Чтобы в семье царила гармония, нужно быть искренними и внимательными друг к другу
Ніхто не хоча ствараць сям’ю, дзе няма цяпла і ўтульнасці. Калі маладыя стаяць перад алтаром у храме і даюць клятву вернасці, яны мараць аб доўгім і шчаслівым жыцці, поўным радасці і прыемных момантаў. Чаму ж, бывае, здараецца так, што светлыя мары захінае чорная хмара нянавісці і самыя родныя людзі становяцца ворагамі, а іх дзеці – сіротамі пры жывых бацьках?Прычыны могуць быць самыя розныя. Мужчына сустрэў іншую жанчыну і забыўся пра абавязкі перад жонкай і клопат перад дзецьмі. Яшчэ горш, калі ён адчувае сябе незапатрабаваным і ва ўсіх няшчасцях абвінавачвае сям’ю, спаганяючы злосць на блізкіх. У дадатак да гэтага, каб забыцца пра ўсе свае няшчасці, ён усё часцей пачынае ўжываць спіртное.
У кожнага бываюць эмацыйныя ці псіхалагічныя праблемы, душэўны крызіс, аднак гэта не дае права зрывацца на родных. Але не трэба трымаць усё ў сабе: падзяліцеся з блізкімі, парайцеся і шукайце разам выйсце – у згодзе і мірным шляхам. Калі ж немагчыма справіцца самастойна, можна звярнуцца за кансультацыяй да псіхолага.
Праблемныя сем’і могуць быць рознымі і на першы погляд выглядаць самымі звычайнымі. Напрыклад, хаатычная сям’я: кожны з членаў быццам жыве паасобку са сваімі думкамі і праблемамі, бацькі нерашучыя, дзеці абдзелены ўвагай і пазбаўлены душэўнай цеплыні і стасункаў, у сям’і пастаянна існуюць нейкія праблемы. Яшчэ прыклад – сем’і, дзе пануюць жорсткі кантроль і загадны лад, дарослыя адносяцца да дзяцей крытычна і строга, ацэньваючы іх па выніках выкананых задач і не праяўляючы ніякіх пачуццяў. Дзеці жывуць быццам па рэжыму і баяцца сваіх бацькоў. Ці наадварот, сям’я, дзе ўсё дазволена: дзеці пастаянна ў цэнтры ўвагі, на першым месцы для іх слова “дай”, а бацькоўскі аўтарытэт адсутнічае. Дарослыя такім чынам імкнуцца выказаць сваю любоў і забяспечыць сына ці дачку ўсім неабходным. Аднак у такіх сем’ях часцей за ўсё ўзнікаюць праблемы алкагалізму і наркаманіі.
Хочаце, каб у вашай сям’і панавалі гармонія, згода, узаемадапамога і любоў? Тады будзьце адным цэлым: разам вырашайце праблемы, спраўляйцеся са стрэсамі і радуйцеся новым дасягненням. Будзьце прыкладам для сваіх дзяцей, выхоўвайце ў іх пачуццё адказнасці і самастойнасці, не забываючы пра клопат і пяшчоту. Будзьце шчырымі і ўважлівымі адзін да аднаго – і ваша мара аб сапраўднай сям’і збудзецца!
----------------------------------------------------
Артур Буцько, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх.
