Детский сад мечты в Палушах

Сама ў дзіцячы садок я не хадзіла – на той час у пасёлку Гудагай, дзе жыла наша сям’я, яго не было. Затое добра памятаю, як не хацеў хадзіць туды мой малодшы брат. А потым – і мой сын, ды, зрэшты, і многія дзеці, якія наведваюць дашкольныя ўстановы. Чаму так адбываецца? Гэта і навяло мяне на думку бліжэй пазнаёміцца з тым, як арганізавана выхаванне дзяцей у Палушскім дзіцячым садку.



Гісторыя

Гісторыя дзіцячага садка ў Палушах пачынаецца з 1982 года. Праўда, тады гэта была пачатковая школа-дзіцячы сад. У 2007 годзе, калі ў пасёлку Гудагай ліквідавалі дзіцячы сад, Палушская пачатковая школа-сад была рэарганізавана ў дзіцячы садок. Школьнікі з Палушаў тады перайшлі ў Гудагайскую школу, а дзеці, якія наведвалі Гудагайскі садок, пайшлі ў Палушскі. І калі напачатку ў бацькоў узнікалі сумненні ў правільнасці прынятага рашэння, з часам яны зніклі – і цяпер Палушскі садок наведваюць не толькі дзеці з Палушаў і Гудагая, але і падвозяцца дашкольнікі з бліжэйшых ад іх вёсак – Смілгоў, Лошы, Рымунь, Шунелішак, Ліпак, Вавяран.



Дзень сённяшні

Ужо ў 7.45 раніцы выхавальніцы садка чакаюць сваіх выхаванцаў. Дарэчы, дзеці пад іх наглядам могуць знаходзіцца ў садку да 18.15. Сёння ў гэтай дашкольнай установе арганізаваны тры групы, якія наведваюць 55 дзяцей. Прычым трыццаць з іх – так званыя “падвазныя”.
Кожны дзень раніцай з вызначаных прыпынкаў аўтобус аддзела адукацыі забірае дзяцей, а вечарам дастаўляе іх назад. Толькі ў Гудагаі чатыры такія прыпынкі. Гэта задавальняе ўсіх: бацькоў, іх дзяцей і выхавальніц.



Сапраўдныя прафесіяналы

Калектыў садка невялікі, але дружны. Пад кіраўніцтвам загадчыцы Ірыны Рышардаўны Маркоўскай працуюць чатыры выхавальніцы, кіраўнік фізічнага выхавання, музычны кіраўнік, дэфектолаг-лагапед, медсястра, загадчыца гаспадаркі і тэхнічны персанал.
Сама ж Ірына Рышардаўна ў адукацыі працуе ўжо 21 год. Пасля заканчэння педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага яна атрымала размеркаванне ў Астравец, працавала метадыстам у Варнянскім дзіцячым садку, потым выхавальніцай у Гудагайскім. І вось ужо 17 гадоў – на пасадзе загадчыцы. Спачатку ў тым жа Гудагайскім, а цяпер – у Палушскім дзіцячым садку.
Навучанне тут вядзецца па праграме “Пралеска”. Самыя маленькія жыхары садка – дзеці ва ўзросце да трох гадоў. Іх 12, з маленькімі “чамучкамі” працуе Валянціна Аркадзьеўна Васількова. У маі яна выпусціла старэйшую групу – дзетак, якія ў верасні селі за школьныя парты. І цяпер зноў усё трэба пачынаць як з чыстага ліста.
З сярэдняй групай, у якую ходзяць 20 дзяцей з трох да пяці гадоў, працуе Ганна Яўгенаўна Шлыковіч. Гэтыя дзеці, нягледзячы на яшчэ зусім невялікі ўзрост, лічаць сябе амаль дарослымі – прынамсі, за словам у карман яны не лезуць: расказалі нам пра ўсё і ўсіх.
У старэйшай групе таксама 20 дзетак. У наступным годзе яны папоўняць спіс школьнікаў. А пакуль што дзеці пад кіраўніцтвам выхавальніцы Людмілы Мар’янаўны Кучэйка старанна адольваюць лічбы і літары.
Марыя Іосіфаўна Кандратовіч – падменная выхавальніца. 30 гадоў жанчына прысвяціла дзецям. Гэта дае свой плён – з першага слова яна знаходзіць агульную мову з усімі дзетсадаўцамі.
За здароўем дзяцей, а таксама за арганізацыяй харчавання сочыць медыцынская сястра Валянціна Іванаўна Карповіч. А функцыі загадчыцы гаспадаркі выконвае Г.Ф. Міхайлоўская. 25 гадоў Галіна Францаўна адпрацавала дырэктарам Палушскай пачатковай школы-дзіцячага садка, а пасля яе рэарганізацыі вырашыла змяніць пасаду. Але і цяпер засталася побач з дзецьмі. Яна таксама адказвае за тое, каб у садку ўсім тут было добра і ўтульна.
У садку адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі – распрацаваны індывідуальныя праграмы для дзяцей, у якіх ёсць адставанні ў моўным развіцці. З пачатку верасня настаўнік-дэфектолаг Юлія Валянцінаўна Мальдзіс абследуе ўсіх дзяцей і ўжо з сярэдзіны месяца пачынаюцца заняткі.
З верасня ў садку пачынаюць працаваць і гурткі. Вялікай папулярнасцю ў бацькоў карыстаюцца гурткі па падрыхтоўцы дзяцей да школы “Ранняе навучанне чытанню” і харэаграфія, якія праходзяць на платнай аснове. Ёсць магчымасць у дзяцей наведваць гурток “Умелыя ручкі” – ён праводзіцца на бюджэтнай аснове.
Ужо некалькі гадоў запар выхаванцы садка з’яўляюцца не толькі актыўнымі ўдзельнікамі алімпіяды для дашкольнікаў “Малышок”, але і яе пераможцамі па матэматыцы і развіцці мовы.
А два гады назад да садка “дайшла” інфарматызацыя – для работы педагогаў аддзел адукацыі падарыў садку камп’ютар. Пасля новага года – яшчэ адзін.



