Добрые дела островецких волонтеров

Спецыялісты Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і  валанцёрскі атрад «Прамень» сумесна са спецыялістамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,  валанцёрскім атрадам «Крылы» і валанцёрамі з атрада «Наш выбар» Гудагайскай сярэдняй школы  сталі пераможцамі конкурсу маладзёжных мініініцыятыў, арганізатарам якога выступілі Гродзенскае абласное аб'яднанне Чырвонага Крыжа і Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.


На конкурс астраўчане адправілі два праекты “Ратуйся ад СПАЙСа”, накіраваны на прафілактыку ўжывання  курыльных сумесей, і “Дом без адзіноты”, падчас яго рэалізацыі  маладыя людзі збіраюцца дапамагчы сталым людзям арганізаваць іх вольны час і аказаць пасільную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням канцэнтрацыйных лагераў. Усяго ж абласное журы разгледзела 41 праект – 11 (у іх лік трапілі і два астравецкія праекты) сталі пераможцамі і атрымалі грашовыя гранты на рэалізацыю.


– Нашы валанцёры ўжо прайшлі ўводны курс навучання і пачалі працаваць, –  расказвае загадчыцца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Куцько. – Праекты будуць рэалізоўвацца на працягу года. Пройдзе шмат цікавых акцый і мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх могуць стаць не толькі валанцёры, але і ўсе жадаючыя.


Дарэчы, тыя, хто на днях  праходзіў праз гарадскі парк, стаў удзельнікам  адной з акцый  праекта.  Валанцёры Тэрытарыяльнага цэнтра, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Гудагайскай школы і раённай арганізацыі “Чырвоны Крыж” прапагандавалі здаровы лад жыцця, раздавалі інфармацыйныя лістоўкі, прапаноўвалі жыхарам і гасцям горада паўдзельнічаць у спартыўнай эстафеце – і разам прагаласаваць  супраць ужывання спайса.


– Прайшлі і мерапрыемствы,  арганізаваныя ў рамках праекта “Дом без адзіноты”. Адным з самых запамінальных момантаў стала канцэртна-забаўляльная праграма “Песні ваенных гадоў”. Школьнікі разам з людзьмі старэйшага пакалення ўспаміналі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, спявалі песні ваенных гадоў і пасадзілі бэзавую алею ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, –  расказала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Аксана Свірская.


А потым валанцёры сумесна з актывістамі раённай арганізацыі “Белая Русь” і “Чырвоны Крыж” накіраваліся ў госці да ветэранаў вайны і вязняў, якім адрасавалі цёплыя словы віншавання, падарункі  і паштоўкі-трохкутнікі ручной работы.


--------------------------


Алена ЯРАШЭВІЧ.