Давайте поможем нашим детям!

Мы ўжо паведамляли, што праект «Акно ў свет», распрацаваны супрацоўнікамі Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра занятасці насельніцтва, выйграў грант на 19 200 еўра. У пачатку кастрычніка ў Астравец прыбыла першая частка рэабілітацыйных сродкаў, закупленная ў рамках праекта, рэалізуемага пры  падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча, – і ўжо сёння ўсе, хто меў у іх патрэбу, можа імі карыстацца.

А нядаўна супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра прывезлі астатнія рэабілітацыйныя сродкі, закупленыя ў рамках праекта.

І загадчыца дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько зноў накіравалася ў сем'і сваіх падапечных.

Павел Мацкевіч сустракае нас з усмешкай. У юнака складаны дыягназ – дзіцячы цэрэбральны параліч, ён інвалід з дзяцінства. І ўсе клопаты па догляду за сынам узяла на сябе яго маці Люцыя Іосіфаўна. Так, нехта скажа: такі яе крыж. Безумоўна, жанчына нясе яго годна і цярпліва.  Але кожны дзень бачыць сваё дзіця, якое не можа самастойна не тое што хадзіць, але нават прыўзняцца ў ложку… Ці можна да гэтага прывыкнуць? Па-мойму, нельга.

Другім прыпынкам стаў дом Ганны Дамуць, якая вось ужо 27 гадоў жыве з дыягназам ДЦП. Аня, убачыўшы Святлану Казіміраўну, таксама радасна ўсміхаецца. Дзяўчына ўжо прывыкла, што госці з тэрытарыяльнага цэнтра бываюць тут часта. Зрэшты, Аня, нягледзячы на цяжкае захворванне, часта ўсміхаецца і вельмі любіць фатаграфавацца: на фотаздымках дзяўчына дорыць сваю шчаслівую ўсмешку ўсяму свету. Толькі вось устаць з ложка яна не можа, гэтаксама як і прывесці сябе ў парадак, падняцца, прайсціся. У гэтым ёй дапамагае маці Алена Зянонаўна.

З радасцю сустракалі нас і ў доме трынаццацігадовай Кацярыны Качкан з Падольцаў – дзяўчынцы прывезлі інвалідную каляску.

Чакалі дапамогу і ў доме Сашы Шулюка.

– Мы ўжо і не спадзяваліся, – сказала, убачыўшы нас на парозе, мама Сашы – маладая, прыгожая Алена, і запрасіла нас прайсці ў пакой.

Сямігадовы Саша ляжаў на ложку, побач з ім гуляла сястрычка Палінка.

– Я вельмі люблю свайго браціка, – зусім па-даросламу паведаміла яна. – Мы з ім вельмі падобныя: ён – маленькі прынц, а я – маленькая прынцэса, – шчабятала дзяўчынка, расказваючы гісторыю іх будучага шчаслівага жыцця.

А мама трымала Сашу на руках – і шчыра верыла ў словы дачкі, якая расказвала, што Саша вырасце і будзе шчаслівым... Раптам Саша здрыгануўся – і ўдарыўся ножкай аб стол. Палінка кінула свае цацкі – і кінулася да браціка, стала цалаваць яго ножку і супакойваць свайго маленькага прынца... Глядзець на гэта без слёз было немагчыма.

Гэтак, як немагчыма прывыкнуць да хворых дзяцей, аблегчыць боль іх бацькоў… Затое мы можам дапамагчы ім маральна і матэрыяльна!

Менавіта для гэтага штогод вось ужо на працягу пяці гадоў у раёне арганізоўваюць дабрачынны канцэрт, прысвечаны Дню інвалідаў.

Сёння на ўліку ў цэнтральнай раённай бальніцы стаяць пяць анкалагічна хворых дзяцей і восем дзетак з дыягназам ДЦП. Менавіта ім мы можам дапамагчы, набыўшы білет, кошт якога складае 50 тысяч беларускіх рублёў.

«Польская дапамога» зрабіла добрую справу. Цяпер – наша чарга ўспомніць пра нашых рабят, якіх мы можам падтрымаць, і аказаць ім пасільную дапамогу.


Зрабіць хворых дзяцей шчаслівымі, а гэты свет дабрэйшым вельмі проста: варта ўспомніць пра тых, хто побач і каму больш цяжка, чым табе. І прыйсці на дабрачынны канцэрт. Сёлета ён адбудзецца 3 снежня ў 16.00 у кінаканцэртнай зале “Астравец”. Сродкі, сабраныя ад яго правядзення, пойдуць на дапамогу анкалагічна хворым дзецям і дзецям з ДЦП.

Гэта так проста – прыдачыніцца да добрых спраў, якія рэалізуюць неабыякавыя людзі.

Алена ЯРАШЭВІЧ.