Если хочешь стать милиционером...

Усё менш часу застаецца да цэнтралізаванага тэсціравання – а значыць, старшакласнікам ужо трэба вызначацца з будучай прафесіяй. Адны бачаць сябе інжынерамі, другія – урачамі, трэція – настаўнікамі… Калі ж вы хочаце змагацца за правапарадак, абараняць бяспеку грамадзян і марыце аб міліцэйскай форме – гэта інфармацыя будзе карыснай для вас. Спецыяльна для такой катэгорыі маладых людзей на пытанні, звязаныя з паступленнем і працай у міліцыі, сёння адказвае намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Астравецкага РАУС Вадзім Мар’янавіч Савіцкі.

– Кажуць, што для таго, каб працаваць у праваахоўных органах трэба абавязкова адслужыць у арміі? Ці праўда гэта?


– Да нас, у групу кадраў раённага аддзела ўнутраных спраў, могуць звяртацца маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, якія адслужылі ў арміі і маюць сярэднюю, сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую адукацыю. Таксама прымаюцца на службу юнакі, якія не служылі, але закончылі сярэднеспецыяльную ці вышэйшую ўстанову. І яшчэ адно патрабаванне: каб у іх мінулым не было ніякіх адміністрацыйных ці крымінальных правапарушэнняў.


– У якую вышэйшую ўстанову лепш паступаць тым, хто хоча стаць сапраўдным прафесіяналам аховы правапарадку?


– Самы распаўсюджаны і прэстыжны варыянт – Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь. Для гэтага трэба да 15 красавіка звярнуцца да нас, каб напісаць заяву для афармлення асабістай справы. А пасля ўжо мы больш падрабязна раскажам, што рабіць далей.
Уступныя іспыты ў Акадэмію праходзяць у форме цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай (рускай) мове, матэматыцы, грамадазнаўству. На працягу чатырох гадоў тут рыхтуюць будучых афіцэраў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй за кошт бюджэту на факультэтах міліцыі, следчаэкспертным, крымінальна-выканаўчым і іншых. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і пасля вучобы прыходзяць на службу ў міліцыю са званнем лейтэнанта міліцыі.


– Для якіх пасад не патрабуюцца вышэйшая адукацыя?


– Для пасад малодшага начальніцкага саставу – напрыклад, у ізалятар часовага ўтрымання, на аператыўна-дзяжурную службу вадзіцелем прымаюцца маладыя людзі без вышэйшай адукацыі. А вось на афіцэрскія пасады сярэдняга начальніцкага саставу патрабуюцца людзі з вышэйшай адукацыяй. Пасля трэба будзе прайсці спецыяльную падрыхтоўку на працягу шасцi месяцаў (за выключэннем афіцэраў запасу) у Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС Рэспублікі Беларусь у Мінску. А затым ужо пасля накіравання кіраўніцтвам УУС Гродзенскага аблвыканкама прыбыць на прызначанае месца службы.


– А дзе яшчэ можа атрымаць спецыяльную адукацыю будучы міліцыянер?


– Магу параіць Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Умовы паступлення – такія ж, як і ў Акадэмію. Праўда, там прымаюць толькі на факультэт міліцыі. Маладыя людзі могуць звярнуцца да нас да 15 красавіка, каб напісаць заяву для афармлення асабістай справы.
А яшчэ звяртаем увагу, што зараз выпускнікі, якія не прайшлі па конкурсу ў Акадэмію МУС, але па сваіх маральных і фізічных якасцях падыходзяць для службы ў міліцыі, могуць быць прыняты ў патрульна-паставую службу.
Такім чынам, калі вы маладыя, энергічныя, мужныя і жадаеце служыць у органах унутраных спраў – звяртайцеся ў групу кадраў Астравецкага РАУС.


----------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.