Да псіхолага прыйдзі – табе дапамогуць
Дзяўчынка прыехала на раённую алімпіяду. Зразумела, за перамогай. Дыктант напісала лепш за ўсіх, з тэставым заданнем справілася выдатна, а на вусным выказванні расплакалася… І настаўнікі не здолелі яе супакоіць. Яна цудоўна ведала тэму, па якой трэба было выказацца, але штосьці здарылася, і сабрацца з думкамі дзяўчынка не змагла.
Што гэта? Стрэс? Страх? Дэпрэсія? Да каго звярнуцца? Хто дапаможа? Падумалася: без псіхолага не разабрацца. А чым ён можа дапамагчы?
З гэтым і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да псіхолага, метадыста па псіхалагічнаму і сацыяльна-педагагічнаму суправаджэнню раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Юліі Альбінаўны Ражко – дарэчы, вядучай псіхалагічнай рубрыкі ў нашай газеце.
Для даведкi:
Юлія Альбінаўна РАЖКО нарадзілася ў Гродне і пасля заканчэння Гродзенскага педвучылішча – якое дзяўчына, дарэчы, закончыла з чырвоным дыпломам, – папрасілася ў Астравецкі раён. Толькі дома яна даведалася, дзе знаходзіцца яе першае месца працы, а што такое жыць у вёсцы, маладая выхавальніца адчула ў Страчанцы, куды яе накіравалі працаваць.
Потым Юлія Альбінаўна стала дырэктарам Масцянскага сада-школы, праз год перавялася ў Астравецкую гімназію №1 выхавальнікам, потым стала працаваць псіхолагам дзіцячага садка “Дубок”, педагогам-псіхолагам сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі і, нарэшце, была прызначана на пасаду метадыста аддзела адукацыі. У працэсе атрымала яшчэ адзін дыплом – Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “псіхалогія”. Псіхалогіяй дзяўчына цікавілася заўсёды, таму выбар другой спецыяльнасці быў абдуманы. І разам з дыпломам Юлія Альбінаўна атрымала любімую работу. А Астравеччына стала яе лёсам і радзімай.
– Для чаго патрэбны псіхолагі? Якія праблемы яны прызваны вырашаць?
– Заўсёды былі людзі, якія дапамагалі разабрацца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Адносна нядаўна з’явілася маладая навука – псіхалогія, якая заклікана дапамагаць у вырашэнні чужых праблем. Але часта людзі памыляюцца і думаюць, што псіхолаг павінен дапамагчы вырашыць праблему, а на самай справе ён можа толькі паказаць “святло ў канцы тунэля”, але ісці да яго трэба самому. Мы заўсёды арыентуем на тое, што трэба працаваць над сабой – доўга, цяжка, пастаянна. Вельмі часта бацькі ці дзеці прыйшлі адзін раз на кансультацыю – і лічаць, што хопіць. Часцей за ўсё прычына ў тым, што яны проста не хочуць змяняцца.
– Ёсць меркаванне, што да псіхолага прыходзяць слабыя людзі, якія не ў стане вырашыць свае праблемы…
– Звяртаюцца да псіхолагаў не тыя, хто не можа вырашыць праблему, а тыя, хто зацікаўлены ў выпраўленні сітуацыі. Часта ад бацькоў можна пачуць: “Мы раслі без псіхолагаў – і, нічога”. Усё так. Але цяпер становішча значна пагоршылася: агрэсія з экранаў тэлевізара, слабая нервовая сістэма дзяцей – і як вынік, ім патрэбна большая ўвага з боку бацькоў. А тыя з-за пастаяннай занятасці не могуць у поўнай меры яе забяспечыць. Але гэта зусім не азначае, што бацькі не займаюцца са сваім сынам ці дачкой, проста ў дадзены момант вашаму дзіцяці трэба больш увагі, любові і ласкі. Дзеці часта расстройваюцца, яны адчувальныя да любой крытыкі, ім цяжка справіцца са школьнымі праблемамі. Усё гэта пацвярджае, што псіхолаг у школе патрэбен. Сёлета ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці мы плануем укараніць праграму эмацыянальнага развіцця, у рамках якой будзем вучыць дзяцей уменню спраўляцца са сваімі эмоцыямі, стрэсам, страхамі, гневам.
– Якімі метадамі і сродкамі для вырашэння розных псіхалагічных задач валодаюць школьныя псіхолагі?
– Іх шмат. У раёне працуе праграма “Рэферэнт”. Выкарыстоўваючы тэсты праграмы, можна вызначыць узровень выхаванасці, якасць вучэбнай дзейнасці, здароўе падлеткаў, узровень падрыхтоўкі дзяцей 6-гадовага ўзросту да навучання ў школе. Усе тэсты спецыяльна распрацаваны для беларускіх дзяцей, і ўсе педагогі-псіхолагі маюць магчымасць працаваць па аднолькавых распрацоўках.
У чацвёртай чвэрці школьныя псіхолагі наведаюць усе дзіцячыя сады і сустрэнуцца з дзецьмі, якія пойдуць у першы клас. Наша задача – вызначыць матывацыю дзіцяці і даць рэкамендацыі бацькам, педагогам, псіхолагам, якія потым будуць працаваць з дзецьмі ў школе.
