Чему можно поучиться у главного врача Островецкой районной больницы?
На інтэрв’ю да галоўнага ўрача Астравецкай ЦРБ Валянціна Ігнатавіча Тачонага я напрошвалася даўно. І нагода была нават не адна: занясенне яго партрэта на раённую Дошку гонару, прызнанне лепшым кіраўніком установы аховы здароўя Гродзеншчыны, ўзнагароджанне медалём “За працоўныя заслугі”, занясенне ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці, прызнанне нашай раённай бальніцы лепшай установай аховы здароўя ў краіне, шэраг юбілеяў: летась споўнілася сорак гадоў, як ён працуе ў раёне, у наступным годзе – чарговая круглая дата: 30 гадоў, як Валянцін Ігнатавіч узначальвае раённую бальніцу, а сёлета ён адзначыў асабісты юбілей. Словам, інфармацыйных нагод для сур’ёзнага інтэрв’ю – больш чым дастаткова. Але на ўсе прапановы-угаворы Валянцін Ігнатавіч то загадкава ўсміхаўся, то адмахваўся: “Не зараз”, то, расказаўшы нейкую цікавостку, тут жа строга папярэджваў: “Гэта – не для друку!”Ну што ж, калі гара не дае інтэрв’ю Магамету, то Магамет і сам можа расказаць пра гэтую гару, тое, што ведае. А чаго не ведае – тое людзі падкажуць… Так што выбачайце, Валянцін Ігнатавіч, калі што не так…
У раёне, безумоўна, ёсць людзі, якія памятаюць Валянціна Ігнатавіча маладым спецыялістам, які ў 1974 годзе прыехаў на работу ўрачом-фтызіятрам у туберкулёзную бальніцу, што дзейнічала ў Каменцы. Ветэраны могуць успомніць, як ужо праз год яго прызначылі галоўным урачом гэтай бальніцы, пазней, калі туббальніцу закрылі, – загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы, якое было адкрыта там жа, у Каменцы. Зрэшты, ужо праз чатыры гады пасля прыезду ў Астравец Валянцін Ігнатавіч быў прызначаны намеснікам галоўнага ўрача бальніцы: тагачасны галоўны ўрач Валянцін Аляксандравіч Ражко ўмеў бачыць і цаніць спецыялістаў. Зрэшты, і выхоўваць, і вучыць іх – таксама: нездарма ж пасля таго, як Ражко перавялі ў Гродна, месца галоўнага ўрача прапанавалі заняць Тачонаму…
Калі ж мяне ў 1992 годзе прызначылі рэдактарам раённай газеты і я стала прымаць удзел у штотыднёвых планёрках сацыяльнай сферы, Тачоны ўжо быў ТАЧОНЫМ: усімі паважаным галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы. І я, назіраючы за “аксакалам”, старалася неўпрыкмет вучыцца ў яго. Чаму? Ды многаму – таму, чым на той момант (а ў многім – і зараз) не валодала сама.
...Адносінам да свайго калектыву
Не памятаю выпадку, каб пра нейкага супрацоўніка бальніцы Валянцін Ігнатавіч сказаў зняважліва, спісаў на падначаленага віну – нават калі яна і сапраўды была. Не ведаю, якія ўнутраныя “разборкі” адбываліся ў калектыве, калі што якое. Падазраю, што яны здараліся, але за сценамі бальніцы галоўны ўрач заўсёды гарой стаяў за сваіх людзей. І потым, калі гутарыла з медыцынскімі работнікамі, рыхтуючы газетныя артыкулы ці проста так, амаль ад кожнага – незалежна, быў то ўрач, фельчар, медсястра ці санітарка, даводзілася чуць “...дзякуючы Валянціну Ігнатавічу”, “Тачоны дапамог…”, “З лёгкай рукі галоўнага ўрача…” У яго ў падначаленні – больш як 600 чалавек – і кожнага галоўны ўрач не толькі ведае асабіста, але і знаходзіцца ў курсе сямейных спраў, поспехаў ці праблем. А калі патрэбна дапамога, ніколі не адмовіць, не пройдзе міма раўнадушна, не скажа “Гэта вашы справы, мяне яны не тычацца”.
...Уменню “вырашаць пытанні”
На кожнай планёрцы Валянцін Ігнатавіч ставіць нейкую праблему – і яна ўздымаецца да таго часу, пакуль не вырашаецца. Пасля таго, як набыты патрэбны апарат ці аўтамабіль, аплачаны работы, вырашана жыллёвае пытанне маладога спецыяліста, мне па маладосці здавалася: ну вось, нарэшце! Тачоны супакоіцца…
Але на наступную планёрку галоўны ўрач прыходзіць з новай праблемай…
...Гаспадарлівасці
Рамонты ў раённай бальніцы – стан, здаецца перманентны, яны не заканчваюцца ніколі. Канешне, для любога кіраўніка прасцей заключыць дагавор с падрадчыкам – ну і што, што будзе даражэй удвая, а то і ўтрая – грошы ж не мае, а бюджэтныя! Затое клопату амаль ніякага – толькі сачыць, каб усё было зроблена ў тэрмін і як след. А ў раённай бальніцы практычна ўсё рабілася ўласнымі сіламі. І галоўны ўрач без адрыву ад асноўнай работы даставаў будаўнічыя матэрыялы, шукаючы лепшыя і дзешавейшыя, дамаўляўся з будаўнікамі, складаў дызайнерскія праекты... Калі б экстэрнам можна было здаць экзамены за інжынера-будаўніка ці архітэктара, упэўнена, што Тачоны даўно б меў гэтыя дыпломы.
