Долгожданный ремонт в детском саду "Дубок" проводится общими усилиями

Ціхае, спакойнае месца, дзе амаль няма аўтамабіляў, чыстае паветра, лес, рэчка... Ці не пра гэта мараць бацькі, калі аддаюць свайго сына ці дачку ў дзіцячы садок? Іх, канешне, цікавяць і ўмовы, якія створаны ў садку, і кваліфікацыя педагогаў, што працуюць з дзецьмі, і шэраг іншых магчымасцей дашкольнай установы. І тым не менш – многія аддадуць перавагу той установе, якая будзе знаходзіцца ў прыгожым і, што вельмі важна, спакойным месцы.

У Астраўцы адной з такіх дашкольных устаноў, якая размешчана амаль на ўскраіне горада, з’яўляецца яслі-сад “Дубок”. Жадаючых наведваць менавіта гэты дзіцячы садок сёння шмат.
“Дубок” быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1983 годзе і першапачаткова знаходзіўся ў ведамстве завода “Радыёдэталь”, які на той час з’яўляўся філіялам аднаго з літоўскіх прадпрыемстваў. Наведвалі яго дзеткі работнікаў завода. Гэта было вельмі зручна, таму што побач размяшчаўся інтэрнат гэтага ж прадпрыемства. Аднак у пачатку 90-х гадоў дзіцячы сад перайшоў на баланс раённага аддзела адукацыі. З часу адкрыцця садка мінула трыццаць гадоў, а ён ніколі не бачыў капітальнага рамонту. Хаця драматызаваць сітуацыю не трэба – не зусім яна змрочная. Так, напрыклад, у бягучым годзе астравецкі “Дубок” быў прызнаны лепшай дашкольнай установай раёна па добраўпарадкаванні тэрыторыі – за перамогу ў гэтым раённым конкурсе атрымаў 40 мільёнаў рублёў, на якія было набыта неабходнае абсталяванне. – У іншых гарадскіх садках хоць пакрысе, але рабіўся рамонт. Дзесьці замянілі дах, вокны, пафарбавалі сцены, а “Дубку” ў гэтым плане не пашанцавала, – гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч. – Затое па добраўпарадкаванні тэрыторыі гэта адна з лепшых навучальных устаноў нашага раёна.
А вось харчблок тут ужо даўно не вытрымлівае ніякай крытыкі і гэта выклікала справядлівыя нараканні органаў гігіены і эпідэміялогіі. Менавіта таму спецыялісты райЦГЭ выдалі прадпісанне аб часовым спыненні яго работы. Адкладваць рамонт больш не было магчымасці. І ў маі бягучагагода тут пачаўся рамонт харчблоку. З таго часу харчаванне ў дзіцячым садку прывазное. Гэта значыць, што гатуюць яго на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца і ў спецыяльных тэрмасах прывозяць у “Дубок”. Але, як сцвярджае адміністрацыя садка, на якасці дзіцячых абедаў гэта ніяк не адбілася. І яе словы пацвярджаюць дзеці: “Смачна!” – у адзін голас адказваюць яны на маё пытанне пра тое, як кормяць у садку. Тады ж адміністрацыя садка правяла бацькоўскі сход: рассказала бацькам пра абставіны, якія выклікалі рамонт у садку і прапанавала часова перавесці сваіх дзяцей у Малі. Але ніхто з бацькоў не адмовіўся ад “Дубка” – сад працягваў працаваць. Наадварот, многія з бацькоў прапанавалі сваю дапамогу.
Рамонт у харчблоку праводзяць спецыялісты ААТ “Будаўнік” горада Ашмяны. Першапачаткова было вырашана замяніць усю каналізацыйную сістэму, якая ўжо даўно патрабавала капітальнага рамонту. Але яшчэ да таго, як “дэсант” ашмянскіх рабочых “высадзіўся” ў астравецкім садку, дапамогу аказалі бацькі – яны вынеслі з харчблока тэхналагічнае абсталяванне, збілі плітку са сцен, узнялі падлогу. А калі каналізацыя была перакладзена, зноў жа бацькі дапамаглі пакласці падлогу на месца. Сёння ад харчблока засталіся толькі сцены. Прычым, частку іх ужо ўпрыгожвае новая плітка. Само ж памяшканне харчблока цяпер падзялілі на зоны – гэтага патрабуюць санітарныя нормы і правілы. У планах – заменавокнаў, дзвярэй і, зразумела, устаноўка новага тэхналагічнага абсталявання, якое ўжо набыта і чакае свайго часу.
Ужо сёлета на рамонтныя работы, якія праводзіць ААТ “Будаўнік”, зрасходавана 235 мільёнаў рублёў, а першапачатковы кошт ўсяго, што запланавалі зрабіць ашмянскія будаўнікі, ацэньваецца ў 500 мільёнаў. Таму толькі рамонтам харчблока не абыдзецца. Работы ў садку будуць прадоўжаны. Той жа ашмянскі “Будаўнік” плануе давесці да ладу пральню, калідоры, кабінет медыцынскай сястры і душавы пакой.
Работы ў садку вядуцца і гаспадарчым спосабам. Так былі адрамантаваны буфетныя ва ўсіх групах, а таксама ўстаноўлена новая агароджа – з бюджэту на гэтыя работы было затрачана 44 мільёны рублёў. Летам супрацоўнікі садка правялі касметычны рамонт у групах: за спонсарскую дапамогу бацькоў паклеены новыя шпалеры, пафарбавана падлога і аконныя адкосы. І цяпер тэрыторыя садка і яго пакоі выглядаюць досыць прыстойна. Сёння садок працуе ў звычайным рэжыме.
– Добра, што бацькі да нашых праблем адносяцца з разуменнем, – гаворыць загадчыца садка Вольга Эдвардаўна Міхно.
– Яны не толькі спакойна ўспрынялі спартанскія ўмовы ўтрымання дзяцей у нашым садку, але і аказалі пасільную дапамогу. І за гэта ім - вялікі дзякуй.
Але праблемы яшчэ засталіся. Таму ў планах адміністрацыі прадоўжаць работы, якія можна выканаць сваімі сіламі з дапамогай гаспадарчага спосабу – замена вокнаў і рамонт туалетных пакояў.
Сёння ў садку працуюць чатыры групы, якія наведваюць 79 дашкольнікаў пры праектнай магутнасці садка на 75 месцаў. А як толькі рамонт харчблока будзе закончаны, плануецца адкрыццё яшчэ адной групы – бацькі дзетак ніяк не могуць дачакацца гэтага шчаслівага моманту. Хочацца спадзявацца, што наступіць ён хутка.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