Диплом I степени получили островецкие школьницы на республиканских соревнованиях по вырезанию из бумаги

1
Адкрыты конкурс юных майстроў выцінанкі прайшоў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Удзел у ім прынялі і прадстаўнікі Астравецкага раёна.

У мінулым годзе выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прымалі ўдзел у падобным конкурсе – тады ён прысвячаўся саломапляценню. Вырабы з саломкі нашых школьнікаў былі высока ацэнены членамі рэспубліканскага журы, і яны вярнуліся з Дыпломам ІІ ступені.
Сёлета, пераадолеўшы абласны этап, выхаванцы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі разам з камандамі Гродзенскага абласнога Палаца творчасці, СШ №16 горада Гродна, раённых цэнтраў творчасці Радуні і Дзятлава выйшлі ў фінал – іх чакала рэспубліканскае спаборніцтва, удзел у якім прыняў 21 творчы калектыў.
Конкурс юных майстроў выцінанкі складаўся з трох этапаў. Першы – “Давайце пазнаёмімся” – уяўляў сабой творчае прадстаўленне, удзельнікамі якога сталі не толькі фіналісткі рэспубліканскага конкурсу Дзіяна Гейба, Наталля Арлоўская і Кацярына Ярмак, але і фальклорны ансамбль Міхалішкаўскай школы “Міхалінка”, які выконваў вясеннія абрадавыя песні. Дарэчы, на “візітку” працавалі многія педагогі і школьнікі – гэта калектыў, які дэманстраваў калекцыю адзення, аздобленага выцінанкамі, Наталля Янкоўская, якая рыхтавала дэфіле дзяўчат у папяровых уборах, Людміла Кухарэвіч, чые вершы чыталі школьніцы…
Наступным этапам конкурсу стала выстава-прэзентацыя творчых работ школьнікаў “Папяровы свет” – велікодныя яйкі, выкананыя дзяўчатамі пад кіраўніцтвам Валянціны Віннічак ў тэхніцы выцінанкі, былі непаўторнымі і арыгінальнымі. Дапамогу ў падрыхтоўцы выставы аказала і Наталля Рынковіч, якая прадставіла маляўніча аздобленыя вербачкі і вазы з паперы. У выніку выставапрэзентацыя была высока ацэнена рэспубліканскім журы і работы школьніц былі ўзнагароджаны Дыпломам.
Але наперадзе іх чакаў трэці, саамы складаны этап – “Творчая майстэрня”. За дзве гадзіны яго ўдзельніцам неабходна было стварыць работу ў тэхніцы выцінанка на тэму Вялікадня.
На стварэнне “Сімвала жыцця” – вялікага велікоднага яйка з паперы, унутры якога “расло” дрэва, дзяўчатам спатрэбілася менш за дзве гадзіны. Школьніцы ўпэўнена справіліся са сваёй задумкай і гэтак жа ўпэўнена абаранілі яе.
І ў выніку яны занялі першае месца, і былі ўзнагароджаны Дыпломам І ступені і памятнымі падарункамі.
Віншуем! Малайцы! Так трымаць!


----------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.