Члены товарищества инвалидов провели встречу на базе территориального центра социального обслуживания населения накануне Дня инвалидов
Напярэдадні Дня інвалідаў на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў справаздачны сход Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Гэтае мерапрыемства насіла не фармальны характар, а было хутчэй сяброўскай сустрэчай.Члены таварыства інвалідаў актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, шматлікіх конкурсах і мерапрыемствах. На занальным этапе рэгіянальнага фестывалю, прымеркаванага да 25-годдзя стварэння гэтага грамадскага аб’яднання, астравецкія самадзейныя артысты дастойна абаранілі гонар раёна.
Увогуле, яны не сядзяць на месцы, хоць нагоды для сустрэчы выпадаюць не так часта, як хацелася б. А напрыканцы гэтага лета для членаў раённай арганізацыі інвалідаў выпала магчымасць пазнаёміцца з цікавымі мясцінамі роднай краіны: яны наведалі Лінію Сталіна і дэльфінарый у Мінску. А некаторыя з актывістаў гэтага грамадскага аб’яднання нават “засвяціліся” на блакітным экране – прынялі ўдзел у здымках дакументальнага фільма “Из горьких цветов пчела собирает мед”, у якім расказваецца аб працаўладкаванні людзей з інваліднасцю і іх жыцці ў асяродку здаровых.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “БТІ” Юрый Іосіфавіч Ждановіч назваў імёны лепшых працаўнікоў і актывістаў, а таксама выказаў шчырыя словы ўдзячнасці Рэгіне Гродзь, Валянціне Багдзюн, Алене Качан, Таццяне Лянкевіч і Наталлі Тапуновай за дапамогу ў арганізацыі святочнага мерапрыемства. У сваім выступленні Юрый Іосіфавіч таксама спыніўся на паказчыках дзейнасці ўнітарнага прадпрыемства “Клопат аб людзях”. Так, за 2013 год удалося нарасціць тэмпы вытворчасці і перасягнуць парог выпуску рукавіц у дзесяць тысяч пар. Аднак праблема рэалізацыі прадукцыі, якую выпускае прадпрыемства, яшчэ канчаткова не вырашана.
Былы старшыня Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Мар’ян Станіслававіч Ган напомніў усім прысутным, што для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі часам больш значнымі аказваюцца словы спагады і падтрымкі, чым матэрыяльная дапамога. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Мікалаеўна Іванова і дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч выказалі меркаванне, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі часта бываюць эмацыянальна і духоўна мацнейшымі за здаровых людзей. І жыццё гэта не раз пацвярджала і працягвае пацвярджаць. Чаго толькі варты прыклад Аляксандра і Таццяны Лянкевічаў, якія гадуюць двух сыноў, працуюць і займаюцца творчасцю! Або Вадзім Вянгроўскі з Гудагая, які закончыў універсітэт і самастойна кіруе машынай… У кожнага чалавека з абмежаванымі магчымасцямі таксама ёсць чаму павучыцца і што пераняць.
За шматгадовае і плённае супрацоўніцтва ад цэнтральнай арганізацыі таварыства інвалідаў падзячныя пісьмы атрымалі дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Р.М. Долгі і дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В.І.Ждановіч. А М.С. Ган за шматгадовую і плённую працу і ў сувязі з 25-годдзем “Беларускага таварыства інвалідаў” быў узнагароджаны ганаровай граматай.
Усе прысутныя атрымалі музычны падарунак ад спецыялістаў Астравецкага раённага Дома культуры, а Капіталіна Пятроўская ў чарговы раз пацвердзіла сваё званне каралевы прыпевак.
На сённяшні дзень у Астравецкім раёне налічваецца 1552 чалавекі з інваліднасцю, з іх 304 з’яўляюцца членамі таварыства інвалідаў.
Пры кожным сельскім Савеце існуюць пярвічныя арганізацыі таварыства, і гэта дазваляе на месцы вызначыць, якая дапамога патрабуецца чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі.
-----------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
