Дом - это место, где тебя всегда ждут и принимают таким, какой ты есть
Дом – гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць і прымаюць такім, які ты ёсць,– хворым, здаровым, шчаслівым або сумным… Толькі там ты можаш схавацца ад жыццёвых віхур за спінамі клапатлівай мамы або дужага таты. А выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку могуць разлічваць на дапамогу выхавацеляў і неабыякавых людзей.Пакуль дзеткі адпачывалі ў летніку “Ластаўка”, у іх часовым доме ў Варнянах адбываліся змены. Супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра “чаравалі” над пакоямі прытулку: быў зроблены касметычны рамонт дзіцячых спальняў, у класе і ў пакоі адпачынку з’явілася падвесная столя,
абнавілася сантэхніка.
У “доме” пятнаццаці дзяцей пасяліліся ўтульнасць і камфорт. Гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе арганізацый і людзей. Хлопчыкі, дзяўчынкі і ўвесь калектыў дзіцячага сацыяльнага прытулку шчыра дзякуюць кіраўніку ААТ “Тэхнапласт” Яну Петкуну, Гродзенскай абласной арганізацыі “Белхімпрафсаюз” на чале з Аленай Ляскоўскай, дырэктару ўнітарнага прадпрыемства “Дом прафсаюзаў” Леанарду Багушэвічу, пастаяннаму валанцёру Галіне Бражыцкай, а таксама аддзелу адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.
У лістападзе гэтага года дзіцячаму сацыяльнаму прытулку спаўняецца дзесяць гадоў. За гэты час, вядома, многае змянілася, але ён паранейшаму застаецца домам, няхай і часовым, для дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Таму ў нашых планах – рамонт спартыўна-гульнявога пакоя і актавай залы, каб дзеткі маглі актыўна праводзіць час і запрашаць бацькоў на святы.
У нашых сілах зрабіць наш цэнтр больш утульным і камфортным. Мы будзем рады любой дапамозе і падтрымцы!
Больш падрабязную інфармацыю пра тое, якая дапамога патрэбна дзіцячаму сацыяльнаму прытулку, і яго рэквізіты можна знайсці на сайце www.ostrovecspc.jimdo.com
--------------------------------------------------
А. ГАЛУЗІНА, загадчыца прытулку.
