Что делать, когда болят суставы?
12-28 кастрычніка ў рэспубліцы праходзіла акцыя “Ранняе выяўленне і прафілактыка астэаартрозу” – хранічнага незапаленчага захворвання суставаў. Гэта найбольш распаўсюджанае захворванне суставаў, па статыстыцы на яго хварэе 10-16 працэнтаў насельніцтва зямлі. Часцей за ўсё хвароба паражае жанчын 45-55 гадоў. А пасля 60 гадоў астэаартроз сустракаецца практычна ва ўсіх людзей.
Прычыны
Самая распаўсюджаная прычына астэаартрозу – неадпаведнасць паміж нагрузкай на суставы з іх “запасам трываласці”. Віноўнікамі такога стану могуць стаць залішняя вага, стаячая работа, парушэнне паставы, заняткі спортам – скачкі, бег, падняцце цяжару. Значэнне маюць таксама парушэнне абмену рэчываў і гарманальнага фону, пагаршэнне кровазабеспячэння сустава, спадчынная схільнасць да захворванняў храстковай тканкі, пажылы ўзрост, траўмы, некаторыя хваробы – да прыкладу, рэўматоідны артрыт і псарыяз.
Што адбываецца?
Пры астэаартрозе адбываецца хуткае старэнне сустаўнага храстка. Ён страчвае сваю эластычнасць, сустаўныя паверхні становяцца шурпатымі, на іх з’яўляюцца трэшчыны. У некаторых месцах храсток можа сцірацца настолькі, што агаляецца косць. Пры страце храстка ўзнікае стойкая дэфармацыя сустава.
Пры астэаартрозе часцей за ўсё паражаюцца тазасцегнавыя і каленныя суставы, міжфалангавыя суставы кісці. Але ад гэтай хваробы не застрахаваны ні адзін сустаў.
Як праяўляецца?
Пачатак хваробы праяўляецца болем у суставе пры руху. Пры артрозе тазасцегнавога сустава боль ідзе ад верхняй часткі бядра і аддае ў калена, што асабліва адчуваецца пры хадзьбе. Тым, хто пакутуе ад артрозу калена, балюча спускацца па лесвіцы. Калі закрануты плечавы сустаў, цяжка падымаць і апускаць руку.
У цэлым для захворвання характэрна ўзнікненне болю пад уздзеяннем дзённай фізічнай нагрузкі і сціханне яго за перыяд начнога адпачынку.
Паступова хвароба прагрэсіруе: кожны рух выклікае нясцерпны боль, а сустаў дэфармуецца і страчвае рухомасць. На гэтым этапе можна толькі зняць запаленне, зменшыць боль, аднак аднавіць пашкоджаны храсток ужо немагчыма.
Звычайна астэаартроз развіваецца павольна і пачынаецца з паражэння аднаго сустава, а праз некаторы час у працэс уключаюцца і іншыя суставы, у першую чаргу тыя, што бралі на сябе павышаную нагрузку, каб разгрузіць паражоны сустаў.
Дыягностыка
Калі з’явіўся боль у суставах, адразу звяртайцеся да рэўматолага ці артапеда. Пасля агляду ўрач назначыць дадатковае абследаванне: клінічны аналіз крыві, ультрагукавое даследаванне і рэнтгенаграфію суставаў.
Прафілактыка
-прытрымлівайцеся рэжыму працы і адпачынку;
-адмоўцеся ад шкодных звычак;
-няхай стане правілам паўсядзённага жыцця здаровае і збалансаванае харчаванне;
-пазбаўляйцеся залішняй вагі;
-вядзіце рухавы лад жыцця;
-своечасова звяртайцеся за медыцынскай дапамогай.
Андрэй ПАЎЛЮКЕВІЧ, урач траўматолаг-артапед.
Фота з сайта sana.ge