Для островецких школьников будут организованы "Часы здоровья и спорта"
Прыемным сюрпрызам для школьнікаў і настаўнікаў фізічнай культуры стала ўвядзенне ва ўсіх школах факультатыўнага занятку “Гадзіна здароўя і спорту”.Як паказвае практыка, сучасныя дзеці ў сваёй большасці адчуваюць недахоп рухальнай актыўнасці. У выніку зніжаецца працаздольнасць, што цягне за сабой парушэнне паставы, скрыўленне пазваночніка, затрымку ўзроставага развіцця і іншыя непрыемнасці. Усё гэта і прывяло да таго, што Міністэрства адукацыі прапанавала ўвесці ва ўсіх школах краіны факультатыўны занятак “Гадзіна здароўя і спорту”, абавязковы для наведвання ўсімі вучнямі.
Гэты занятак нават пры наяўнасці фізкультурна-спартыўных збудаванняў будзе праводзіцца на свежым паветры ў гульнявой форме. Факультатыў можа быць пастаўлены ў расклад заняткаў і праводзіцца ў любы час – у першай ці другой палове дня і нават у суботу. А вось адзнакі на ім выстаўляцца не будуць.
У 1-4 класах будуць праводзіцца рухомыя гульні, рытміка, танцавальныя заняткі ці аэробіка. На занятках у 5-11 класах школьнікі змогуць займацца гульнявымі відамі спорту – валейболам, футболам, баскетболам, гандболам, хакеем і іншымі відамі, а таксама плаваннем, аэробікай і танцамі.
------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з сайта vkontakte.ru
