Цену человеческой жизни знают в Кемелишковской амбулатории
2
Аматаркай серыялаў я ніколі не з'яўлялася. Аднак у апошні час у кінаіндустрыі сталі папулярныя серыялы пра дактароў: “Хуткая дапамога”, “Доктар Хаус”, “Скліфасоўскі”, “Земскі доктар”… – іх люблю. Можа, гэта ўсё ж такі покліч медыцынскай прафесіі? Некалі і я гуляла ў “бальніцу”, толькі ажыццявіць бабуліну мару стаць урачом, так і не змагла.Скажаце, “кіношная” і рэальная бальніца вельмі адрозніваюцца?.. І куды нашым урачам да Клуні-Хаўса, ці Аверына-Брагіна, якія ратуюць жыцці, часам забываючыся пра сябе і не думаючы пра тое, што іх штодзённая работа мяжуе з гераізмам?
Не пагаджуся. І ў нас ратуюць пры нажавых раненнях, дапамагаюць пры прыступах бранхіяльнай астмы, прымаюць роды ў дарозе… Пералічваць можна доўга.
Пра Кямелішкаўскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі чуць даводзілася не раз. А нядаўна даведалася, што калектыў амбулаторыі быў узнагароджаны Дыпломам Міністэрства аховы здароўя за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе-аглядзе якасці і культуры абслугоўвання насельніцтва за мінулы год. Гэтая падзея, а таксама надыходзячае свята медыцынскіх работнікаў і сталі падставай, каб пазнаёміцца з людзьмі, якія тут працуюць.
Новы двухпавярховы будынак з прасторнымі палатамі і кабінетамі Кямелішкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі быў адкрыты ў 1987 годзе.– Наша амбулаторыя самая аддаленая ад Астраўца – і ўчастак таксама моцна раскіданы, да самага далёкага населенага пункта – 28 кіламетраў, – расказвае загадчыца амбулаторыі Валянціна Францаўна Пятроўская. – На ўчастку пражывае 2008 чалавек – і да кожнага з іх трэба знайсці падыход, кожнаму дапамагчы ў нялёгкай жыццёвай сітуацыі.
Валянціна Францаўна за 23 гады працы ў Кямелішках ужо даўно стала тут сваёй.
Шмат гадоў назад малады ўрач з трохгадовым стажам работы ў адной з вёсачак Магілёўскай вобласці разам з сям’ёй пераехала ў Кямелішкі.
– Мне заўсёды хацелася жыць і працаваць бліжэй да бацькоўскага дома – родам я з Маладзечна, – усміхаецца Валянціна Францаўна. – І калі аднойчы ў газеце ўбачыла аб’яву, што на Астравеччыне патрэбен урач-педыятр, маёй радасці не было канца. Мяне нават не спалохала, што нас адправілі ў Кямелішкі. А сёння я ўявіць не магу лепшага месца. Мне падабаецца, што я бачу вынік сваёй працы. Дзеці, якіх я некалі лячыла, сёння ўжо маюць сваіх дзяцей. Выходзіць, што я – іх сямейны доктар.
З 1986 года працуе ў медыцыне і медыцынская сястра фізкабінета Аліна Уладзіславаўна Алёхна. Пачынала яна яшчэ ў старой бальніцы, потым была палатнай медсястрой у новай, а калі закрылі стацыянарнае аддзяленне – перайша ў фізкабінет.– Парафінатэрапія, цеплавыя, светавыя і электрапрацэдуры, – усё гэта можна атрымаць у нашым фізкабінеце, – паказвае сваю гаспадарку Аліна Уладзіславаўна. – І пацыенты ёсць. Зімой – больш, летам, улічваючы, што жывём мы ў сельскай мясцовасці – менш.
– Канешне, вельмі добра, што не трэба ехаць у Астравец, каб зрабіць фізіяпрацэдуры, – далучаецца да нашай размовы адзін з пацыентаў. – І ўвогуле ў нашу амбулаторыю прыемна звярнуцца не толькі за лячэннем, а нават проста зайсці і павітацца.
– А мне неабходна прайсці медыцынскую камісію. Вельмі зручна, – гаворыць працаўнік “Гроднапрамбуд-Атам” Яўген Наневіч. – Прыйшоў, здаў аналізы, атрымаў выпіску – і едзь у Астравец праходзь неабходных урачоў. Не трэба стаяць у лішніх чэргах.
А бяруць кроў на аналіз клапатлівыя рукі Ганны Рыгораўны Грунт, якая ў медыцыне ўжо 24 гады.
Маленькая Аня ніколі не хварэла, аднак з дзяцінства марыла быць медыкам.
– Мне вельмі падабалася наша фельчар Станіслава Іосіфаўна Хаткевіч, якая рабіла нам, малым, прышчэпкі, – расказвае Ганна Рыгораўна. – Хацелася быць падобнай на яе – і мая мара ажыццявілася. Пра што я, дарэчы, ні разу не пашкадавала.
Анастасія Міхайлаўна Рабкоўская ў Кямелішкаўскай амбулаторыі – старажыл: 34 гады свайго жыцця прысвяціла жанчына хворым.
– Я не магу ўявіць жыцця без сваёй працы, – гаворыць Анастасія Міхайлаўна. – І не разумею, як я буду жыць без маёй амбулаторыі, калі давядзецца ісці на пенсію. Раней марыла, каб дочкі выбралі медыцынскую сцежку, але ў іх такога жадання не было. Вельмі радуюся, калі да нас прыязджаюць працаваць маладыя ўрачы – ды толькі шкада, што не хоча моладзь на вёсцы заставацца. Адпрацуюць два гады – і ўцякаюць у гарады. Што ж, маладым хочацца перспектывы, росту.
