Чтобы пассажир чувствовал себя комфортно
Часта ці рэдка, але ўсе мы карыстаемся транспартам, які займаецца перавозкай пасажыраў. Аўтобусы ці таксі за пэўны час і адпаведную плату даставяць у любы патрэбны пункт назначэння. Аднак ці ўсе ведаюць, што існуюць спецыяльныя нормы і правілы пасажырскіх перавозак, якія прадугледжваюць абавязковую спраўнасць транспарту і камфортныя ўмовы для пасажыраў? За выкананнем жа гэтых правілаў старанна сочаць спецыялісты рэгіянальнага аддзела кантролю транспартнай дзейнасці.
У рэйдзе, мэтай якога была праверка выканання правілаў пры ажыццяўленні пасажырскіх перавозак, раней бываць не прыходзілася. Таму першай рэакцыяй на такое запрашэнне была цікаўнасць. Аказваецца, для перавозу пасажыраў таксама ёсць спецыяльныя правілы. Цікава, якія? За адказам на гэтае і іншыя пытанні мы і адправіліся ў рэйд.
Мае праважатыя – вядучыя спецыялісты рэгіянальнага аддзела кантролю транспартнай дзейнасці Алег Багумінскі і Аляксандр Шымановіч – адразу папярэдзілі, што асноўныя аб’екты – транспарт, які перавозіць людзей. У нашым выпадку – аўтобусы і таксі. Усе яны павінны адпавядаць правілам спецыяльных патрабаванняў да тэхнічных сродкаў. У першую чаргу, тэхніка павінна быць спраўнай і абсталяванай усім неабходным: аптэчкай, вогнетушыцелем, знакам аварыйнага прыпынку і іншым, – а вадзіцель, вядома ж, мець неабходныя дакументы і трымаць іх у парадку.
Першы пункт праверкі – аўтастанцыя. На прыпынку рыхтуецца да адпраўлення некалькі аўтобусаў. Транспартнікі заходзяць у адзін з іх: першы правярае дакументы, другі – змесціва аптэчкі і санітарны стан транспарту. Яўных парушэнняў не выяўлена, але без заўваг і папярэджванняў не абышлося. Напрыклад, набор аптэчкі не поўнасцю адпавядаў нормам. А адно з бакавых люстэркаў было ў трэшчынах. Як станоўчы момант было адзначана, што ўнутры салона чыста і акуратна. І з дакументамі ў вадзіцеля ўсё ў парадку.
– Канешне, мы з разуменнем адносімся да дробных парушэнняў і, вядома ж, за іх не штрафуем, – тлумачаць мае праважатыя. – Аднак калі, скажам, праз месяц, непаладкі не будуць ліквідаваны – тут ужо пакарання не пазбегнуць.
Далей на нашым шляху трапіўся аўтамабіль таксі. Вядома, што да гэтага віду транспарту прымяняюцца асаблівыя патрабаванні. Адно з галоўных – абавязковая наяўнасць таксометра, прычым у рабочым стане. Падказка патэнцыяльным пасажырам: калі вы едзеце, а таксіст не ўключыў таксометр, маеце законнае права за паездку не плаціць.
– Работа, якасць і культура абслугоўвання залежаць не толькі ад таксістаў, але ў значнай ступені і ад саміх кліентаў, – адзначае Алег Багумінскі. – Людзі павінны ведаць свае правы і карыстацца імі, а таксісты – працаваць па правілах. Нічога складанага – і ўсе будуць задаволены.
У таксі, якое стала аб’ектам праверкі, грубых парушэнняў таксама не было: таксометр уключаны, аптэчка на месцы, на панелі – візітная картка вадзіцеля і ўся неабходная інфармацыя аб паслугах. Мінус, які выявілі, – не адпавядаючы санітарным нормам стан багажніка.
Усё ў парадку аказалася і ў наступным таксі. А вось у салон трэцяга, як пажартаваў правяраючы, у белых штанах сядаць рызыкоўна – яны б у момант сталі шэрымі. Санітарны выгляд аўтамабіля павінен быць візітнай карткай і асноўным патрабаваннем да таксі.
Пакідаў жадаць лепшага і знешні выгляд мікрааўтобуса, у які транспартнікі зазірнулі на аўтастанцыі. Праўда, вадзіцель растлумачыў, што машыну ён атрымаў нядаўна, пагэтаму не паспеў яшчэ давесці яе да ладу. Аднак абяцаў у хуткім часе ўсе недахопы выправіць.
У выніку падчас рэйду спецыялісты рэгіянальнага аддзела кантролю транспартнай дзейнасці нікога не пакаралі. Аднак кожны вадзіцель атрымаў заўвагу ці папярэджванне.
– На падобныя рэйды мы выязджаем часта, – тлумачаць транспартнікі. – Гэта многія вадзіцелі добра ведаюць, асабліва таксісты. Безумоўна, вынік ёсць. Самі бачылі, што грубых парушэнняў мы не выявілі. Аднак дробныя недахопы і заўвагі ўсё роўна сустракаюцца. Уладальнікі транспарту, якія займаюцца перавозкай пасажыраў, не павінны забываць пра нормы і стандарты, якія для гэтага існуюць. Інакш пра гэта нагадаем мы. І за ўсе парушэнні прыйдзецца заплаціць у літаральным сэнсе гэтага слова.
--------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
