День родного языка отметили в Подольском детском саду-средней школе

Менавіта так 21 лютага мы адсвяткавалі Дзень роднай мовы. Праграма была насычанай. У пачатку свята пяцікласніца Насця Субаткевіч натхнёна прачытала верш Алены Емяльян “Мая мова”. Затым вучні сярэдніх класаў спаборнічалі ў турніры знаўцаў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мне былі давераны музычныя паўзы. Здаецца, я яшчэ ніколі так добра не іграла на гітары (я ж толькі аматар). Магчыма, гэта добразычлівая атмасфера на мяне паўплывала, а, можа, і тое, што іграла сваё, беларускае.

Старшакласнікі змаглі паказаць свае веды – трэба адзначыць, дастаткова глыбокія – у турніры знаўцаў роднай мовы. Падчас паэтычнай паўзы Павел Барташэвіч настолькі душэўна прачытаў верш Ніла Гілевіча “Я – беларус”, што апладысменты доўжыліся хвілін з пяць. Усе заданні да турніру распрацавала настаўнік беларускай мовы Тамара Іосіфаўна Качкан. Ёй, як заўсёды, удалося спалучыць для нас прыемнае з карысным.
А потым, паласаваўшыся пірагамі, якія самі і напяклі, мы дружна накіраваліся на дыскатэку “Беларускія хіты”.
Сярод нас былі дасціпныя, вясёлыя, знаходлівыя, – а вось раўнадушных не было. Значыць, нашай роднай мове – жыць!


----------------------------------
Аляксандра Папкова, вучаніца 10 класа Падольскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.