Дети знают о войне
Што ведаюць сённяшнія дзеці пра вайну? Аказваецца, нямала. Прынамсі, выхаванцы ясляў-сада №1 г. Астравец расказаць могуць многае.А ўсё таму, што калектыў дзіцячага садка распрацаваў цікавыя мерапрыемствы, з якіх дзеці даведваюцца пра подзвігі салдатаў і цану Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Выставы фотаздымкаў з сямейнага альбома і малюнкаў, экскурсіі да помніка загінуўшым воінам і ў школьны музей, прагляд кінахронікі, якая апавядае пра гады вайны, – удзельнікамі ўсіх гэтых мерапрыемстваў сталі выхаванцы новага садка.
– Аднак мала расказаць дзецям пра тое, што адбылося ў саракавыя гады мінулага стагоддзя. Мы прапанавалі рабятам разам з бацькамі стварыць макеты баёў Вялікай Айчыннай вайны, – расказвае намеснік загадчыка ясляў-сада №1 Галіна Восарава. – І бацькі адгукнуліся на нашу просьбу.
Сёння выхаванцы садка з задавальненнем дэманструюць створаныя разам з бацькамі макеты баёў, дзе «рускія» змагаюцца з «немцамі». У іх укладзена дзіцячая фантазія, і таму танкі, машыны і салдацікі ў руках дзяцей ажываюць – і пачынаецца бой, у якім, як і ў сапраўднай вайне, перамагаюць «нашы».А побач з выставай макетаў вісіць «Сіняя хустачка» – тая самая, пра якую ў гады вайны паміж баямі спявала савецкім салдатам Клаўдзія Шульжэнка. Толькі дзеці з бацькамі і педагогамі зрабілі вялікую хусцінку с маленькіх сімвалічных сініх трохкутнікаў, падобных на тыя, якія салдаты прысылалі с фронту сваім родным. На іх садкоўцы пры дапамозе бацькоў напісалі пажаданні ў гонар Вялікай Перамогі.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з архіва ясляў-сада №1.
