Брендом системы образования области стал Островецкий центр творчества детей и молодежи
Перамогу ў абласным аглядзе-конкурсе ўстаноў адукацыі за права з’яўляцца Брэндам сістэмы адукацыі вобласці атрымаў Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.Абласны агляд-конкурс устаноў адукацыі праводзіўся ў другі раз – пачатак яму быў пакладзены ў 2011 годзе. Тады Астравецкі цэнтр творчасці стаў другім. А да гэтага ён быў прызнаны трэцім у абласным конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі. Значыць, усё заканамерна. Але… Сёлета ўмовы конкурсу, у адрозненне ад мінулых гадоў, былі больш складаныя: выбіраўся толькі адзін пераможца ў кожнай намінацыі.
Удзел ва ўсемагчымых конкурсах рознага ўзроўню і перамогі ў іх вось ужо некалькі гадоў – прэрагатыва Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Толькі за мінулы год педагогі і выхаванцы цэнтра атрымалі 68 прызавых месцаў у розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах – а гэта ў два разы больш у параўнанні з мінулым годам. Дзевяць дыпломаў і грамат былі атрыманы на міжнародных конкурсах –пагадзіцеся, значныя дасягненні!
Імёны Дзіяны Гейба, Наталлі Арлоўскай, Кацярыны Дыско, Лізы Дрэма, Арыны Букель, Дзіяны Мілаш, Анжалікі Гурштын, Расціслава Гудойця, Дзмітрыя Буйко, калектыву “Эдэльвейс” і многіх-многіх іншых – пералічыць усіх проста немагчыма – вядомы не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Іх вырабы, творчыя і музычныя здольнасці не раз пакаралі членаў абласнога і рэспубліканскага журы – і дзеці па праву атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды.
Усё гэта адбывалася дзякуючы таму, што яны з задавальненнем наведвалі заняткі гурткоў Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якімі сёння ахоплена амаль палова вучняў з усяго раёна.
Зразумела, што вялікі ўклад ва ўсе перамогі і дасягненні вучняў унеслі педагогі. Сёння ў Астравецкім цэнтры творчасці на чале дырэктарам Наталляй Уладзіміраўнай Сянюць працуюць восем асноўных педагагічных работнікаў – намеснікі дырэктара Вераніка Мар’янаўна Малышка і Рыта Эдмонтаўна Дрэма, метадыст па турызму і краязнаўству Вольга Валянцінаўна Сідлярэвіч, метадыст па рабоце гурткоў Вольга Валянцінаўна Сцефановіч і педагогі дадатковай адукацыі Аляксандра Мікалаеўна Букель, якая вучыць дзяцей ствараць непаўторныя малюнкі. Наталля Вацлаваўна Рынковіч, без яе цудоўных работ з бісеру і самаробных лялек немагчыма ўявіць ні адну выставу. Заўзяты аматар футболу Андрэй Казіміравіч Страцэўскі і народны майстар саломапляцення Валянціна Вільеўна Віннічак.
Астатнія педагогі працуюць у цэнтры па сумяшчальніцтву, але тым не менш таксама прынеслі цэнтру некалькі прызавых месцаў.
Мінулы год быў багатым і на калектыўныя перамогі – Астравецкі цэнтр творчасці заняў ІІІ месца ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні “Квітней, мой край”, стаў лепшым у абласным конкурсе па рэалізацыі праграмы “Супрацоўніцтва”, а сайт установы прызнаны ўзорным.
І зразумела, што ўсё гэта паспрыяла таму, што цэнтр быў прызнаны Брэндам года сярод устаноў адукацыі. Цалкам заслужаная ўзнагарода!
Конкурс быў аб’яўлены ў пачатку мая – якраз заканчэнне навучальнага года, калі змяніць сітуацыю ўжо амаль нельга. Але таму і перама гаюць самыя працавітыя і актыўныя, што працуюць яны на працягу года, а не ў апошні месяц. Так атрымалася і з Астравецкім цэнтрам творчасці.
– У нашым цэнтры працуюць сапраўдныя прафесіяналы, кожны з іх – лепшы ў сваім накірунку, – расказвае дырэктар цэнтра Наталля Уладзіміраўна Сянюць. – Але гэта не азначае, што педагог “варыцца” толькі ў сваім гуртку. Усе мы працуем разам дзеля агульнай мэты – дапамагчы дзецям раскрыць свае здольнасці. Часам можна пачуць, што галоўнае ў жыцці – матэрыяльныя каштоўнасці. Але памыляюцца тыя, хто так разважае. Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што ўсе, хто працуе ў цэнтры творчасці, – а гэта людзі рознага ўзросту і прафесій – займаюцца з дзецьмі па закліку душы, яны гатовы аддаваць сябе і сваю творчасць выхаванцам, навучыць іх усяму, што ўмеюць самі, абудзіць у кожным дзіцяці іскрынку таленту.
Прыходзяць на працу ў цэнтр і маладыя спецыялісты – у іх ёсць на каго раўняцца, і праца для кожнага ў радасць.
Кажуць, што адзін у полі не воін. Менавіта па гэтым прынцыпе і жывуць педагогі і адміністрацыя цэнтра. І таму шматлікія конкурсы рознага ўзроўню, добраўпарадкаванне кабінетаў і тэрыторыі цэнтра яны рыхтуюць і робяць сумеснымі намаганнямі. Сёння звычайнымі радавымі работамі абласное, а тым больш рэспубліканскае журы не здзівіш, і педагогі штораз выдумваюць нешта незвычайнае і абавязкова аўтарскае, таму іх работы атрымліваюцца жывымі і прыгожымі.
Але не толькі конкурсамі жывуць педагогі і выхаванцы цэнтра творчасці. Яны робяць усё, каб зацікавіць дзяцей справамі. Штогод у цэнтры адкрываюцца новыя гурткі, якія адразу ж знаходзяць аматараў. Толькі ў мінулым годзе тут пачалі працаваць 19 новых гурткоў – “Школа ранняга развіцця”, “Камп’ютарная графіка”, “Займальная інфарматыка”, “Тэатральны”, “Юны карэспандэнт”, “Турысцка-краязнаўчы” і шэраг іншых.
Шмат гадоў па ініцыятыве цэнтра творчасці і пры падтрымцы аддзела адукацыі ў раёне працуе летнік піянерскага актыву і вучнёўскага самакіравання “Вясёлка”, які размяшчаецца на базе Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання. А ў мінулым годзе па выніках абласнога конкурсу “Лета-2012” рымдзюнская “Вясёлка” была прызнана лепшым летнікам вобласці – дзякуючы адміністрацыі, педагогам і, канешне ж, таленавітым дзецям, якія тут адпачывалі.
Педагогі цэнтра творчасці працуюць і летам, яны пастаянна наведваюць прышкольныя пляцоўкі і стацыянарныя летнікі і дзеляцца сваім майстэрствам са школьнікамі з розных куткоў раёна, займаюцца добраўпарадкаваннем цэнтра і падрыхтоўкай выставачных работ.
І толькі дзякуючы штодзённай працы і стараннасці дасягаюць перамог!
________________
Алена ЯРАШЭВІЧ.
