Экономия и бережливость в учреждениях образования Островецкого района
Эканоміі і беражлівасці ў школах і садках раёна ўвага надавалася пастаянна. А сёлета, калі Указам Прэзідэнта краіны бягучы год прызначаны Годам беражлівасці, гэтаму накірунку будзе ўдзелена яшчэ большая ўвага.
Таму і зразумела, што ўсе школы актыўна ўключыліся ў раённы этап абласнога конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Удзельнічаць у конкурсе можна было ў некалькіх намінацыях – выбіраліся лепшы педагог, лепшы вучнёўскі праект, лепшы кабінет па энергазберажэнні, агітбрыгада, відэаролік, энергія і асяроддзе пражывання.
І пасля таго, як лепшыя з лепшых былі выбраны, шэраг настаўнікаў і вучняў узнагародзілі дыпломамі аддзела адукацыі, а іх распрацоўкі і работы накіравалі для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу. Днямі ў Гродзенскім Дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў абласны этап. Адправіліся на яго і прадстаўнікі з нашага раёна, якія трапілі ў фінал абласнога этапу.
Так, настаўніца гімназіі №1 Таццяна Анатольеўна Круглікава выступала ў намінацыі “Лепшы педагагічны работнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння”. А вучні гімназіі №1 Уладзіслаў Цярэшка і Мальскага НПК Раман Жамойць прайшлі ў фінал у намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”. У мінулую суботу канкурсанты з нашага раёна спаборнічалі з іншымі школьнікамі і педагогамі за прызавыя месцы. Прыемна, што вярнуліся яны на Астравеччыну з узнагародамі. Т.А. Круглікава і Раман Жамойць былі ўзнагароджаны Дыпломамі ІІ ступені, а Уладзіслаў Цярэшка атрымаў Дыплом ІІІ ступені.
Дарэчы, нашы школьнікі штогод паказваюць вельмі добрыя вынікі ў гэтым рэспубліканскім конкурсе. І сёлета Астравецкаму раёну яшчэ давядзецца пазмагацца з Лідай і Навагрудкам за званне лепшага раёна вобласці па арганізацыі работы ва ўстановах адукацыі ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння.
Фота з сайта aspirant.science.urfu.ru.