Дзе і як будуць адпачываць летам дзеці – інтэрв'ю з начальнікам аддзела адукацыі
Адпачынак – справа сур’ёзная. Тым больш адпачынак дзяцей! Як плануецца арганізаваць яго ў нашым раёне? З якімі праблемамі могуць сутыкнуцца бацькі і дзеці? Напярэдадні летніх канікул мы сустрэліся з начальнікам аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Ліліяй Уладзіміраўнай ЯНКОЎСКАЙ, і яна адказала на гэтыя і іншыя пытанні.
– З гэтага года аддзел адукацыі з’яўляецца манапалістам у арганізацыі дзіцячага адпачынку. Што збіраецеся прапанаваць бацькам і дзецям у сёлетнім сезоне?
– Згодна з раённым планам па аздараўленню школьнікаў, у гэтым годзе на працягу лета змогуць адпачыць 1350 дзяцей. У раёне арганізаваны шэраг летнікаў. Сярод іх 17 – з дзённым знаходжаннем дзяцей, якія адкрыюцца на базе ўсіх устаноў адукацыі, акрамя Варонскай базавай школы. Будзе таксама наладжана работа летніка з дзённым знаходжаннем дзяцей пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, у якім адпачнуць выхаванцы-спартсмены з гарадскіх школ.
Другая катэгорыя – лагеры з кругласутачным прабываннем. Большая частка дзяцей зможа адпачыць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Ластаўка”. Таксама будуць працаваць летнікі актыву вучнёўскага самакіравання “Вясёлка” на базе Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання і для адораных дзяцей “Алімпіёнік”, які ў гэтым годзе размесціцца ў Гудагайскай школе.
Разам з аздараўленнем школьнікаў на базе ўсіх дашкольных устаноў раёна праходзіць і аздараўленне дашкольнікаў. Прадугледжаны вітамінізацыя харчавання, арганізацыя рэжыму работы ва ўмовах аздараўлення і правядзенне аздараўленчых мерапрыемстваў і працэдур па загартоўванню.
– У сувязі з тым, што “Ластаўка” перададзена на баланс аддзела адукацыі, з якімі праблемамі прыйшлося сутыкнуцца? Ці ўсе яны вырашаны?
– Пасля таго, як наша асноўная база летняга адпачынку дзяцей – летнік “Ластаўка” – рашэннем райвыканкама быў перададзены на баланс аддзела адукацыі, мы надалі яму статус юрыдычнай асобы і прывялі нарматыўна-прававую базу ў адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Ужо прызначаны яго начальнік – ім стала настаўніца хіміі і біялогіі СШ №1 Наталля Рыгораўна Малкова.
Наступная праблема, з якой прыйшлося сутыкнуцца, – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Аддзелу адукацыі выдзелілі 10 мільёнаў рублёў на капітальны рамонт сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння людзей аб пажары. З іх паўтара мільёна затрачана на праектна-каштарысную дакументацыю, астатнія пойдуць на выкананне работ. 30 мільёнаў выдзелена на бягучы рамонт. Прыводзяцца ў парадак санвузлы, харчблок, піянерскі пакой, спальныя карпусы, адміністрацыйны будынак. Часткова будзе заменена падлога, праведзена зашкленне, пафарбаваны падлога і сцены.
У спальным корпусе, у якім размесцяцца малышы, мяняюцца вокны і дзверы – гэта дазволіць забяспечыць неабходны тэмпературны рэжым і пазбегнуць захворвання ў дзяцей, калі надвор”е будзе стаяць не вельмі цёплае. А калі што, ёсць яшчэ варыянт: корпоративный отдых в подмосковье.
Прыемна, што нашы пачынанні падтрымлівае старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Плануем пачаць выраб дакументацыі на будаўніцтва асобнага будынка, у якім размесцяцца душавыя кабінкі, сучасныя туалетныя пакоі, пакоі для сушкі абутку. Пры паспяховым фінансаванні дадзены аб’ект будзе ўзведзены ў 2012 годзе.
