Через встречи с интересными людьми гудогайских школьников знакомят с разными профессиями

наставник это звучит гордоНа працягу чатырох гадоў у Гудагайскай сярэдняй школе працуе “Клуб цікавых сустрэч”, мэта якога сфарміраваць уяўленне пра канкрэтную прафесію, аб яе перспектывах, перавагах і недахопах з дапамогай людзей, для якіх гэтая прафесія – жыццё.

Большасць сустрэч праводзіцца на базе школьнага музея “Зямля гудагайская: духоўнае і матэрыяльнае” – сюды запрашаюцца неардынарныя, таленавітыя, улюбёныя ў сваю працу людзі, якія памнажаюць традыцыі і звычаі роднага краю, ствараюць яму добрую славу і дапамагаюць выпускнікам у выбары прафесіі. Адны з самых частых наведвальнікаў клуба – вучні 9 “А” педагагічнага класа.
На апошнім пасяджэнні клуба прайшла цікавая сустрэча з былым выпускніком Гудагайскай школы, нашым земляком Святаславам Станіслававічам Бразевічам, доктарам сацыялагічных навук, прафесарам кафедры тэорыі і гісторыі сацыялогіі факультэта сацыялогіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, на якую ён прыехаў разам з жонкай Людмілай Іванаўнай. Дарэчы, пазнаёміліся яны на вечары сустрэчы з выпускнікамі 40 гадоў назад – з таго часу разам!
Напачатку сустрэчы вучні расказалі аб накірунках дзейнасці свайго класа, аб праектах, у якіх удзельнічаюць. Экскурсаводы школьнага музея правялі аглядную экскурсію.
Самым “гарачым” момантам сустрэчы сталі пытанні, якія вучні задавалі Святаславу Станіслававічу. Іх цікавіла ўсё: што такое сацыялогія і чаму менавіта ёй займаецца наш зямляк, у якіх навучальных установах ён вучыўся і хто павінен дапамагчы падлетку ў выбары прафесіі, якія перавагі і недахопы ў настаўніцкай дзейнасці і іншыя.
Падлеткаў здзівіла, што Святаслаў Станіслававіч вельмі любіць вучыцца. Ён усё сваё жыццё павышае свой адукацыйны ўзровень, шмат чытае. Мае пяць дзяржаўных узнагарод, у тым ліку медаль «Заслужаны работнік Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі». І хоць даўно не жыве ў Беларусі, добра размаўляе па-беларуску, цэніць культуру і захоўвае традыцыі свайго народа.
Наш суразмоўца адзначыў, што спакон веку прафесія настаўніка была запатрабавана ў грамадстве, бо менавіта школа фарміруе сацыяльнае асяроддзе, з'яўляецца кузняй кадраў. А яшчэ Святаслаў Станіслававіч запэўніў, што вялікае шчасце сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці: такога настаўніка памятаюць усё жыццё.

------------------------------------------------------------------
Ірына ЖАЛТОК, класны кіраўнік 9 «А» класа Гудагайскай СШ.