Садкоўскія  клопаты

Пасля рэарганізацыі пачатковай школы ў яслі-сад тут адбыўся толькі касметычны рамонт. А ў 2009 годзе падчас будаўніцтва аграгарадка часткова былі заменены старыя драўляныя вокны на шклопакеты. Тады ж з дапамогай сучасных матэрыялаў поўнасцю адрамантавалі дах. Рамонт прадоўжыўся і ў наступным годзе – давялі да ладу ўсе вокны, замянілі ўваходныя дзверы, выраўнялі сцены і пафарбавалі іх, вакол садка ўстанавілі жалезабетонную агароджу.
У бягучым годзе садку таксама была ўдзелена ўвага – за кошт сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці і пры падтрымцы бацькоў у асобных памяшканнях паклеілі свежыя шпалеры, выраўнялі і пафарбавалі столь.
– Цяпер, калі бацькі прыходзяць на святы ці на бацькоўскія сходы, радуюцца, што ў іх дзяцей ёсць такія добрыя ўмовы, якіх не было ў Гудагайскім садку, – гаворыць Ірына Рышардаўна. – У адным памяшканні ў нас размешчана музычная і спартыўная зала, але расклад заняткаў складаецца так, каб не было накладак. На вуліцы ў кожнай групы свая спартыўная пляцоўка – штосьці было вакол Палушскага садка, частку спартыўнага абсталявання прывезлі з Гудагая.
Усе выхавальнікі садка забяспечаны трохразовым харчаваннем, а летам дадаткова ўводзіцца другое снеданне, падчас якога дзеці атрымліваюць сокі і фрукты. Прадукты харчавання дастаўляюцца аддзелам адукацыі, але можна закупіць неабходныя тавары і ў мясцовым магазіне – размешчаны ён амаль побач з садком. Там заўсёды можна набыць якасныя і свежыя прадукты для арганізацыі харчавання дзяцей. Пра тое, каб на дзіцячы стол траплялі толькі самыя смачныя і карысныя стравы, клапоціцца повар 6 разраду Людміла Васільеўна Кузьміч.
А побач з садком размясціўся невялікі прысядзібны ўчастак – педагогі і іх выхаванцы вырошчваюць на ім агародніну, назіраюць за яе ростам, праполваюць.
Добраўпарадкаваннем тэрыторыі садка займаецца ўвесь калектыў – за кожнай групай замацавана клумба, і ўсе стараюцца, каб менавіта іх клумба была самай прыгожай.
Не забываюць пра садок і шэфы. Штогод праўленне СВК “Гудагай” дапамагае бульбай. Мясцовае лясніцтва абкошвае тэрыторыю, якая належыць садку.
Словам, садок жыве, а дзеці з радасцю штодзень прыходзяць у яго.


-----------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.