24 красавіка работнікі аддзела адукацыі і педагагічныя калектывы гімназіі №1 і СШ №1 на суботніку зрабілі добраўпарадкаванне тэрыторыі, спілавалі старыя дрэвы і кусты, вывезлі смецце, ачысцілі яр, на месцы якога плануецца абуладкаваць амфітэатр пад адкрытым небам.
А ўвогуле хацелася б да 2012 года вывесці “Ластаўку” на годны ўзровень і падняць імідж лагера, каб дзеці з задавальненнем у ім адпачывалі, а бацькі з ахвотай куплялі пуцёўкі.
– Як будзе арганізавана работа “Ластаўкі”?
– Тут важнейшым аспектам з’яўляецца арганізацыя выхаваўчай работы і вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Летнік будзе працаваць у чатыры змены. Першая будзе насіць абаронна-патрыятычны накірунак. На працягу дзевяці дзён тут адпачнуць дзесяцікласнікі з усіх школ раёна, будуць праводзіцца вучэбна-палявыя зборы і практычныя заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы. Змена пачнецца з трэцяга чэрвеня.
Наступныя змены будуць праходзіць у агульнааздараўленчым накірунку і працягнуцца 18 дзён. Усяго ж за лета ў “Ластаўцы” адпачнуць 535 дзяцей.
Ідзе сур’ёзны адбор педагагічных работнікаў, да ўвагі бяруцца стаж, вопыт і прафесіяналізм. Распрацаваны план работы на ўсе чатыры змены з улікам узроставых, псіхалагічных і фізіялагічных асаблівасцей дзяцей. Будуць задзейнічаны спецыялісты РАНС, РАУС, ДАІ, Чырвонага Крыжа, таварыства выратавальнікаў на вадзе і юныя выратавальнікі-пажарныя, грамадскія аб’яднанні БРСМ і БРПА, аддзелы моладзі і спорту і турызму райвыканкама.
Асаблівая ўвага ўдзелена арганізацыі купання дзяцей – запланаваны выезды на Янаўскае вадасховішча. Будзе пашырацца краязнаўчая дзейнасць, прадоўжыцца акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, плануецца арганізаваць экскурсіі па раёну і за яго межы.
Спадзяемся, што пры такой арганізацыі дзеці добра адпачнуць і паправяць здароўе. Тэхнолагам аддзела адукацыі В.Ф.Казюлевіч распрацавана прыкладнае меню з улікам збалансаванасці прадуктаў: уключаны смачныя і карысныя для здароўя салаты, гародніна і фрукты, сокі. Бацькі будуць задаволены!
– Наколькі апраўдана арганізацыя прышкольных летніх аздараўленчых пляцовак? Як вы лічыце: за той час, што дзеці там знаходзяцца, яны могуць адпачыць?
– Безумоўна. Знаходжанне ў летніках з дзённым прабываннем дазваляе дзецям не толькі аздаравіцца, але і прыняць удзел у выхаваўчых мерапрыемствах. Да таго ж бацькі, пакуль самі знаходзяцца на рабоце, аддаюць сваіх дзяцей пад кантроль вопытных педагогаў і не перажываюць за іх. Для арганізацыі работы задзейнічана ўся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі: харчблокі, спартыўныя залы, відэасалоны, камп’ютэрныя класы, бібліятэкі і стадыёны. З гэтага года абазначаны і новыя пазіцыі: начальнікам прышкольнага летніка можа быць дырэктар ці яго намеснік, загадам зацвярджаецца пастаянны склад педагагічных работнікаў і на працягу змены ён не змяняецца, усе планы работы ўзгадняюцца з начальнікам аддзела адукацыі.
– Колькасць дзяцей, якія змогуць адпачыць на прышкольных пляцоўках у гэтым годзе, павялічылася ці скарацілася?