– Анастасія Міхайлаўна стала першай медсястрой у маёй самастойнай працоўнай дзейнасці. І лепшага спецыяліста я не ўяўляю, – з удзячнасцю гаворыць урач агульнай практыкі Аляксандр Аляксандравіч Капачэль. – Яна ведае ўсіх нашых пацыентаў і іх дыягназы па памяці, і нам, маладым, дапамагае і словам, і справай.
“Цудоўна – 120 на 70”, – заканчвае агляд пацыента малады ўрач агульнай практыкі Аляксандр Аляксандравіч Капачэль, які ў Кямелішкаўскай амбулаторыі працуе два гады – прыехаў сюды на адпрацоўку. Хлопец з дзяцінства захапляўся хіміяй і біялогіяй. А калі ў школе пачаўся раздзел “Чалавек”, Аляксандр зразумеў, што хоча быць медыкам.
– Усе лічаць, што ў медуніверсітэт паступіць цяжка, – разважае Аляксандр Аляксандравіч. – Аднак тыя, хто туды імкнецца, павінны ведаць, што нашмат цяжэй вучыцца там, асабліва першыя тры гады.
Падчас вучобы Аляксандр працаваў фельчарам на “хуткай дапамозе”. Гэта было і падспор’ем да студэнцкай стыпендыі, і першым урачэбным вопытам. Тут жа ён знайшоў сваю другую палавінку – жонку Вікторыю. І ў Кямелішкі па размеркаванні Аляксандр прыехаў ужо з жонкай і сынам Аляксеем.
– Я – гарадскі, вырас у Лідзе. І ніякіх адносін з вёскай не меў. І спачатку было непрывычна, – усміхаецца Аляксандр Аляксандравіч. – Прайшло два гады – і зараз я разумею, што мне падабаецца жыць у вёсцы: жыццё тут спакойнае і размеранае, ды і людзі больш добрыя. Не хапае бадай што толькі інфраструктуры.
Літаральна на днях Аляксандр вяртаецца на сваю радзіму, у Ліду. А на яго месца ў амбулаторыю прыедзе новы малады спецыяліст, які, як спадзяюцца ўсе вяскоўцы, стане для жыхароў Кямелішак і навакольных вёсак сямейным доктарам.
– Вельмі шкада развітвацца з Аляксандрам Аляксандравічам, – гаворыць загадчыца амбулаторыі Валянціна Францаўна Пятроўская. – Добры ўрач, апантаны спецыяліст. Яго ніколі не трэба было прасіць з’ездзіць на выклік: садзіўся на веласіпед і ехаў да пацыентаў, бо яму важна дапамагчы чалавеку.
Дваццаць сем гадоў працуе ў амбулаторыі акушэрка Ірына Станіславаўна Емельян, якая пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча прыехала ў Кямелішкі па размеркаванні, ды так і засталася – са сваім будучым мужам яна якраз і пазнаёмілася, дзякуючы прафесійнай дзейнасці. А зараз муж Ірыны Станіслаў Іосіфавіч працуе тут вадзіцелем медыцынскай дапамогі.
– Сёння ў нашай амбулаторыі працуе 14 чалавек: 2 урачы, 6 медыцынскіх сясцёр, акушэрка, санітаркі, тэхперсанал, – расказвае загадчыца амбулаторыі. – У нас вельмі дружны калектыў. Мы – як адна сям’я. Усе дапамагаюць адзін аднаму, пры неабходнасці могуць падмяніць. А галоўнае – усе ведаюць кошт чалавечага жыцця. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе да нас прыедзе ўрач-стаматолаг – прынамсі, ужо абсталяваны кабінет, а жыхары Кямелішак і навакольных вёсак чакаюць яго не першы год.
Не раз даводзілася працаўнікам Кямелішкаўскай амбулаторыі ў экстрэмальных умовах ратаваць чалавечыя жыцці.
– Аднойчы нават роды прымалі ў машыне, – расказвае акушэрка Ірына Станіславаўна Емельян. – Зімовы лютаўскі вечар, мы разумеем, што не паспеем давезці пацыентку ў Астравец… Словам, нарадзілася дзяўчынка.
– Падаспела “хуткая дапамога” з Астраўца – і ўсё закончылася добра, – працягвае Валянціна Францаўна. – Сёння наша дзяўчынка ўжо вучыцца ў пачатковай школе. Быў падобны экстрэмальны вопыт і ў практыцы нашага маладога ўрача Аляксандра Аляксандравіча Капачэля: тады ў пацыента здарыўся прыступ бранхіяльнай астмы. Наш малады ўрач адразу ж распазнаў, што здарылася, паставіў дыягназ – і выратаваў жыццё чалавека, хаця ўсё вырашалі лічаныя хвіліны.
– Гэтага пацыента я ніколі не забуду, – далучаецца да нашай размовы Аляксандр Аляксандравіч. – Не толькі я, але і медсёстры хутка сарыентаваліся – гэта і дапамагло ўратаваць жыццё.
Хаця, на жаль, у жыцці экстрэмальныя сітуацыі не заўсёды маюць шчаслівы фінал, у адрозненне ад серыялаў. У Кямелішкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ведаюць кошт чалавечага жыцця – і ён дакладна вымяраецца не ў заработнай плаце, а ў адданасці выбранай прафесіі і вернасці клятве Гіпакрата.--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.


