Делегация из Островецкого района во главе с председателем райисполкома А.Д. Ковалько приняла участие в форуме участковых

У гэтым годзе споўнілася 90 гадоў службе ўчастковых інспектараў міліцыі. З гэтай нагоды ў Шчучыне адбыўся сход-форум, у якім прыняла ўдзел і  дэлегацыя з Астравецкага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька.

Пачаўся форум з цікавай і пазнавальнай экскурсіі па гораду. Шчучын – прыгожы, чысты і добраўпарадкаваны раённы цэнтр. Падчас экскурсіі мы наведалі адну са школ, дырэктар якой расказаў аб сваёй невялічкай краіне ведаў, а школьнікі ў сваю чаргу парадавалі цікавай музычнай
праграмай. Пазнаёміліся мы таксама з прадпрыемствамі і арганізацыямі Шчучына.
Пасля ўсе адправіліся на ўрачыстае пасяджэнне. Спачатку гасцей шчыра прывітаў і павіншаваў з такой значнай датай намеснік начальніка  ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама У.М. Сацюк. Затым перад прысутнымі выступіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В. Краўцоў. Ён  падкрэсліў, што ўчастковы інспектар павінен быць не толькі добрым кіраўніком, але і добрым псіхолагам, які ўмее разабрацца ў кожнай справе і параіць спосабы выйсця з цяжкай сітуацыі. “Участковы павінен знаходзіць падыход да любога чалавека і не быць раўнадушным да чужой бяды. Ён павінен не толькі расследаваць, а ў першую чаргу папярэдзіць небяспеку,” – дадаў старшыня аблвыканкама.
Намеснік міністра – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі М.А. Мельчанка яшчэ раз павіншаваў усіх удзельнікаў форума і падзякаваў ім за актыўны ўдзел у абмеркаванні важных і актуальных пытанняў. “Праца міліцыі – нялёгкая. Ёсць, зразумела, і праблемы. І мы павінны старанна працаваць на іх устараненне. А яшчэ мы павінны вучыцца, удасканальвацца і развівацца,” – адзначыў М.А. Мельчанка.
А затым пачалася самая прыемная частка мерапрыемства – узнагароджванне работнікаў міліцыі. Ім былі ўручаны ганаровыя граматы, дыпломы, прэміі  і памятныя падарункі. Вельмі прыемна, што Астравецкі раён таксама быў у ліку лепшых. Медалём Міністэрства УУС Рэспублікі Беларусь, граматай і падзячным лістом быў узнагароджаны ўчастковы інспектар Варнянскага сельсавета Дзяніс Іканопала.
Дарэчы, мне таксама было прыемна атрымаць узнагароду аблвыканкама “За актыўны ўдзел у вырашэнні сацыяльных праблем з насельніцтвам”. Дзякуй за давер!


----------------------
Рэгіна ДРЭМА.