Целуйте мамам руки
Па добрай традыцыі Дзень маці, які адзначаецца ў нашай краіне 14 кастрычніка, спакваля перацёк у тыднёвае свята. Завяршальным яго акордам стала мерапрыемства, арганізаванае супрацоўнікамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для шаноўных жанчын, якія за сваё жыццё паспелі зрабіць вельмі шмат – і на працы як прафесіяналы вызначыліся, і дома – як жонкі, мамы, а з часам і бабулі. За сталом з духмянай гарбатай і хатнімі пірагамі, пячэннем ды іншымі дэсертамі сабраліся такія прыгожыя жанчыны!Вясёлы тон імпрэзе задала псіхолаг цэнтра Вольга Клімчэня: спачатку спытала кожную госцю, што асацыіруецца ў яе са словам “радасць”, потым правяла дзве энергічныя гульні – падзарадзіла пазітывам. І жанчыны адразу адчулі сябе нібыта дома. Святлана Мешкіс успомніла і праспявала кранальную і пяшчотную песню пра маму.
У такім прыўзнята-расчуленым настроі прысутныя сустрэлі чаканага шаноўнага госця – настаяцеля праваслаўнага храма святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэя Георгія Савіцкага. Бацюшка гаварыў аб ролі і значэнні маці ў сям’і, якая стварае сардэчную атмасферу ў доме. Калі дзеці з першых дзён жыцця адчуваюць маміну і татаву любоў, яны навучацца любіць брацікаў і сястрычак, а ў будучым – сваіх дзяцей. Айцец Георгій папрасіў матуль бласлаўляць сваіх дзетак, выпраўляючы ў далёкую і блізкую дарогу – у школу, універсітэт, экскурсійную паездку ці нават проста пагуляць на вуліцу: перахрысціць у імя Айца і Сына і Святога Духа, сказаць словы любові. Матчына блаславенне мае вялікую сілу.
А вось мацерныя словы, якія, на вялікі жаль, сталі звыклай з’явай у многіх сучасных сем’ях, нясуць у сабе разбуральны зарад, знявагу да самага дарагога чалавека – матулі. “Пазбягайце гэтых брудных слоў і выразаў. Няхай у вашых сем’ях усталююцца мір, узаемная павага і любоў”, – пажадаў на развітанне бацюшка.
А свята пацякло далей. З вершамі ды загадкамі, песнямі ў выкананні спевака і кампазітара Аляксандра Альховіка і супрацоўніцы цэнтра Святланы Куцько, з полечкай і вальсам, што так молада станьчылі жанчыны. І – з падарункамі на добрую згадку…----------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.
