Для выпускников школ наступает горячая пора
Канец навучальнага года – гарачая пара для абітурыентаў. У іх пачынаецца самы складаны перыяд у жыцці, калі неабходна паспець зрабіць тысячу спраў. Асноўная з якіх – зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне. І таму не выпадкова, што маці адзінаццацікласніка, якая патэлефанавала ў рэдакцыю, турбавала пытанне: як падчас майскіх святаў будуць працаваць пункты рэгістрацыі на ЦТ?Па адказ на гэтае пытанне мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч.
– У бягучым годзе рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне будзе праходзіць з 2 мая па 1 чэрвеня. Прычым варта памятаць, што ў сувязі з пераносам рабочага дня з 10 мая на 18 мая рэгістрацыя абітурыентаў з 9 мая па 12 мая праводзіцца не будзе. А 18 мая пункты рэгістрацыі тэсціравання будуць працаваць з 9.00 да 19.00.
Хочацца таксама нагадаць, што цэнтралізаванае тэсціраванне ў бягучым годзе пройдзе з 14 па 28 чэрвеня. Пачнецца яно з беларускай мовы, якую можна будзе здаць 14 чэрвеня, 15 чэрвеня абітурыентаў чакае іспыт па рускай мове, 17 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць біялогію, 19 чэрвеня – матэматыку, 21 – грамадазнаўства, 22 – фізіку, 23 – гісторыю Беларусі, 24 – хімію, 25 – сусветную гісторыю, 27 – замежную мову і 28 – геаграфію. Пачатак тэсціравання – у 11.00.
Для тых, хто па ўважлівай прычыне не зможа прыняць удзел у тэсціраванні ў асноўны дзень, вызначаны рэзервовы – 4 ліпеня. Зарэгістравацца на яго можна будзе з 27 чэрвеня па 1 ліпеня. А вось прайсці тэсціраванне ў рэзервовы дзень можна будзе толькі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Сёлета Пастановай Міністэрства адукацыі ад 20 лютага 2013 года №8 устаноўлена ніжняе значэнне тэставага бала, пачынаючы з якога ў бягучым годзе абітурыенты будуць мець магчымасць падаваць дакументы ў вышэйшую навучальную ўстанову: 10 балаў па рускай і беларускай мовах, 15 балаў па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі, 20 балаў па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўству, геаграфіі і замежных мовах.
Усю інфармацыю, якая датычыць цэнтралізаванага тэсціравання, можна знайсці на сайце рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў: riks.by.
Фота з сайта giport.ru.