Cвята маленькіх сонейкаў
Першага чэрвеня, калі хто не ведае, не толькі пачынаецца лета, але і адзначаецца не менш цёплае, пяшчотнае і ласкавае свята ўсіх маленькіх сонейкаў – Міжнародны дзень абароны дзяцей. Традыцыйна ў гэты дзень для віноўнікаў урачыстасці арганізоўваюць цікавую канцэртна-музычную праграму. Гэты год таксама не стаў выключэннем. Ведаючы капрызны характар надвор’я, арганізатары мерапрыемства вырашылі не рызыкаваць і правесці свята ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.
За руку з выхавальніцамі дзіцячых садкоў ці бацькамі, паасобку і дружнымі кампаніямі ўсе спяшаліся на свята. Перад пачаткам дзеці маглі паласавацца прысмакамі, якія прадаваліся ў фае, тут жа пагуляць у бяспройгрышную латарэю ці набыць сімпатычную мяккую цацку ці арыгінальны самаробны выраб.
Урачыстае мерапрыемства распачала дырэктар Цэнтра пазашкольнай работы Н.У. Сянюць, якая павіншавала ўсіх дзетак, а таксама аб’явіла святочную праграму. Пасля на сцэну паднялася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.У. Янкоўская. Акрамя віншаванняў, яна ўручыла дыпломы і падарункі лепшым вучням, якія выдатна праявілі сябе і сталі прызёрамі ў розных конкурсах. Не засталіся без узнагарод і дарослыя, якія прылажылі шмат намаганняў для дасягненняў сваіх выхаванцаў – гэта кіраўнікі гурткоў ЦПР.
Сваю долю падарункаў атрымалі дзеці і ад Беларускага дзіцячага фонду, якія ўручыла Г.П. Неціоўская.
Пасля прызоў надышла чарга і відовішчаў. Дзецт вельмі любяць гульні, напрыклад, бакуган. “Нам мір патрэбна зберагчы і зямлю цудоўную гэту…” Менавіта пад такой назвай праходзіў канцэрт, дзе гледачоў здзіўлялі мілагучнымі вакальнымі і яркімі танцавальнымі нумарамі юныя зорачкі астравецкай эстрады.
А завяршылася свята вясёлай дыскатэкай і праглядам дзіцячага кінафільма.
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.