Доверяя свою машину чужим людям, вы рискуете расстаться с ней навсегда

Нецвярозыя вадзіцелі – адна з галоўных праблем праваахоўных органаў. Нягледзячы на строгія меры і адказнасць, п’яных ліхачоў за рулём менш не становіцца. Не спыняе іх і канфіскацыя аўтамабіля – гэта ўжо стала прывычнай з’явай. А вось жаданне адчуць экстрым і пракаціцца за рулём падшафэ становіцца ўсё мацнейшым. У выніку ў тым, хто правы, а хто вінаваты, разбіраецца суд.


Адзін з падобных выпадкаў адбыўся лістападаўскім вечарам мінулага года. Грамадзяніну К. знаёмы даверыў свой аўтамабіль бізнес-класа “Мэрсэдэс-Бэнц Е320” 2005 года выпуску. Па словах уладальніка, К. і яго сябар Д. адвезлі яго дадому ў адну з вёсак раёна, а самі вярнуліся ў Астравец. Вечарам хлопцам захацелася “ўзняць настрой” – і яны выпілі. Кампанію ім склала дзяўчына, якая праз некаторы час папрасіла адвезці яе дадому. Грамадзянін Д. вырашыў паступіць “па-джэнтльменску” і сеў за руль. Да таго ж яму вельмі хацелася адчуць сябе вадзіцелем такой шыкоўнай машыны. Не спынілі хлопца ні папярэднія судзімасці, ні адсутнасць вадзіцельскіх правоў, ні тое, што аўтамабіль быў не яго. Алкаголь, якім “падагрэліся” хлопцы, дык і наогул здаваўся дробяззю.

Аднак “пакайфаваць” за рулём не атрымалася. Праехаўшы па вуліцы Маркава, Д. заўважыў аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі. Хлопец развярнуўся і паехаў у супрацьлеглым накірунку, аднак было ўжо позна: манеўр нецвярозага вадзіцеля міліцыянеры заўважылі і паехалі следам. Гора-ліхач вырашыў іх перахітрыць: спыніўся, ключы кінуў на дыванок, а сам, не выходзячы з салона, пералез на задняе сядзенне. Калі міліцыянеры падышлі да аўтамабіля, яго дзверы аказаліся заблакіраванымі. Грамадзянін К. упэўніваў праваахоўнікаў, што вадзіцель некуды выйшаў.

Праўда, кампанія не ўлічыла некалькіх момантаў. Супрацоўнікі міліцыі бачылі, як Д. пералазіў на задняе сядзенне. А найлепшым сведкам аказаўся відэарэгістратар аўтамабіля, які дапамог устанавіць храналогію падзей. Вынікі медыцынскага агляду паказалі, што канцэнтрацыя пароў абсалютнага этылавага спірту ў грамадзяніна Д. была 2,87 праміле.

Судом Астравецкага раёна ў адносінах да грамадзяніна Д. вынесены абвінаваўчы прыгавор і прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады. Таксама ён павінен выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь – а гэта 36 мільёнаў рублёў. Шыкоўны аўтамабіль канфіскаваны ў даход дзяржавы. Вось так за некалькі гадзін уладальнік аказаўся без аўто, а Д. адправіўся адбываць пакаранне.

Паказанні грамадзяніна К., што асуджаны кіраваў машынай без яго ведама, прызнаны судом несапраўднымі.

Гэтая гісторыя павінна паслужыць урокам для ўсіх вадзіцеляў і асабліва – для ўладальнікаў аўтамабіляў. Памятайце, што, давяраючы сваю “ластаўку” чужым людзям, вы рызыкуеце развітацца з ёй назаўсёды.


------------------------------

Анастасія ЮРКОЙЦЬ, старшы памочнік пракурора Астравецкага раёна.