– У нашым раёне кожны год расце колькасць дзяцей, якія праходзяць аздараўленне. У мінулым годзе іх было 700, у гэтым – 725. Усе ўстановы адукацыі гатовы да такой формы арганізацыі аздараўлення і скарачаць колькасць летнікаў і дзяцей, якія ў іх адпачываюць, мы не збіраемся. У гэтым годзе выключэннем стала толькі Варонская школа, у якой тэрмінова неабходна правесці рамонт калідораў. Але бацькі могуць звярнуцца ў бліжэйшыя школы, і дзеці будуць залічаны ў прышкольныя летнікі.
– А як яны будуць да іх дабірацца?
– Усе запыты бацькоў будуць задаволены і, калі ўзнікне неабходнасць, то транспарт для падвозу дзяцей з Варонскай школы ў бліжэйшыя прышкольныя летнікі з дзённым прабываннем будзе выдзелены.
– Што робіцца для аздараўлення дзяцей-сірот, інвалідаў і дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў?
– Кожны год мы адчуваем падтрымку “Белай Русі”, “Фонду Міру” і “Беларускага дзіцячага фонду” для арганізацыі аздараўлення такіх дзяцей. Спадзяёмся на гэта і цяпер і запрашаем іншыя арганізацыі далучыцца да аздараўлення нашых дзяцей і аказаць магчымую дапамогу.
З абласнога бюджэту будуць выдзелены сродкі на адпачынак дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў. Дзякуючы такой падтрымцы ў “Ластаўцы” змогуць адпачыць 30 дзяцей. Што датычыцца дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў, то таксама шукаем сродкі і спонсараў, каб усе яны бясплатна адпачылі і аздаравіліся ў арганізаваных летніках.
– Колькі дзяцей змогуць адпачыць летам у нашых летніках? Ці ёсць магчымасць набыць пуцёўкі ў абласныя і рэспубліканскія летнікі? Ці плануецца заезд дзяцей з іншых раёнаў у нашу “Ластаўку”?
– Плануецца, што ў летніках з дзённым прабываннем на базе школ адпачне 675 дзяцей, яшчэ 50 вучняў пройдуць аздараўленне ў спартыўным летніку для выхаванцаў дзіцячай спартыўнай школы. У летніку “Вясёлка” з кругласутачным знаходжаннем будуць арганізаваны дзве змены па трыццаць чалавек у кожнай, у “Алімпіёніку” адпачнуць 30 вучняў, а ў “Ластаўцы” – 535.
Акрамя гэтага, нашы дзеці змогуць аздаравіцца ў летніках, размешчаных у іншых раёнах. Напрыклад, у летніку піянерскага актыву “Юнацтва” і абласным турысцка-краязнаўчым лагеры, якія размешчаны ў Гродна, абласным летніку “Навука” ў Азёрах Гродзенскага раёна і ў Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
А што датычыцца прыезду дзяцей з іншых раёнаў, то гэта планы, якія спадзяемся, збудуцца.
– Адпачынак у летніках змогуць сабе дазволіць усе? Якімі будуць цэны на пуцёўкі? І дзе іх можна набыць?
– Усе, хто жадае адпачыць у летніках, змогуць гэта зрабіць. Цэны даступныя і залежаць ад узросту дзіцяці: кошт пуцёўкі ў летнікі з дзённым прабываннем будзе вагацца ад 20 да 45 тысяч рублёў, а з кругласутачным знаходжаннем – ад 60 да 95 тысяч. Рэалізацыяй пуцёвак займаецца аддзел адукацыі. Але мы спадзяемся на цеснае супрацоўніцтва ўсіх кіраўнікоў СВК і прадпрыемстваў раёна па пытаннях змяншэння кошту пуцёвак для дзяцей сваіх работнікаў. І верым, што летняя аздараўленчая кампанія пройдзе паспяхова, а 1 верасня дзеці прыйдуць у школу здаровымі і шчаслівымі.
– Дзякуй за гутарку.
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.
