Детский социальный приют отметил 10-летие своего существования
Дзіцячы сацыяльны прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра Астравецкага раёна на мінулым тыдні адзначыў 10 гадоў свайго існавання.Да гэтай установы і яе выхаванцаў можна адносіцца па-рознаму. Адны прапануюць закрыць прытулкі ўвогуле і замяніць іх сямейнымі дамамі. Іншыя сцвярджаюць, што так рабіць нельга. Як бы там ні было, такая ўстанова ўсё ж існуе ў нашым раёне. І жывуць у ёй дзеці, якія па волі лёсу засталіся без роднага дома і самых блізкіх людзей.
За 10 гадоў існавання дзіцячага сацыяльнага прытулку тут на нейкі час знайшлі часовае прыстанішча 334 дзіцяці. 75 з іх вярнуліся ў біялагічныя сем'і, 32 былі ўзяты ў апякунскія і прыёмныя... Сёння ў дзіцячым сацыяльным прытулку выхоўваецца 6 дзяцей: дашкольнікі Максім, Ксюша і Хрысціна і школьнікі-пяцікласнікі Лера, Ігар і Кірыл. Звычайныя дзеткі, прыгожыя, жвавыя, яны не любяць сядзець на месцы і хочаць гуляць з цацкамі… Толькі вось усмешка з'яўляецца на іх мілых тварыках вельмі рэдка. А ўсё таму, што самае запаветнае жаданне малых – каб мама з татам забралі іх дамоў, – не заўсёды становіцца рэальнасцю.
…Тут я бываю штогод. Звычайна пад навагоднія святы. І сёлетняя паездка мяне нямала здзівіла і ўзрадавала. Прытулак змяніўся: папрыгажэў і абнавіўся. Прычым з самага ўваходу: новыя дзверы, свежа пафарбаваныя сцены лесвічнай пляцоўкі радуюць прыемным колерам. Змяніліся і памяшканні, у якіх бавяць час выхаванцы прытулку: светлыя, прасторныя, прыгожыя, выкананыя ў розных колерах. Сёлета ў некаторых пакоях, дзякуючы спонсарскай падтрымцы, з'явілася новая мэбля. А яшчэ – кухня з прыгожым кухонным гарнітурам і новай плітой.– Па якой бы прычыне дзіця ні трапіла ў прытулак – гэта заўсёды балюча і для яго самога, і для нас, дарослых. І важна зрабіць гэты працэс найменш стрэсавым для дзіцяці, – лічыць дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Іванаўна Змітровіч. – І таму ў такі складаны момант для дзіцяці ўсё мае значэнне: прафесіяналізм нашых работнікаў, якія стараюцца хутчэй стаць для дзетак блізкімі, умовы жыцця ў прытулку… А дапамагаюць зрабіць наш цэнтр больш дамашнім і ўтульным райвыканкам і аддзел адукацыі, спорту і турызму. А яшчэ – спонсары. Менавіта таму на юбілей мы вырашылі запрасіць гасцей і адправілі запрашэнні ў розныя арганізацыі Астравецкага раёна.
А ў госці, вядома, едуць з падарункамі. Так зрабілі ўсе, хто вырашыў павіншаваць прытулак і яго жыхароў са святам, і прывезлі посуд, электратавары, мяккія цацкі і развіваючыя гульні, сувеніры, адзенне і ласункі – усё гэта выклікала радасць і ўсмешкі на дзіцячых тварах.
А дзеці з педагогамі сацыяльнага прытулку ў сваю чаргу падрыхтавалі песні і танцы, а яшчэ падарылі гасцям сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі.
– Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто прыехаў да нас на свята: ПГУП «Рамашка», Белэнергабуду, рэдакцыі газеты «Астравецкая праўда», упраўленню будаўніцтвам Беларускай АЭС, СВК «Варняны», упраўленню капітальнага будаўніцтва, інфармацыйнаму цэнтру Бе ларускай АЭС, Астравецкаму лясгасу, райсельгасхарчу, раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і ксяндзу Варнянскага касцёла Паўлу, – пералічвае загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку Алена Яўгенаўна Галузіна. – Наша агульная мэта – сагрэць цяплом і пяшчотай дзіцячыя сэрцы, дапамагчы ім пераадолець складаную жыццёвую сітуацыю, падарыць надзею на лепшае. Усё гэта атрымалася зрабіць падчас нашага свята.А завяршыўся юбілей агульным чаяпіццем за вялікім сталом з дамашнімі пірагамі. Напоўніць дом, дзе жывуць дзеці, шчасцем і радасцю так проста. Трэба толькі падарыць ім сваю ўсмешку і працягнуць руку дапамогі.
Мама не прыходзіць наведаць мяне. Часам мне так не хапае яе ўвагі, яе любові, падтрымкі і цяпла. Я ніяк не магу паверыць, што для маіх бацькоў я – ніхто…
Мая сям'я – гэта мая сіла і мая слабасць. Я паспрабую растлумачыць, чаму. У цяжкіх жыццёвых сітуацыях кожны чалавек звяртаецца за дапамогай да родных людзей. А мне няма ў каго спытаць парады…
Сёння я знаходжуся ў сацыяльным прытулку. Мяне разумеюць, падтрымліваюць і дапамагаюць. Тут я знайшоў сяброў… Але мне вельмі хацелася б вярнуцца ў сваю СЯМ'Ю!
(Вытрымка з сачынення аднаго з выхаванцаў)
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
