профілю, на ўсе формы атрымання адукацыі – з 16 па 25 ліпеня (на ваенныя факультэты – з 16 па 23 ліпеня).
Алена ЯРАШЭВІЧ.