Вялікую папулярнасць у школах і дзіцячых садках маюць малюнкавыя тэсты. Яны вельмі выніковыя – адразу ж можна ўбачыць праблемы, якія ёсць у дзіцяці і якія часам не заўважаюць бацькі.
Цудоўныя вынікі даюць трэнінгі. Школьныя псіхолагі праводзяць групавыя і індывідуальныя заняткі, выкарыстоўваючы прыёмы арт-тэрапіі, казка-тэрапіі, музыка-тэрапіі, пластыліна-тэрапіі і шэраг іншых.
– Калі гэтых метадаў так шмат, то як сарыентавацца і зразумець, якая методыка лепш дапаможа дзіцяці ў яго сітуацыі?
– Канешне, да кожнага чалавека павінен быць індывідуальны падыход. Напрыклад, лепка цудоўна здымае агрэсію, але калі дзіця не любіць гэты занятак, то гэты метад не падыходзіць і трэба шукаць нешта іншае. Кожнае дзіця – індывідуальнасць, і перш чым вызначыць праблему, трэба правесці некалькі гутарак, тэстаў. Да прыкладу, карта інтарэсаў паказвае, што дзіця любіць матэматыку, а педагога турбуе тое, што вынікаў няма. Праводзіш колеравы тэст – і высвятляецца, што на ўзроўні падсвядомасці матэматыка стаіць амаль на апошнім месцы. Магчыма, дзіцяці проста падабаецца педагог, ці яго сябар захоплены гэтай навукай, ці на выбар дзіцяці паўплывалі бацькі… Таму ў рабоце псіхолага выкарыстоўваецца сукупнасць метадаў.
– Як доўга трэба працаваць з псіхолагам?
– Гэта таксама залежыць ад чалавека і ад узнікшай праблемы. Праблемы бываюць самыя розныя – і цяга да крадзяжоў, і алкагалізацыя, і праблемы з вучобай ці бацькамі… Выправіць усё гэта не так проста. Бывае, што са сваёй праблемай людзі ходзяць і год, а бывае, каб вырашыць яе, хапае і дзесяці сустрэч.
– Што трэба зрабіць перш, чым звярнуцца да псіхолага?
– Для пачатку трэба прыйсці на кансультацыю. І калі сапраўды вымалёўваецца нейкая праблема, то марудзіць не варта. Псіхолаг сам убачыць яе і дапаможа выправіць. Канешне, можна паспрабаваць разабрацца самому – некаторыя ж займаюцца самалячэннем. Чалавечая натура так уладкавана, што ён можа ўпэўніць сябе, што ўсё добра, няма ніякіх праблем, а на справе ўсё па-іншаму. Таму лепш папрасіць дапамогі ў псіхолага.
Раней лічылася, што звяртацца да псіхолага сорамна. Яшчэ шэсць гадоў назад на пытанне: “Як вы думаеце, чым займаецца псіхолаг?”, дзеці адказвалі: “Лечыць псіхаў.” Цяпер так ніхто не думае. І гэта добра.
– Але і цяпер не заўсёды бацькі і дзеці ідуць да псіхолага. У чым прычына?
– Бацькі, асабліва свядомыя, не звяртаюцца таму, што часта адчуваюць комплекс віны. Злуюцца і на дзіця, і на сябе – і ў выніку робяць яшчэ больш памылак. А праблема ўзнікае не таму, што ёсць дрэнныя бацькі ці дрэнныя дзеці, а таму, што і адны, і другія проста не ведаюць, як паступіць правільна. Мы ж звяртаемся да ўрача, калі адчулі першыя прыкметы хваробы. А псіхолаг – такі ж спецыяліст, толькі накірунак яго работы крыху іншы. Прыйсці да псіхолага на кансультацыю – гэта патрэба часу. Да таго ж да нас звяртаюцца не толькі з праблемамі, у жыцці кожнага чалавека ёсць перыяды развіцця, калі патрэбна псіхалагічная дапамога.
– Якія праблемы часцей за ўсё ўзнікаюць у нашых дзяцей?
– Парушэнне адносінаў з бацькамі, праблемы з педагогамі, цяжкасці ў навучанні, павышаная агрэсіўнасць, трывожнасць, дэпрэсія, боязь экзаменаў, рызыка алкагалізацыі і шэраг іншых. Справіцца з імі самастойна дзецям часам не па сілах. Таму ў школах працуе псіхолаг, створана “пошта даверу”. У некаторых даволі эфектыўна – дзеці самі звяртаюцца да псіхолага і просяць навучыць іх спраўляцца з трывогай. Але ёсць і такая катэгорыя дзяцей, якія пра свае праблемы не гавораць нікому, нават бацькам. Дарэчы, большасць бацькоў сустракаецца з псіхолагамі толькі на бацькоўскіх сходах.
– Ці ва ўсіх школах раёна ёсць псіхолагі?
– Пакуль не. У раёне працуе 15 псіхолагаў, і ёсць 8 вольных ставак. Яшчэ адна праблема – большасць з іх – маладыя, нявопытныя. Цяпер спецыялісты, якія працуюць у сацыяльна-педагагічным цэнтры, замацаваны за школамі раёна і стараюцца аказваць ім магчымую дапамогу. У цэнтры таксама працуе “тэлефон даверу” – патэлефанаваць на яго можа любы жадаючы і атрымаць кампетэнтную параду псіхолага.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.