Благотворительный концерт "Живи!" не оставил равнодушными людей, собравшихся в киноконцертном зале "Островец"

Сёлетні дабрачынны канцэрт “Жыві”, які традыцыйна штогод праводзяць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, быў прысвечаны маладым людзям, якія страцілі рухальную актыўнасць падчас аварый і ў выніку няшчасных выпадкаў. Менавіта яны, маладыя і прыгожыя, якія па волі лёсу апынуліся ў інвалідных калясках, сталі галоўнымі героямі і непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства, якое прайшло 6 снежня ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.

Многія лічаць, што людзі ў інваліднай калясцы ізаляваныя і жывуць у самастойна створаным свеце – чатырох сценах уласнай кватэры або дома. Аднак, як пацвярджае жыццё, такое меркаванне з’яўляецца стэрэатыпным. Яны, як і большасць здаровых людзей, ствараюць сем’і, сябруюць, займаюцца творчасцю, радуюцца кожнаму дню і ўсміхаюцца – адным словам, не падаюць духам і вядуць актыўны лад жыцця. Менавіта пагэтаму маладыя людзі-калясачнікі са Смаргоні ў гэты дзень прыехалі падтрымаць сваіх астравецкіх сяброў.
На працягу цэлага месяца кожны жыхар нашага раёна таксама мог падтрымаць гэтых людзей: ахвяраваць грошы або набыць квіток на дабрачынны канцэрт. Дзякуючы рэалізацыі адных толькі білетаў, удалося сабраць больш чым 7 мільёнаў рублёў, а пералічэнні ад арганізацый і ўстаноў склалі 7 мільёнаў 900 тысяч рублёў. Практычна ўсе прад- прыемствы і арганізацыі Астравеччыны прынялі актыўны ўдзел у добрай справе, а найбольшую грашовую дапамогу аказалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму, СВК “Гервяты”, Астравецкі філіял Гродзенскага райспажыўтаварыства і настаяцель царквы астравецкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі.
Індывідуальны прадпрымальнік Аляксей Багдзюн арганізаваў не проста святочны абед для людзей, перасоўванне якіх абмежавана двухколавай каляскай, а сустрэчу сяброў, якім нячаста выпадае бачыцца.
Не засталіся ўбаку Дом рамёстваў і тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва. Так, кожны жадаючы мог набыць у фае кінаканцэртнай залы “Астравец” вырабы з саломкі і дрэва, навагоднія падарункі, ад рэалізацыі якіх народныя майстры сабралі 1 мільён рублёў. А пахучае рознакаляровае мыла ручной работы, марскую соль, пацеркі і бранзалеты з бісеру, зробленыя наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, прэзентаваў Дзмітрый Віннічак, які шчыра распавядаў пакупнікам пра гісторыю стварэння кожнай рэчы, што дазволіла сабраць 600 тысяч рублёў.
Людзі прыходзілі за паўгадзіны да пачатку дабрачыннага канцэрта. Многія з іх клалі мяккія цацкі ў скрынку або ахвяроўвалі пасільныя сумы і тым самым прымалі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Падары дзіцяці цуд !”. Сабраныя падчас акцыі сродкі (1 мільён рублёў) будуць накіраваны сем’ям, у якіх выхоўваюцца анкалагічна хворыя дзеткі, і выхаванцам карэкцыйнага цэнтра.
У гэты дзень вольных месцаў у кінаканцэртнай зале не было. І вось, калі ўсе месцы былі занятыя, святло згасла. І на вялікім экране мяняліся адзін за адным кадры з юначага жыцця, напоўненага максімалізмам, якое ў адно імгненне мяняе пешаходны пераход. Зняць навушнікі ў прамым і пераносным сэнсе, звярнуць увагу на чужыя патрэбы часам можа прымусіць толькі ўласная бяда або няшчасце блізкіх, якія па волі лёсу і трагічнага выпадку сталі інвалідамі. Многія з іх нарадзіліся здаровымі, атрымлівалі асалоду ад жыцця, вучыліся, глядзелі ў вочы сваім каханым, пакуль адно імгненне не перакрэсліла ўсё гэта, змяніўшы насычанае падзеямі жыццё суцэльнай лініяй, імя якой – адзінота, і пытаннем: “Як жыць далей?” Святлана Куцько і Руслан Юргелянец далі адказ на гэтае пытанне ў песні “Жыві”. Гэтая кампазіцыя яшчэ раз нагадала ўсім прысутным у зале, што людзі з інваліднасцю – адны з нас. І гэтую песню можна назваць своеасаблівым гімнам усіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