...Густу
Зрэшты, гэтаму можна вучыцца ўсё жыццё – але нельга навучыцца. Для мяне пэўным адкрыццём была навіна, што мэбля ва ўсіх адрамантаваных аддзяленнях зроблена па індывідуальных праектах Тачонага. Ды і для новай бальніцы ён ужо намаляваў, што хоча і што трэба. Тое, што тэрыторыя нашай раённай бальніцы сёння нагадвае дагледжаны англійскі парк, адзначалі многія. І гэта таксама – ідэі галоўнага ўрача і ўвасабленне іх пад яго непасрэдным кіраўніцтвам.
...Здароваму сэнсу, уменню адстойваць сваю пазіцыю
Думаю, многім знаёмая сітуацыя, калі нейкая інструкцыя, загад, распараджэнне ідуць у разрэз са звычайнай логікай. Тачоны не пабаіцца высокіх кабінетаў і вялікіх чыноў, каб даказаць, што рабіць трэба так, як трэба, а не так, як нехта прыдумаў…
...Уменню бачыць перспектыву і працаваць дзеля яе набліжэння
Здавалася б, ну што яму за клопат – новая бальніца? У яго ўжо ёсць усё, аб чым многія могуць толькі марыць, яго імя – гэта пэўны імідж, аўтарытэт, калі хочаце – брэнд у медыцыне: паспрабуйце задаць яго ў пошукавай сістэме ў інтэрнэце – і ўбачыце, колькі ссылак вам выкіне “дзядзька гугл”. Сёння Тачоны – гэта аўтарытэт, імя, пашана, павага, дасягненні. Здавалася б, можна спакойна спачываць “на лаўрах” і не “рваць сэрца” з-за таго, якую і калі пабудуюць бальніцу, якім абсталяваннем яе аснасцяць, хто там будзе працаваць. Ды не – яму па-ранейшаму да ўсяго ёсць справа…
...Захапленню кветкамі
Калі трапляеш да галоўнага ўрача, не можаш не звярнуць увагу, што яго кабінет нагадвае аранжарэю. І калі Валянцін Ігнатавіч пачынае захоплена расказваць пра дзясяткі сартоў лілей, ірысаў, руж, што цвітуць на яго дачным участку, паказваць спецыяльныя часопісы, дзе пазначана, што заказана, што ўжо расце, пра што ён пакуль толькі марыць (вядома ж, з абавязковым напамінаннем: “Гэта не для друку!”), міжволі становіцца сорамна: я ж жанчына – а не ведаю і не ўмею і трэцяй часткі таго, пра што так захоплена расказвае, і галоўнае – што ўласнаручна вырошчвае Валянцін Ігнатавіч. У такія моманты даю сабе слова абавязкова вывучыць усе гэтыя цяжкавымаўляльныя назвы кветак і раслін, зрабіць рэвізію ў сваім чэзлым “палісадніку” на падваконні і навесці там нарэшце парадак…
Вось ужо больш як дваццаць гадоў я здаля назіраю за тым, як працуе, наладжвае адносіны з людзьмі, вырашае праблемныя пытанні, дасягае поспехаў і перамог галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны – і спрабую вучыцца ў яго. Думаю, што не грэх гэта было б зрабіць многім – дзеля гэтага без дазволу свайго героя я і пішу гэты артыкул, своеасаблівы “майстар-клас” аўтарытэтнага і паспяховага кіраўніка. Пераймайце вопыт!
І гэта ўсё – аб ім…
Яўгеній Іванавіч Еўчыц, былы галоўны ўрач Ашмянскай раённай бальніцы:
– Я працаваў у Астраўцы намеснікам галоўнага ўрача, калі да нас прыехаў малады ўрач-фтызіятр Валянцін Тачоны. У ім адразу адчувалася нейкая грунтоўнасць, гаспадарлівасць. Калі ўзніклі праблемы з кіраўніцтвам туберкулёзнай бальніцы, Ражко паставіў на чале яе маладога доктара. І не прагадаў.
Хаця Валянцін быў маладзейшы за мяне, мы хутка пасябравалі. А пазней, калі мяне перавялі ў Ашмяны, а ён заняў маю пасаду, а пасля і ўзначаліў Астравецкую раённую бальніцу, мы, як калегі, сталі яшчэ больш блізкімі. Я рады, што наша сяброўства цягнецца шмат гадоў і вытрымала не адно выпрабаванне – што называецца, і агнём, і вадой, і меднымі трубамі. Валянцін Ігнатавіч – вельмі прыстойны чалавек, не было выпадку, каб ён некага падвёў.
