"Экскурсия" ольховских школьников одержала победу на районном краеведческом конкурсе "Голоса истории"

конкурс экскурсоводов районныйРаённы этап 9 абласнога краязнаўчага конкурсу «Галасы гісторыі-2016» прайшоў у Астраўцы. Сёлета конкурс, які праходзіць раз у два гады, змяніў фармат. Яго ўдзельнікамі сталі юныя экскурсаводы, якім неабходна было распрацаваць і правесці экскурсію па старажытным Гродне на тэму «Страчаная спадчына».

Удзельнікаў было шмат – заяўкі на конкурс падалі 11 устаноў адукацыі – і кожны стараўся паказаць сябе ў выгадным свеце.
«Журыць» школьнікаў было даручана галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміле Міхайлаўне Апановіч, метадысту Ларысе Леанідаўне Кетрыс, настаўніцы гісторыі гімназіі №1 Ніне Тадэвушаўне Мажэйка, галоўнай захавальніцы фондаў Астравецкага музея Вандзе Міхайлаўне Вайшнаровіч і экскурсаводу Ірыне Чаславаўне Казак.
Усе ўдзельнікі, акрамя выступлення, рыхтавалі «Партфель экскурсавода», у якім змяшчалі фотаздымкі, карты, малюнкі і тэкставыя ўкладкі, а таксама справаздачны матэрыял па тэме.
Дарэчы, усе экскурсаводы выступалі на беларускай мове – і гэта не можа не радаваць.
Першымі на сцэну выйшлі гімназісты – сваё падарожжа па «страчанай спадчыне» дзяўчаты прысвяцілі трагічнаму лёсу гродзенскіх святынь.
Алена Раўда з Рытанскага НПК расказала пра сем цудаў Гродна. Не ўсе з іх аказаліся страчанымі – многія і сёння, на шчасце, можна ўбачыць на вуліцах нашага абласнога цэнтра. Дарэчы, такія «памылкі» сустракаліся і ў іншых выступленнях – напэўна, не ўсе ўдзельнікі конкурсу ўважліва прачыталі яго ўмовы.
Упэўнена трымаліся на сцэне і гудагайскія экскурсаводы – Арына Лаўрэцкая і Жанна Трусевіч праз прызму часу паглядзелі на Гродна старажытны і вярнуліся да яго сучаснага.
Уразілі варнянскія школьніцы – іх тэатралізаванае прадстаўленне «Загадкі пані Арэшкі» дапамагло трапіць у часы Элізы Ажэшкі і Алаізы Пашкевіч.
А калі на сцэну выйшлі Вольга Лазарэвіч і Данііл Свешнікаў з Альхоўскай школы, адразу стала зразумела, што яны могуць прэтэндаваць на прызавое месца. Альхоўскія экскурсаводы правялі ўсіх, хто сабраўся ў зале, па колішніх маёнтках – менавіта ў іх падарожжы з'явіліся новыя «страчаныя» аб'екты.
Ксенія Лапуня з Гервяцкай школы ўпэўнена трымалася на сцэне, але дзяўчыне не хапіла эмацыянальнасці.
Спондаўскія школьнікі падарожнічалі па фартах Гродзенскай крэпасці.
А выступленне вучняў з СШ №1 па страчаным багацці Гродзеншчыны зацягнулася больш чым на 15 хвілін – па ўмовах конкурсу менавіта столькі часу адводзілася на «экскурсію» – і журы давялося спыніць экскурсаводаў.
Кямелішкаўскія школьнікі правялі экскурсію па тэатральным Гродне, а напрыканцы свайго выступлення запрасілі ўсіх на фестываль нацыянальных культур, які ў пачатку чэрвеня пройдзе ў абласным цэнтры.
Рэната Ярмак з СШ №2 расказвала пра каралеўскі Гродна. Яе выступленне да таго ж суправаджалася ўрыўкам з канцэрта арганнай музыкі.
Экскурсаводы Міхалішкаўскай школы не толькі расказалі пра знакамітыя аб'екты старажытнага Гродна, але і праінсцэніравалі ўрывак з «Хама» Элізы Ажэшкі.
конкурс экскурсоводов районный1І вось самы чаканы момант – калі журы выносіць свой «прысуд». Пераможцамі прызнаны экскурсаводы Альхоўскай школы. Менавіта гэтым таленавітым школьнікам цяпер давядзецца прымаць удзел у адборачным этапе абласнога конкурсу.
Пажадаем ім поспеху!

---------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.