Дети с ограниченными возможностями побывали в сказке с добрым Мишкой и непоседой Машей

Шчыра кажучы, я не люблю слова “інвалід”. Не ведаю, хто яго прыдумаў, але я яго не ўспрымаю. Асабліва калі гэта тычыцца дзяцей. Бо гледзячы ў блакітныя, шэрыя, зялёныя дзіцячыя вочкі, бачу звычайную зацікаўленасць і непасрэднасць…
Гэта было мерапрыемства, якое нічым не адрознівалася ад сабе падобных. Урачыстая атмасфера, цікавая канцэртная праграма, разнастайныя музычныя нумары, стараннасць артыстаў і шчырыя апладысменты прысутных. Сярод якіх пераважная колькасць – дзеці. Хлопчыкі і дзяўчынкі, старэйшыя і малодшыя, седзячы на каленях у мамаў ці татаў або самастойна, з аднолькавай цікавасцю сачылі за дзействам на сцэне. Усе яны – звычайныя дзеці… Якія проста крыху прыхварэлі.

Традыцыйна кожны год у пачатку снежня цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі сумесна з Астравецкім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі праводзіць цёплую і шчырую сустрэчу для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. Сёлета іх таксама гасцінна сустракаў цэнтр творчасці. Ды не проста сустракаў, а запрашаў у сапраўдную казку, бо ўжо на парозе іх чакала чараўніца са сваімі ўмелымі памочнікамі. За лічаныя секунды проста на вачах яны пераўтваралі звычайны паветраны шарык у коціка, сабачку, коніка ці іншую жывёлінку і раздавалі іх сваім маленькім гасцям.
Калі ж усе сабраліся, прысутных прывітала дырэктар ЦТДіМ, якая да таго ж з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, Наталля Уладзіміраўна Сянюць.


Дзеці – гэта наша будучыня, пра якую трэба клапаціцца. Дзяцей трэба засцерагаць ад бяды і дапамагаць ім, асабліва тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Кожны з нас можа працягнуць руку дапамогі, варта толькі захацець. Краіна дзяцінства – непаўторная і цудоўная, хоць і не абазначана ні на адной карце. Ці будзе ў ёй панаваць здароўе, міласэрнасць і дабрыня, залежыць толькі ад нас з вамі, – адзначыла ў сваім выступленні Наталля Уладзіміраўна.
За дзень да мерапрыемства валанцёры ЦТДіМ і РГА “Белая Русь” правялі дабрачынную акцыю “Працягні руку дапамогі” па збору салодкіх падарункаў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, якая праходзіла ва ўніверсаме “Цэнтральны”. Кожны жадаючы мог ахвяраваць грошы або купіць што-небудзь смачненькае і пакласці ў агульны кошык. Варта адзначыць, што нераўнадушных людзей аказалася нямала. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі і работнікі магазіна. У абмен на ахвяраванні кожны з дабрачынцаў атрымліваў ад валанцёраў маленькае чырвонае сэрцайка – знак таго, што ў іх добрае сэрца і іх учынак прынясе камусьці радасць.
Менавіта гэтыя салодкія падарункі і ўручыла дзецям Н.У. Сянюць. Радасныя, яны вярталіся на свае месцы і тут жа – ніяк не ўтрымацца – з цікавасцю раскрывалі пакет, “занырвалі” туды літаральна на пяць секунд, і з задаволенай усмешкай “вярталіся назад”. Каб паглядзець, што ж будзе адбывацца далей.
А далей з прывітальным словам выступілі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Іосіфаўна Станкевіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Мікалаеўна Іванова, якія таксама прапанавалі, калі ёсць якія пытанні ці праблемы, звяртацца да іх у арганізацыю.
Словы шчырай удзячнасці ўсім, хто дапамог і дапамагае ў розных пытаннях, выказала дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ганна Іосіфаўна Ціток. Асобная падзяка за дапамогу ў арганізацыі салодкага стала падчас мерапрыемства была адрасавана прыватным прадпрымальнікам, якія адгукнуліся на просьбу: А.С. Петрыку, М.І. Русецкай, В.А. Міхцееву, І.Л. Сяржанаву, А.І. Магеру, В.П. Варановічу, В.А. Купрэвічу, Я.М. Рогач.
Былі іншыя выступленні – цікавыя і карсныя.
А пасля пачалася казка… Сапраўдная… І зала затаілася ў нецярплівым чаканні. Тым больш, што весяліць і забаўляць гасцей на сцэну выйшла нязменная парачка – вялікі і добры Мішка і няўрымслівая непаседа-гарэза Маша. Пазней да іх далучыўся Заяц. І дружнай кампаніяй яны не дазволілі рабятам ні на хвілінку засумаваць. Дзеці будзілі соннага Мішку зарадкай, песняй і танцам, малявалі казачныя малюнкі, разам адпраўляліся на рыбалку. Час ад часу да казачных герояў далучаліся сонечныя дзяўчаты з харэаграфічнага калектыву “Нон-стоп”, якія парадавалі гледачоў вясёлымі танцамі, а таксама юныя таленты цэнтра творчасці, якія выканалі некалькі прыгожых песень.
І скончылася ўсё, як у сапраўднай казцы: Маша і кампанія злавілі залатую рыбку – а значыць, самае шчырае жаданне ўсіх прысутных абавязкова збудзецца.
Завяршылася ж мерапрыемства яшчэ адным прыемным сюрпрызам – салодкім сталом, куды і запрасілі ўсіх гасцей.


Я не люблю слова “інвалід”… Асабліва, калі гэта тычыцца дзяцей. Гэта маё меркаванне, у якім падчас мерапрыемства, гледзячы на жвавыя тварыкі, багатую міміку, радасныя эмоцыі і гарэзліва-радасныя вочы, упэўніваюся зноў і зноў. Яны – звычайныя дзеці. Проста з павышанай адчувальнасцю да знешняга свету, з патрабаваннем большай увагі і клопату да сябе, з крыху меншымі магчымасцямі. Ім не патрэбна шкадаванне. Падтрымка, дапамога, працягнутая сяброўская рука – так. Бо гэта патрэбна кожнаму чалавеку.

-----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара
.