На сваім прыкладзе прагу да жыцця паказаў Максім Налівайка, які, нягледзячы на прыроджаную сціпласць і адсутнасць вопыту ў сцэнічных выступленнях, з дапамогай той жа Святланы пераадолеў самога сябе. Кожнае слова песні “Дыхай” пацвярджалі фотакадры з жыцця Максіма: ён глядзіць на неба і цягне рукі да яго, ён усміхаецца, а дзесьці побач падае непаслухмяны прамень сонца...
А светлая, бы сонечны прамень з Максімавай песні, Каця Харужык са Смаргоні прыцягнула ўвагу ўсёй аўдыторыі як толькі пад’язджала да сцэны. Я ўпэўнена, што позірк кожнага гледача перамясціўся са сцэны на постаць гэтай дзяўчыны, кволую, “празрыстую”, бы фарфоравая статуэтка, і прыгожую, у класічным сэнсе разумення гэтага слова... І нават інвалідная каляска ёй пасавала!
А тры ружы са снежна-белымі пялёсткамі, якія падарыў дзяўчыне яе партнёр па песні Аляксандр Харэўка, гаварылі куды больш за саму кампазіцыю “Букет з белых ружаў”... Гледачы бачылі не толькі асляпляльную ўсмешку Ка-__ цярыны, але і тое, як падскоквалі ў хваляванні яе непаслухмяныя каленкі, на якіх нібы дыхалі чысцінёй і свежасцю тры галоўкі белых ружаў...
Песня “Жураўлі”, выкананая Аляксандрам Юргелянцам і Яраславам Вянгоўскім з мультымедыйным суправаджэннем, па-філасоўску і глыбока паказала адрозненні паміж жывёльным светам і светам людзей. Жураўлі сваіх не кідаюць – у адрозненне ад нас, людзей...
Усміхнуцца ўсіх прысутных прымусілі ўдзельнікі творчага калектыву “Смайл”, якія не толькі жартавалі і танцавалі, але і паказвалі фокусы, падуласныя сапраўдным ілюзіяністам. Варта адзначыць, што не ўсе шчасліўчыкі з залы, якія перад пачаткам мерапрыемства сталі ўладальнікамі сапраўднага білета ў выглядзе “абаранка”, змаглі справіцца з непаслухмяным абручам так, як “смайлікі”.
Музычныя і танцавальныя кампазіцыі ў гэты дзень падарылі Ірына Расамацкая, Аляксандр Альховік, Анастасія Ляховіч, Анастасія Клімашэўская-Ляховіч, Вольга Бабойць, Вікторыя Сыч, Павел Букель, Ілона Жалток, Мілена Станкевіч, танцавальныя ка- лектывы “Нон-стоп” і “Астравок”, а таксама астравецкія медыкі, пераможцы рэгіянальнага конкурсу КВЗ сярод медыцынскіх устаноў. А індывідуальны прадпрымальнік з Ашмян Святлана Мікулевіч кожнаму прысутнаму, для каго і ў імя каго ў гэты дзень адбылася святочная праграма, на памяць падарыла невялікія сувеніры.
Цёплыя словы ў гэты вечар сказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Мікалаеўна Іванова. Таксама падтрымаў маладых людзей-калясачнікаў настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэй Георгій. А ксёндз Павел з астравецкага касцёла Космы і Даміяна падкрэсліў, што чалавек – асоба духоўная, таму варта памятаць пра тое, што куды страшней абмежаванасць духа, чым абмежаванасць магчымасцей. І мерапрыемства такога кшталту больш патрэбна здаровым людзям для таго, каб яны адкрылі вочы не толькі на свае патрэбы, але і на патрэбы бліжніх.
…Калі пачалася фінальная песня – гледачы ўсталі і апладзіравалі не столькі артыстам за добрую праграму і цудоўныя нумары, колькі людзям у першым радзе, якім хапае сілы духу і мужнасці, каб жыць – нягледзячы ні на што і насуперак усяму.


Алена ГАНУЛІЧ.


Дабрачынная акцыя працягнецца да 19 снежня. Кожны, хто хоча ўнесці хоць невялікі ўкладу вялікую справу, можа набыць купоны ў раённым Доме культуры або пералічыць грошы на рахунак арганізатараў канцэрта (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі) – 3632522000084 у ЦБП №417 г. Астравец ф-ла 423 ААТ «АСБ Беларусбанк» г. Смаргонь, код 504, УНП 500019134.