До начала учебного года школьники обязаны пройти медосмотр

З гэтага года школьнікі да 1 верасня павінны прадставіць у школу медыцынскія даведкі аб стане здароўя.

Пракаменціраваць новаўвядзенне і растлумачыць, як будзе праходзіць медагляд,  мы папрасілі раённага педыятра Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Галіну Мікалаеўну Зубель.

– Загадам Міністэрства аховы здароўя №811 ад 29.08.2008 года зацверджана Інструкцыя аб парадку правядзення дыспансерызацыі школьнікаў. Згодна з ёй штогод вучні, дасягнуўшыя пэўнага ўзросту, праходзілі паглыблены агляд. Дзеці 6, 12, 14-15 гадоў з усіх школ раёна на аўтобусах, выдзеленых аддзелам адукацыі, спорту і турызму, прыязджалі ў паліклініку, дзе  здавалі аналізы і праходзілі агляд усіх вузкіх спецыялістаў. Астатніх школьнікаў педыятры аглядалі ў навучальных установах.

На пачатку гэтага года ў раёне прайшло міжведамаснае пасяджэнне супрацоўнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму і цэнтральнай раённай бальніцы, на якім  было прынята рашэнне аб праходжанні вучнямі  медыцынскіх аглядаў падчас летніх канікул – у ліпені і жніўні.

Лічу, што гэта цалкам абгрунтавана. Прычым пажадана, каб на медыцынскія агляды дзеці прыходзілі не адны, а з бацькамі.

Алгарытм медагляду просты: спачатку дзіця прыходзіць на прыём да свайго ўчастковага педыятра, які дасць накіраванні на здачу неабходных аналізаў і кансультацыю ўрачоў вузкай спецыялізацыі. Да некаторых урачоў, напрыклад,  да акуліста ці аталарынголага, давядзецца ўзяць талоны.

Падобны вопыт даўно практыкуецца ў суседніх з нашым раёнах – спадзяюся, што ён прыжывецца і на Астравеччыне.

Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.