День семьи воспитанники социального приюта провели с самыми близкими и дорогими людьми
Дзень сям’і для чатырнаццаці дзяўчынак і хлопчыкаў, якія зараз знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку, стаў асаблівым: да іх прыехалі самыя блізкія і дарагія людзі – мамы, таты і бабулі…Аднак толькі радаснымі стасункамі доўгачаканая сустрэча не абмежавалася. Хапіла часу і на сур’ёзныя размовы: на бацькоўскім сходзе абмяркоўвалі ролю сям’і ў выхаванні дзіцяці і відэафільм з кранальнай назвай “Дзіцячыя сны”, які паглядзелі тут жа. А анкетаванне дапамагло мамам і татам убачыць станоўчыя і адмоўныя якасці сваёй бацькоўскай ролі.
Затым надышла самая хвалюючая частка мерапрыемства: дзяўчынкі і хлопчыкі самым дарагім і жаданым гасцям падарылі канцэртную праграму. Бацькоў чакала тэатралізаваная пастаноўка казкі Васіля Сухамлінскага “Пялёстак і кветка”, песня пра родны дом і вершы аб сям’і.
Дзяцей і іх бацькоў чакала яшчэ і спартыўная частка мерапрыемства. Усе падзяліліся на дзве каманды, і спаборніцтвы пачаліся. Колькі радасці свяцілася ў дзіцячых вачах за тату ці маму, калі тыя фінішавалі першымі! Колькі вясёлых хвілін прынеслі скачкі ў мяшках! А калі справа дайшла да перацягвання каната, то жарсці разгарэліся так, што на дапамогу адной і другой камандзе прыйшлі работнікі прытулку і нават бабуля, якая прыехала праведаць унука і ўнучку.
У “сямейны дзень” бацькі разам з дзецьмі з вялікім захапленнем будавалі “дом сваёй мары” з папяровых цаглінак, на якіх і трымаецца сям’я, – любоў, здароўе, павага… І святло свечкі, запаленай адначасова дзіцячай і дарослай рукамі, пасяляла ў сэрцах, маленькіх і вялікіх, – надзею. Верыцца, што Дзень сям’і верне гэтым людзям амаль што страчанае і ў іх дамах трывала прапішуцца ўзаемаразуменне і любоў…
---------------------
А. ГАЛУЗІНА, загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку.
