Экзамены, профильное обучение и возможность стать студентом российского вуза - такие вопросы поступили на "Прямую линию" с начальником отдела образования
На «Прамую лінію» з начальнікам аддзела адукацыі Наталляй Іосіфаўнай Станкевіч паступіла не так шмат званкоў, аднак пытанні, якія на ёй падымаліся, будуць цікавыя, мяркуем, многім школьнікам і іх бацькам.– Ці плануецца ў бліжэйшы час аб'яднаць выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы і ўступныя экзамены ў вышэйшыя навучальныя ўстановы?
– Ніякіх змен у гэтым накірунку ў бліжэйшы час Міністэрства адукацыі рабіць не плануе. І гэта цалкам абгрунтавана. На мой погляд, экзамены ў школе павінны прадэманстраваць узровень засвоеных вучнямі ведаў па прадметах за школьную праграму. Пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы абітурыент павінен прадэманстраваць веды па тых прадметах, якія неабходны ў вышэйшай навучальнай установе.
– Якія змены чакаюць выпускнікоў базавай школы гэтым летам?
– У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 2014 года №95 вучні 9 класаў будуць здаваць тры выпускныя экзамены – па беларускай і рускай мовах і матэматыцы. Усе экзамены пройдуць у пісьмовай форме. Нагадаю, што абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі з 2015 года будуць здаваць толькі выпускнікі 11 класаў, а з праграмы выпускных экзаменаў за курс базавай школы гэты іспыт выключаны.
– Ці будуць у наступным навучальным годзе ў школах профільныя класы?
– На сённяшні дзень у Міністэрстве адукацыі распрацоўваюцца нарматыўныя дакументы па вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні ў рамках профільных класаў. Школьнікам, якія не змаглі выбраць профіль, будзе дадзена магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю. Акрамя таго, распрацоўваюцца крытэрыі адбору для залічэння выпускнікоў базавай школы ў дзясяты профільны клас.
– Як з беларускім атэстатам стаць студэнтам расійскай вышэйшай навучальнай установы?
– Сістэма паступлення ў ВНУ Расійскай Федэрацыі адрозніваецца ад паступлення ў беларускія навучальныя ўстановы. Галоўнае адрозненне – гэта ўступныя іспыты. Калі ў Беларусі абітурыенты здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне, то расіяне – адзіны дзяржаўны экзамен.
Адзіны дзяржаўны экзамен – адна з форм выніковай атэстацыі, якая праводзіцца для выпускнікоў школ Расіі. Яго могуць здаць усе былыя школьнікі, якія па адукацыйных прадметах за 9-11 класы атрымалі адзнакі не ніжэй за здавальняючыя.
Беларускія абітурыенты, якія хочуць здаць у Расіі адзіны дзяржаўны экзамен, павінны прадставіць дакумент аб заканчэнні сярэдняй школы. Як правіла, на экзамены, якія праходзяць у чэрвені, выпускнікі школ Беларусі трапіць не паспяваюць, аднак яны могуць быць праэкзаменаваны ў рэзервовыя дні ў ліпені.
Акрамя таго, абітурыент незалежна ад нацыянальнасці і месца жыхарства павінен звярнуцца ў прыёмную камісію выбранай вышэйшай навучальнай установы і ўзяць накіраванне на правядзенне адзінага дзяржаўнага экзамена. Таму, калі вы вырашылі вучыцца ў адной з вышэйшых навучальных устаноў, напрыклад, Масквы, то, хутчэй за ўсё, і экзамен вам давядзецца здаваць у Маскве.
Падрабязную інфармацыю аб правілах прыёму ў канкрэтную ВНУ Расіі, якая ўключае пералік спецыяльнасцей, дадатковыя экзамены, парадак прыёму і іншыя звесткі, можна знайсці на сайце выбранай вамі ўстановы.
-------------------------------
На «Прамой лініі» дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.