Мы заўсёды працавалі ў цеснай супольнасці: спецыялістаў не хапае, з абсталяваннем напружаная сітуацыя – не аднойчы выручалі адзін аднаго. І я заўсёды шчыра радуюся яго поспехам. Часам нават не разумеў: як яму гэта ўдаецца? Памятаю, 90-я гады, нідзе нічога няма, навокал абвал, разруха – а Тачоны ўмудраецца нейкія рамонты рабіць. Прыеду – заўсёды правядзе па аддзяленнях, пакажа, што ўдалося зрабіць. Я не магу зразумець: як, за кошт чаго, якімі сіламі? Такі вось ён – гаспадарнік, адміністратар, кіраўнік ад Бога. Мець такога сябра, скажу я вам, – вялікае шчасце!
Аляксандр Ільіч Павалоцкі, урач-хірург:
– Мы з Валянцінам Ігнатавічам Тачоным знаёмы з 1967 года, з першага курса медыцынскага інстытута. Праўда, падчас вучобы асаблівымі сябрамі не з’яўляліся – вучыліся на розных патоках. А ўжо потым, калі я прыехаў па размеркаванні ў Астравец і спаткаў тут Тачонага, быў прыемна здзіўлены: у незнаёмым горадзе сустрэць проста знаёмага – вялікая ўдача, а тут – аднакурснік!
Так усё жыццё мы і працавалі побач – на розных пасадах. Пэўны час, гадоў сем, я нават быў яго першым намеснікам, затым стаў загадчыкам хірургічнага аддзялення.
У Валянціна Ігнатавіча вялізны стаж кіраўніка. І трэба аддаць яму належнае: ён зрабіў многае. Тое, як сёння выглядае наша бальніца і як яна аснашчана, – гэта заслуга ў першую чаргу галоўнага ўрача.
У адносінах з людзьмі ён – не дабрачок, з якім можна запанібрацкі паводзіць сябе. Кіраўнік ён дастаткова строгі і пры тым рэальна ацэньваючы патэнцыял і здольнасці тых, хто працуе побач. На мой погляд, самае станоўчая яго якасць – ён не злапамятны. З ім можна паспрачацца, нават вельмі востра – а праз паўгадзіны размаўляць, нібы нічога не было, і быць упэўненым: помсціць не стане.
Андрэй Паўлюкевіч, урач-уролаг:
– Шчыра кажучы, калі я па размеркаванні ў 2010 годзе прыехаў у Астравец, марыў аб адным: хутчэй адпрацаваць належны тэрмін і з’ехаць у Гродна – я вельмі люблю гэты горад і ўсё жыццё хацеў там жыць і працаваць. А вось так сталася, што застаўся… І рашаючую ролю ў гэтым адыграў, вядома ж, Валянцін Ігнатавіч Тачоны. Ён умее зацікавіць людзей, арганізаваць іх, заахвоціць. Калі ў цябе ёсць праца, зарплата, жыллё, магчымасць вучыцца, павышаць свой прафесійны ўзровень – міжволі задумаешся, ці варта ехаць некуды і шукаць ад дабра – дабра?
Зараз я паступіў у клінічную ардынатуру на ўралогію – трэба адзначыць, што Валянцін Ігнатавіч заўсёды вітае і заахвочвае жаданне вучыцца. У некаторых маіх калег з іншых раёнаў нават на звычайныя курсы павышэння кваліфікацыі паехаць – праблема, а ў нашай бальніцы заўсёды знаходзяць магчымасць і сродкі накіраваць на вучобу – гэта ж для агульнай карысці!
Галіна Міхайлаўна Казачэнка, сястра-гаспадыня кардыялагічнага аддзялення:
– У бальніцы я працую ўжо больш за дваццаць гадоў – з таго часу, як мы пераехалі з Хойнікаў у Астравец. Спачатку – раздатчыцай у кардыялагічным аддзяленні, затым – сястрой-гаспадыняй. І хачу сказаць, што ў кабінет да нашага галоўнага ўрача можа зайсці кожны супрацоўнік, няважна, урач гэта ці малодшы медыцынскі персанал. Я часта да яго звярталася – і з рабочымі пытаннямі, і з асабістымі. І заўсёды ён уважліва выслухае і практычна заўсёды – дапаможа. Шмат у чым мне Валянцін Ігнатавіч у жыцці дапамог, што там гаварыць.
А колькі мы рамонтаў у аддзяленні перарабілі! Я па натуры чалавек такі: мне трэба, каб на маім рабочым месцы быў парадак. І галоўны ўрач мяне ў гэтым заўсёды падтрымліваў… Не лічыў ганебным падысці, параіцца, спытаць маё меркаванне. У нас з ім неяк заўсёды думкі супадалі, што і як трэба зрабіць. Часам я і прамаўчу: чаго, думаю, буду лезці са сваімі “пяццю капейкамі”, а Валянцін Ігнатавіч праз нейкі час агучыць маю ідэю… Ну а я затым раблю – гэта ж маё месца працы, маё аддзяленне, мая бальніца…
--------------------
Ніна РЫБІК.
