День защиты детей отметили в Островце концертом, конкурсами и награждениями
Раённае свята, прысвечанае Дню абароны дзяцей, прайшло 2 чэрвеня у кінаканцэртнай зале «Астравец».Раніца не радавала надвор'ем, таму штогадовае мерапрыемства для дзяцей вырашана было правесці ў памяшканні.
І тым не менш жадаючых добра і весела правесці час было шмат: мамы з маленькімі дзеткамі, дашкольнікі і школьнікі, актыўныя ўдзельнікі шматлікіх конкурсаў – толькі на сцэне было задзейнічана каля 120 юных артыстаў. А зала была запоўнена поўнасцю.
На падыходзе да кінаканцэртнай залы рабят сустракалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія не толькі праводзілі сярод дзяцей прафілактычную работу, але і прапанавалі рабятам прымерыць на сябе абмундзіраванне. А побач спартсмены заклікалі пагуляць у тэніс.
Фае кінаканцэртнай залы тым часам пераўтварылася ў сапраўдную «планету дзяцінства». Чаго тут толькі не было! Выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выставы-распродажы, латарэя і паветраныя шары рознай формы і колераў… Дзецям прапаноўвалі пакідаць дроцікі, збіць кеглі і пагуляць у шашкі. Побач размясцілася вітрына з прысмакамі і цацкамі – выяздны гандаль для дзяцей арганізаваў Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства.
У самой жа зале панавала свята, арганізаванае супрацоўнікамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Пачатак мерапрыемства быў прысвечаны ўзнагароджванню прызёраў і дзяцей-пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а таксама педагогаў, якія працавалі са сваімі выхаванцамі і раз ам з імі дасягнулі поспехаў. Дыпломы аддзела адукацыі і падарункі ад Астравецкага раённага выканаўчага камітэта рабятам уручылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць. Дыплом атрымала і дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Дзень абароны дзяцей – гэта яшчэ і першы дзень лета. А лета, як вядома, – гэта песні і танцы, паходы і казкі, гульні і забавы. І ўсё гэта было на сцэне і ў зале. А ўдзельнікамі захапляльнага дзейства з удзелам клоунаў – спецыялістаў і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра, – а таксама песняў і танцаў у выкананні выхаванцаў і педагогаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, конкурсаў і розыгрышаў сталі дзеці, якія прыйшлі на свята.
Словам, хто прыйшоў на мерапрыемства, той адназначна не пашкадаваў: тут цікава было і дарослым, і дзецям.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.




