Деревни продолжают жить!

Кожная вёска – вялікая або на некалькі двароў – мае свой непараўнальны каларыт, я нават сказала б – смак. Вядома, яго нельга паспрабаваць або панюхаць – можна адчуць толькі існасцю або сэрцам.

На жаль, з узбуйненем гаспадарак і закрыццём невялікіх школ вірлівае жыццё, якое панавала на вёсцы яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад, пакрысе сціхла – маладых пацягнулі ў горад рубель і перспектывы.

Аднак ёсць вёскі, якія нягледзячы ні на што прадаўжаюць жыць. І ў гэтым упэўнены жыхары Бабраўнік, якія днямі патэлефанавалі ў рэдакцыю нашай газеты.


Нягледзячы на тое што бліжэйшы клуб знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад вёскі, сёлета вяскоўцаў чакала святочная дыскатэка каля трохметровай прыгажуні-ёлкі ў вялікай зале бібліятэкі – і гэта стала добрай нагодай, каб сабрацца, як і ў мінулыя часы, усім разам.

Для гараджан, вядома, падзея, якой хацелі падзяліцца вяскоўцы, на першы погляд можа паказацца нязначнай і не вартай увагі – але насамрэч гэта не так. Здавён заведзены звычай – і ў полі, і на вяселлі быць разам – яшчэ жыве ў глыбінцы і будзе жыць, пакуль ёсць такія ініцыятыўныя і нераўнадушныя людзі, як загадчыца Бабраўніцкай бібліятэкі-музея Сафія Іосіфаўна Комар, аб якой з цеплынёй гавораць аднавяскоўцы.

У Бабраўніках з культурных аб’ектаў інфраструктуры засталася толькі бібліятэка-музей, пра якую неаднойчы пісала наша газета. Аднак жыхары вёскі тут не толькі чытаюць газеты, часопісы і кнігі, але і збіраюцца разам на адметныя і вечарыны. Жанчыны сталага ўзросту, самабытныя пявунні, вышывальшчыцы і гаспадыні перадаюць свае веды падрастаючаму пакаленню.

Грошы на аднаўленне капліцы святога Роха, якая з года ў год аберагае вяскоўцаў ад хвароб і напасцяў, таксама збіралі разам – кожны ахвяраваў, колькі мог.

Напэўна, гэтым і адметны невялікія вёскі – шчырасцю ў справах і словах, утульнасцю – прыроды і людскіх сэрцаў і згуртаванасцю, бо ў гарадах кожны трымаецца па-асобку.

Дарэчы, першымі гасцямі бабраўніцкай кніжнай, ды і не толькі, скарбніцы ў новым 2015 годзе сталі госці з Нарвегіі, аб чым сведчыць памятны запіс на нарвежскай мове ў кнізе водгукаў.

Госці не толькі дакрануліся да экспанатаў, якія некалі былі ва ўжытку ў кожнай вясковай хаце, але і акунуліся ў атмасферу мінулага стагоддзя. Імгненне – і, здавалася, пажоўклыя фотаздымкі ажывуць – а з імі і кросны, і калаўрот, і драўляная дзіцячая люлька…


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.