Чем живёт и как работает Островецкий район газоснабжения
Іх штодзённая, карпатлівая, старанная праца тысячамі метраў газаправодаў расцякаецца па Астраўцы і раёне і нясе ў дамы цяпло і ўтульнасць. За кожным падключаным аб’ектам, прывезеным балонам, ліквідацыяй няспраўнасці ў рабоце газазабеспячэння стаяць дзясяткі прозвішчаў людзей, якіх у народзе называюць скарочана і проста – газавікі. У першую нядзелю верасня яны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Чым жыве і як працуе газазабеспячэнне раёна, мы пацікавіліся ў начальніка Астравецкага раёна газазабеспячэння Смаргонскага вытворчага ўпраўлення “Смаргоньгаз” Марыі Нікадзімаўны Ігнатовіч.
– Больш чым год назад вытворчае ўпраўленне “Астравецрайгаз” стала структурным падраздзяленнем вытворчага ўпраўлення “Смаргоньгаз”. Як гэта паўплывала на вашу работу?
– Канешне, у сувязі з гэтым узніклі некаторыя нюансы: раней мы напрамую падпарадкоўваліся Гродна, зараз спачатку ўсё трэба ўзгадняць з кіраўніцтвам у Смаргоні. У выніку для вырашэння важных пытанняў можа быць затрачаны лішні час – а гэта ў нашай рабоце мінус. У астатнім, як і раней, стараемся добрасумленна і якасна выконваць сваю асноўную задачу: бяспечнае і безаварыйнае газазабеспячэнне астраўчан і жыхароў раёна.
– Як праходзіць газіфікацыя ў горадзе і на раёне?
– За сем месяцаў гэтага года газіфікавана і пераведзена на прыродны газ дзякуючы раней пракладзеным вулічным газаправодам 45 кватэр. Наша падраздзяленне займаецца падрыхтоўкай усіх зыходных дадзеных праектнай дакументацыі і заключэннем дагавораў на выкананне будаўніча-мантажных работ з падрадчыкам – ім выступае “Лідагазбуд”. Зараз у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №368 вядзецца праектаванне аб’ектаў па газіфікацыі вуліц Савецкай, Новай, Валадарскага ў Астраўцы, вёсак Вавяраны і Ліпкі, аграгарадка Варона, вуліцы Лугавой у пасёлку Гудагай.
Акрамя гэтага выконваем работы не толькі бытавога, але і прамысловага прызначэння: пададзены газ да ваеннага гарадка вайсковай часці №7434 унутраных войск МУС па ахове Беларускай АЭС для работы кацельнай. І ўжо запушчаны ў работу ШРП (шафавы рэгулятарны пункт).
– І ўсё ж у большасці вёсак раёна жыхары па-ранейшаму карыстаюцца звадкаваным газам...– Так, у населеныя пункты, куды пакуль не “дайшоў” газаправод, нашы работнікі дастаўляюць звадкаваны газ у балонах. Акрамя гэтага, вядзецца пастаянная праверка па існуючых аб’ектах газіфікацыі, рэгулярна праводзіцца іх тэхнічнае абслу-гоўванне, замена сапсаванага ці маральна састарэлага абсталявання. Праводзіцца праверка газавых пліт – у адпаведнасці з патрабаваннямі яны не павінна працаваць больш чым 20 гадоў. Некаторыя жыхары незадаволены такім рашэннем. Аднак яны павінны разумець, што такія нормы ўстанаўліваюцца ў першую чаргу для бяспекі людзей. Састарэлая пліта можа ўяўляць небяспеку, таму варта яе замяніць, каб не было бяды. Гэта наш, работнікаў газавай сферы, святы абавязак. Перафразуючы вядомы выраз можна сказаць, што мы ў адказе за тых, каму газ падключылі.
– За кожным прывезеным балонам, замененым абсталяваннем, заключаным дагаворам стаяць людзі. Каго вызначыце сярод сваіх супрацоўнікаў?
– Калектыў у нас дружны, добрасумленны і зладжаны. Побач працуюць і дапамагаюць адзін аднаму старажылы і маладыя спецыялісты. Дарэчы, у аглядзе-конкурсе гатоўнасці, падрыхтаванасці, тэарэтычных і практычных навыках сярод аварыйных службаў вобласці наша брыгада ў складзе майстра С.А. Горбаля, слесара В.А. Ігнатовіча і вадзіцеля А.А. Ігнатовіча заняла другое месца – гэта найлепшае пацвярджэнне вопыту і прафесіяналізму.
– Традыцыйнае віншаванне з нагоды прафесійнага свята...
– Шчыра віншую з надыходзячым святам сваіх калег, а таксама нашых ветэранаў, якія прысвяцілі газавай галіне шмат гадоў стараннай працы. Здароўя ўсім, дабрабыту, гармоніі ў сем’ях, міру і дабра. А таксама безаварыйнай і спакойнай працы.
Марына МАЦКЕВІЧ.
