Дед Мороз исполнил желания детей из Ворнянского приюта

1
Кропля дапамогі да кроплі, як нераўнадушны чалавек да чалавека, утвараюць суцэльны акіян з добрых спраў, якія могуць адагрэць дзіцячыя сэрцы і пасяліць у іх душах безумоўную веру ў навагоднія цуды і белабародага чараўніка.


Напярэдадні Новага 2015 года выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Астравецкага раёна атрымалі ад Дзеда Мароза і яго ўнучкі Снягуркі падарункі, аб якіх яны прасілі ў сваіх пісьмах са старонкі раённай газеты. Акцыя “Ёлка жаданняў” знайшла водгук у дарослых людзей і цалкам апраўдала сваю назву: жаданне кожнага з шасці дзяцей, якія часова жывуць у прытулку, ажыццявілася.

Напэўна, кожны, хто хоць аднойчы дапамагаў бліжняму, ведае, што куды больш прыемна рабіць падарункі, чым атрымліваць іх. І праз некалькі дзён з таго моманту, як на старонках “Астравецкай праўды” выйшаў артыкул з дзіцячымі пісьмамі да Дзеда Мароза (АП №94 ад 13 снежня 2014 года), у рэдакцыю газеты завітаў мужчына, які пажадаў застацца інкогніта, і пакінуў паўмільёна рублёў. Супрацоўнікі газеты, устаноў адукацыі раёна, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Астравецрайгаза, Беларусбанка, пярвічных прафсаюзных арганізацый філіяла “Упраўленне будаўніцтвам БелАЭС” РУП “Белэнергабуд” і РУП ЖКГ, прадстаўнікі духавенства раёна, ваенкамата і пагранічнікі, члены грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускі дзіцячы фонд”, “Белая Русь”, СВК “Гервяты”, вучні і валанцёры Гудагайскай і Гервяцкай сярэдніх школ таксама не засталіся раўнадушнымі… Асобнае дзякуй хочацца выказаць індывідуальным прадпрымальнікам Аляксею Багдзюну, Ліліі Селятыцкай і Валерыю Сузаўцу, якія адразу адгукнуліся на просьбу дапамагчы ажыццявіць дзіцячыя мары.

Шкада, што пайменна нельга назваць усіх прыватных асоб (радуе, што сярод іх шмат моладзі), якія напярэдадні навагодніх святаў прыязджалі ў прытулак і аказвалі пасільную дапамогу. Дзяўчынкі і хлопчыкі атрымалі не толькі тыя цацкі, аб якіх марылі, але куды больш – гэта і адзенне, і шматлікія развіваючыя гульні, і наборы для творчасці, кнігі і многае іншае…

Трое дзетак з інваліднасцю, да якіх прыходзяць педагогі з раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, напярэдадні навагодніх святаў атрымалі музычныя цацкі, а шаснаццаць маленькіх пацыентаў, якія ляжалі на той час у дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы былі вельмі рады салодкім падарункам.

Разам з рэдакцыйнымі Дзядулем Марозам і яго ўнучкай Снягуркай мы завіталі ў прытулак, каб уручыць усе падарункі, сабраныя і набытыя дзякуючы дабрачыннай акцыі “Ёлка жаданняў”. Дзеткі чыталі вершы, вадзілі карагоды і спявалі песні. Кірыл Каптыгін і Валерыя Бразевіч, якія на той момант былі ў Гродна на абласной дабрачыннай ёлцы, змаглі знайсці падарункі пад колкімі зялёнымі галінкамі ёлачкі. У гэты дзень на канікулах у прытулку быў і Вадзім, старэйшы брат Кірыла, які таксама атрымаў прэзент ад Дзядулі Мароза.

Колазварот добрых спраў у гэтым свеце бясконцы: працягнуўшы некаму сваю руку дапамогі, вы ў складаны момант свайго жыцця адчуеце моцнае плячо іншага чалавека. І гэтаму пацвярджэнне сёлетні візіт адной жанчыны ў прытулак. Калі ў яе запыталі, чаму яна адна прывезла столькі дарагіх падарункаў, яна адказала проста і шчыра: некалі ёй добрыя людзі дапамагалі лячыць цяжкахворага сына ад анкалагічнай хваробы. Яе хлопчык паправіўся і зараз радуе матулю кожны дзень і кожную хвіліну. Некалі дапамаглі ім – а зараз яны дапамагаюць іншым, каб ніколі ў свеце не перарвалася тоненькая нітачка добрых спраў…

Кропля дабрыні да кроплі, нераўнадушны чалавек да чалавека, – разам мы можам перасоўваць горы, мяняць цячэнне рэк і рабіць шчаслівым, хоць на адно імгненне, маленькага чалавека. Гэта так мала каштуе, праўда?


-----------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.